Чакаецца, што гэтай зімой пандэмія ўзмоцніць дэпрэсію ў людзей, якія цярпяць ад сындрому пад назвай сэзонны афэктыўнае разлад (SAD), піша амэрыканская газэта The New York Times.
Людзі з гэтым сындромам кожную восень, калі сьветлавы дзень у паўночным паўшар’і скарачаецца, пачынаюць адчуваць дэпрэсію, якая адступае вясной.
Паводле ацэнак доктара Нормана Разэнталя, псыхіятра, які ўпершыню выявіў гэты сындром ў 1980-х гадах, а затым распрацаваў эфэктыўнае лячэньне, прыкладна ў пяці працэнтаў насельніцтва — адзін чалавек з дваццаці — назіраецца поўнамаштабны сындром SAD.
Таксама доктар Разэнталь паказаў, што ў тры разы больш людзей маюць мякчэйшую вэрсію SAD, якую звычайна называюць «зімовай хандрой». Гэты стан адымае энэргію і жыцьцёвы энтузіязм.
За выключэньнем сэзоннага характару, сымптомы SAD падобныя да сымптомаў клінічнай дэпрэсіі: ўсёпранікальны смутак, празьмерная стомленасьць, цяжкасьці з канцэнтрацыяй увагі, празьмерны сон, страта цікавасьці да звычайных заняткаў, цяга да мучных і салодкіх прадуктаў, што выклікае павелічэньне вагі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У траціны пацыентаў з COVID-19 мяняецца псыхічны стан
Звычайна сымптомы SAD цалкам зьнікаюць летам, кажа прафэсар псыхалёгіі Кэлі Рохан, але «улетку 2020 года мы не назіралі поўнай рэмісіі ў нашых пацыентаў. Пры такіх вялікіх стрэсах яны выходзяць за рамкі сэзоннай мадэлі». Гэта паказвае на накладаньне стрэсу ад пандэміі на ўжо наяўныя псыхалягічныя праблемы чалавека. Таму доктар Рохан асьцерагаецца, што неспакой і стрэс, выкліканыя пандэміяй, павялічаць рызыку і цяжар зімовай дэпрэсіі для ўсіх.
Аднак доктар Разэнталь кажа, што простае разуменьне праблемы можа даць людзям плян для больш эфэктыўнага іх вырашэньня. Паводле яго слоў, найбольш карысным для людзей з SAD можа быць узьдзеяньне сонечнага сьвятла або яго штучнага эквіваленту на працягу 20-30 хвілін кожную раніцу.
Доктар Разэнталь аддае перавагу натуральнаму сонечнаму сьвятлу ў параўнаньні з камэрцыйнай сьвятлатэрапіяй.
На яго думку, вырашальнае значэньне мае спалучэньне фізычных практыкаваньняў і вулічнага асьвятленьня. Доктар лічыць, што гэта злучае людзей з навакольным асяродзьдзем — не толькі са сьвятлом, але і з птушкамі, дрэвамі, жывёламі, навакольлем — усё гэта можа дзейнічаць як проціядзьдзе ад кокану ізаляцыі.
«Не выціскай са свайго жыцьця радасьць, — рашуча кажа доктар Разэнталь. — Яна павінна быць кожны дзень. Гэта папярэдняе ўкладаньне, якое добра акупляецца».
Доктар прапануе браць урокі онлайн, навучыцца рабіць ўпрыгажэньні, маляваць або граць на музычных інструмэнтах. Таксама вельмі важна заставацца на сувязі зь людзьмі, напрыклад, прызначаць спатканьне за абедам з захаваньне сацыяльнай дыстанцыі або запрашаць адно аднаго на каву ці гарбату.
Доктарка Рохан кажа: «Цяпер як ніколі важна прымусіць сябе працягваць займацца тым, што вам падабаецца, і заставацца на сувязі зь людзьмі як мага даўжэй. Паступіць інакш — гэта верны шлях да катастрофы».
Калі асабістыя кантакты не працуюць, можна выкарыстоўваць тэлефон, каб заставацца на сувязі з блізкімі людзьмі.
Яшчэ адна каштоўная парада — усталяваць і падтрымліваць графік, робячы нешта ў больш-менш ўстаноўленым парадку кожны дзень. Трымацца рутыны ў «кавідную» зіму — ня горшы варыянт.
«Захаваньне структуры вашага дня, — кажа доктар Разэнталь, — вельмі важнае для падтрыманьня цыркадных рытмаў. Сон становіцца мацнейшым, і гэта карысна для псыхалягічнага здароўя».