Беларускія лекары, якія зьбіраюцца ехаць на працу ў Польшчу, павінны разумець, што ня змогуць вярнуцца, заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе аб процідзеяньні распаўсюду вірусных інфэкцый, піша БелТА.
«Асабліва просяць нашых лекараў прыехаць у Польшчу, каб дапамагчы насельніцтву і дзяржаве ў барацьбе з COVID-19. Хачу папярэдзіць: лішніх лекараў у нас няма. Нам самім трэба лячыць нашых людзей. Але, кіруючыся сваім прынцыпам, мы нікога трымаць ня будзем. Аднак трэба разумець: зьехаў — назад ня вернесься, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, па якія паехаў», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што «гэта не пагроза, а загад для ўраду».
«Усіх трэба ставіць на месца, нікому не перашкаджаючы ў выпадку, калі ён хоча вялікага рубля ці ў яго пазелянелі вочы ад валюты», — заявіў Лукашэнка, камэнтуючы намеры Польшчы запрашаць да сябе лекараў з-за мяжы, у тым ліку і зь Беларусі, для барацьбы з каранавірусам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка занепакоіўся каранавірусам і патлумачыў, чаму закрыў межы для іншаземцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на працу з інфікаванымі каранавірусам перавялі восем лякарняў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя патрабаваньні пры пандэміі COVID-19 у Беларусі: маскі, сацыяльная дыстанцыя, менш масавых імпрэзаў