Дзясяткі тысяч мусульман у шэрагу краін і тэрыторый выйшлі ў пятніцу на пратэсты, зьвязаныя з апошнімі заявамі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона аб неабходнасьці супрацьстаяць нападкам на сьвецкія каштоўнасьці дзяржавы і на свабоду выказваньня.
Паводле інфармацыі Reuters, у Пакістане тысячы дэманстрантаў рушылі ў бок францускай амбасады ў Ісламабадзе. Частка зь іх паспрабавала прарваць паліцэйскае ачапленьне. Сілы бясьпекі ўжылі сьлезацечны газ.
У Банглядэш тысячы пратэстоўцаў прайшлі маршам па цэнтры Дакі, заклікаючы да байкоту францускіх тавараў і трымаючы плякаты, на якіх Макрон названы «галоўным тэрарыстам сьвету». «Макрон першым распальвае ісламабофію», — заявіў карэспандэнту Reuters адзін з маніфэстантаў.
У Мумбаі, у Індыі, на вуліцах зьявіліся дзясяткі постэраў з адбіткам абутку на твары Макрона. Постэры наклеілі на тратуары і дарогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя выслала 14 радыкальна настроеных замежнікаўУ сталіцы Лібану Бэйруце сілы бясьпекі таксама выкарысталі сьлезацечны газ, калі сотні тры пратэстоўцаў, у тым ліку прыхільнікі адной мясцовай суніцкай партыі, рушылі маршам зь мячэці ў бок рэзыдэнцыі францускага амбасадара. Яшчэ зусім нядаўна, калі пасьля магутнага выбуху ў порце Бэйруту туды з прапановай аб дапамозе прыяжджаў Макрон, з вулічнага натоўпу раздаваліся воклічы: «Прыходзьце намі кіраваць!». Лібан больш за 20 гадоў, пачынаючы з 1920 году, быў пад кіраваньнем Францускага мандату.
Тысячы палестынцаў пасьля пятнічнай малітвы ў мячэці Аль-Акса ў Ерусаліме сабраліся на акцыю, каб асудзіць публікацыю ў Францыі карыкатур на прарока Мухамада. Пратэсты палестынцаў прайшлі таксама ў сэктары Газы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падрабязнасьці нападу ў Ніцы: адну з ахвяраў абезгаловіліУ чацьвер улады Францыі павысілі да максымальнага ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў краіне — пасьля нападу з нажом у Ніцы, у царкве Нотр-Дам. Адной з трох ахвяр, пажылой жанчыне, нападнік адрэзаў галаву. Сам ён пры затрыманьні быў паранены і шпіталізаваны. Пазьней улады паведамілі, што затрыманы — уцякач з Тунісу. Ён прыбыў у Францыю зусім нядаўна з італьянскага вострава Лямпэдуза і з дакумэнтамі ад Чырвонага Крыжа. Паводле дадзеных уладаў, падчас нападу і ў бальніцы тунісец выкрыкваў «Алаг Акбар!».
«Мы не саступім ніводнай пазыцыі», — заявіў у Ніцы Эманюэль Макрон. Раней, камэнтуючы абезгалоўліваньне ў прыгарадзе Парыжу настаўніка Самюэля Паці, які паказваў на ўроку карыкатуры на прарока Мухамада, Макрон назваў злачынства «ісламісцкім тэрактам». Ён заявіў пра падтрымку сьвецкіх каштоўнасьцяў і публікацыі малюнкаў і адзначыў, што іслам цяпер перажывае крызіс. Словы выклікалі пратэсты ў шэрагу мусульманскіх краін. Прэзыдэнт Турэччыны параіў лідэру Францыі «лячыць псыхіку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт Турэччыны падаў пазоў на францускі часопіс Charlie HebdoПасьля нападу ў Ніцы Макрон распарадзіўся ўзмацніць ахову розных аб’ектаў, уключаючы школы і цэрквы, і прыцягнуць да гэтага дадаткова тысячы вайскоўцаў. У чацьвер таксама была спроба нападу каля францускага кансуляту ў Джыдзе, у Саудаўскай Арабіі. І непадалёк ад Авіньёну, у Францыі, невядомы пагражаў зброяй паліцыянтам. Яго пры затрыманьні застрэлілі.
Паводле словаў міністра ўнутраных спраў Жэральда Дарманэна, француская дзяржава, у якой жыве найбуйнейшая ў Эўропе мусульманская грамада і якая за апошнія гады сутыкнулася з сэрыяй тэрактаў, аказалася ўцягнутая ў вайну супраць ісламісцкай ідэалёгіі, таму ў будучыні магчымыя новыя напады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ісламісты атакавалі сайты ў Францыі пасьля заяваў Макрона. Муфтый Чачэніі назваў яго «тэрарыстам нумар 1»Адначасова кіраўнік францускага МЗС Жан-Іў Лё Дрыян зьвярнуўся да мусульманскіх краінаў, выступаючы ў Нацыянальным сходзе.
«Я б хацеў накіраваць пасланьне сьвету, каб сказаць, што Францыя не краіна пагарды або непрыманьня. Гэта краіна талерантнасьці», — сказаў Лё Дрыян.
Ён падкрэсьліў, што іслам і мусульманская культура — гэта частка францускай і эўрапейскай гісторыі, якую францускі народ паважае, таму ня варта «слухаць тых, хто спрабуе навязаць недавер», прыводзіць словы міністра «Францускае міжнароднае радыё».