Францыя за апошні месяц выслала 14 радыкальна настроеных замежнікаў. Пра гэта ў інтэрвію радыёстанцыі RTL паведаміў міністар унутраных спраў краіны Жэральд Дарманэн. Паводле яго, найбліжэйшым часам будуць дэпартаваныя яшчэ 18.
Раней МУС Францыі паведаміла, што пад наглядам уладаў знаходзяцца больш за чатыры тысячы замежнікаў, якія падазраюцца ў распаўсюдзе радыкальных ідэяў. Больш за 200 зь іх чакаюць высылкі.
Дарманэн таксама паведаміў, што выхадзец з Тунісу, які забіў трох чалавек у Ніцы ў чацьвер, 29 кастрычніка, ня быў у полі ўвагі францускіх і эўрапейскіх праваахоўных органаў i не зьвяртаўся да ўладаў па статус уцекача. Па дадзеных агенцтва AFP, ён прыбыў у Італію па моры ў канцы верасьня. У кастрычніку атрымаў прадпісаньне пакінуць краіну і перабраўся ў Францыю.
Яшчэ адна атака 29 кастрычніка была ў Авіньёне. Зламысьнік з нажом пагражаў паліцыянтам і мінакам. Яго забілі пры затрыманьні.
У Францыі абвешчаны максымальны ўзровень тэрарыстычнай пагрозы.
Нажавыя атакі ў Ніцы і Авіньёне адбыліся праз два тыдні пасьля жорсткага забойства пад Парыжам настаўніка Самюэля Паці. Выкладчык абмяркоўваў з вучнямі свабоду слова і паказаў на ўроку карыкатуры на прарока Мухамада. Падазраваны ў забойстве — этнічны чачэнец з Масквы Абдул Анзор — заявіў, што «пакараў сьмерцю» пэдагога за абразу прарока.
Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў напад «ісламісцкім тэрактам» і заклікаў бараніць сьвецкія каштоўнасьці Францускай Рэспублікі ад радыкальнага ісламу. Заявы Макрона выклікалі абурэньне і пратэсты сярод шэрагу мусульман.