„Не магу маўчаць“ — словы, якімі тлумачаць свой сыход зь дзяржаўнае працы людзі самых розных прафэсіяў. Калі вы зь іхнага шэрагу — напішыце нам пра сваю гісторыю і сваё рашэньне на адрас: radiosvaboda@gmail.com
Памятаю свой апошні візыт у Купалаўскі тэатар. Культпаход арганізаваў мой сябра-прафэсар. Разам з жонкамі мы наведалі „Сон у купальскую ноч“. Вельмі мадэрнісцкая пастаноўка зоркі расейскай рэжысуры Андрэя Прыкатэнкі. „Напэўна, я нічога не разумею ў сучаснай рэжысуры, — сказала жонка, — але мяне раздражняла ўсё“. „А табе як?“ — спытаў сябра. „А мне спадабалася красівая цёця на скутары“. „Красівая цёця? Чую словы ня мальчыка, але тонкага тэатральнага крытыка“, — усьміхнуўся прафэсар, які быў побач. Ад яго я і даведаўся, што красівая цёця яшчэ вядзе на СТВ ранішнюю праграму, яшчэ зьнялася ў раскошным кліпе „Баба-бомба“ гурта „Ленинград“, яшчэ бліскуча грае ў тэатральным праекце „Тэрыторыя мюзіклу“.
Упершыню я ўбачыў яе ў спэктаклі „Тэатар Уршулі Радзівіл“. Калі залю драматычнага тэатру напоўніла глыбокае сапрана, я не паверыў вушам. Адкуль яны яе запрасілі? З опэры? З музычнага тэатру? Бо як пра бардаў кажуць „Поэтом можешь ты не быть, но музыкантом быть не можешь“, так і пра пяяньне драматычнага актора можна сказаць нешта падобнае. Нават адмысловы жанр прыдумалі. Акторская песьня. Тым больш прыемным было маё зьдзіўленьне тым, што Юлія Шпілеўская — сапраўдная акторка Купалаўскага тэатру.
Як сапраўдная купалаўка, яна пакінула сьцены тэатральнага будынку разам з таварышамі. І як сапраўдная грамадзянка, прабачце за патас, сышла з СТВ адразу пасьля жнівеньскіх падзеяў. Беларуская рэвалюцыя, каб стаць сапраўды беларускай, мусіць нарэшце зьмяніць ня толькі рэжым, але і паняцьце „айчынная зорка“. Тутэйшай публіцы пара б ужо пачынаць забывацца на „бацькавыхбаскавых“. Зрэшты, Шпілеўская — з тых рэдкіх актрыс, для якіх слава і пазнаваньне на вуліцы — далёка ня першасныя чыньнікі прафэсіі. Апошні раз я ўбачыў яе ў Нацыянальнай бібліятэцы на імпрэзе „Барадулін у нашых сэрцах“, прысьвечанай 85-м угодкам паэта. Лішні раз пераканаўся, што для вялікага актора няма маленькіх работ.
— Як бы гэта сказаць, каб сябе не перахваліць? Я ў жыцьці вельмі сьціплы чалавек. У людзей такое ўяўленьне — калі ты акторка ці тэлевядоўца, гэта адразу павінна быць бачна на вуліцы. Яна выйшла ўся такая з прычоскай, з макіяжам, на абцасах. Я ў жыцьці зусім іншы чалавек. Мяне часьцей можна ўбачыць у спартовым строі, у красоўках, без макіяжу. Гэта больш камфортна і зручна для таго ладу жыцьця, які вяду я.
Я неяк так „бясслаўна“ жыву ўсё сваё жыцьцё. Хаця, вядома, бывала. Неяк зь сяброўкай паехалі ў Вільню і на запраўцы нейкія людзі, сямейная пара, мяне пазналі. Як тэлевядоўцу. Хоць я была зусім не ў ТВ-выглядзе. Гэта было нечакана і прыемна. Бо я прывыкла, што мяне ніхто ня ведае. Але калі пазнаюць па тэатральных работах, гэта вельмі прыемна. Нават, напэўна, не за сябе прыемна, а за тое, што людзі ходзяць у тэатар. Ты разумееш, што людзям тэатар патрэбны. Гэта шмат каштуе.
Я стараюся, як бы банальна гэта ні гучала, жыць сумленна і зь любоўю рабіць сваю працу. Калі яна прыносіць прыемныя бонусы ў выглядзе любові і прызнаньня людзей — добра. Але нехта вялікі сказаў, ці ня Гётэ? — самае дурное жаданьне — гэта жаданьне падабацца ўсім. Гэта немагчыма. Галоўнае падабацца сабе ўнутры сябе. Каб тое, што ты робіш, прыносіла табе як мінімум задавальненьне, а як максымум ты разумеў, што ты на сваім месцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Карміць гэты рэжым я ня буду»У мяне заўсёды зь беларускай мовай і літаратурай у школе была любоў. А яшчэ мае бацькі аддалі мяне ў гуманітарны ліцэй, тады яшчэ нядзельны. Дзе ўсё выкладаньне вялося па-беларуску. Дзе было шмат чаго цікавага. І гісторыя, і фальклёр. Дзе выкладаў Вінцук Вячорка! Шмат чаго забылася, а Вячорка памятаецца. І пазьней узьнік у маім жыцьці Купалаўскі тэатар, як усё ў жыцьці, выпадкова і невыпадкова. І вось так зачапіўся мой тэатральны кручочак за пяцельку беларускай сьвядомасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Пераблыталі ўладу з радзімай» — былы міліцыянт пра сваіх калегКупалаўскі тэатар — гэта кузьня патрыётаў, у добрым сэнсе гэтага слова. Там немагчыма быць іншым чалавекам. Ёсьць матэрыял, але ёсьць яшчэ і людзі. Людзі з палаючай душой. Той жа Паша Харланчук ці Рома Падаляка. Ці Зоя Белахвосьцік. І гэтае самаўсьведамленьне сябе як беларускі -- ня тое што яно прыйшло... Хутчэй, укаранілася яшчэ больш. Многія казалі мне — едзь у Пецярбург, у Маскву. Я ніколі не адчувала, што мне трэба адсюль кудысьці зьяжджаць. Гэта настолькі мая зямля, маё месца. Як сказала мне адна астралягіня — ты сябе на гэтым беларускім полі вельмі добра адчуваеш. Для мяне гэта была не навіна. Мне тут усё блізка. Я люблю падарожнічаць, але страшэнна люблю вяртацца. Мне важна вярнуцца ў атмасфэру нашай мяккай прыроды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Апошняй кропляй стала затрыманьне маёй цымбалісткі“Любое супольнае рашэньне — яно складаецца з рашэньняў асобных людзей. Усё было вельмі эмацыйна. Гэта ня значыць, што я шкадую аб сваім рашэньні. Ты часам прымаеш эмацыйныя рашэньні, а потым думаеш — а мо магчыма было зрабіць па-іншаму? Але тое рашэньне на сёньня для мяне адзінае магчымае. Рашэньне было супольнае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Канчаткова дабіла спроба вэрбаваньня ў КГБ“Мы не галасавалі, але было сказана, што кожны рашае сам, пісаць заяву ці не пісаць. Асабіста для мяне тыя людзі, якія засталіся, -- яны для мяне ня сталі ворагамі. Яны зрабілі свой выбар. Ня гэта вырашае лёс краіны. Не скажу, што маё рашэньне было лёгкім. Эмацыйна яно лёгкае. Сыходзім! Але калі ты працуеш дваццаць гадоў — я пра сябе кажу — і думаеш пра сыход з гэтага тэатру як пра традыцыйны і клясычны — уперад нагамі пад воплескі... І раптам здараецца вось такая гісторыя... Вядома, палітра і гама пачуцьцяў падобная да той, калі страчваеш блізкага чалавека. Гэта ня проста ты сышоў з працы. Гэта большае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Міліцыя не з народам, як і народ не зь міліцыяй»Для многіх з нас Купалаўскі — гэта родавае гняздо. І пакідаць яго... Віць новае — гэта варыянт. Але трэба прайсьці ўсе этапы пражываньня гэтай унутранай драмы. У той самы час я разумею, што не было іншага шляху, каб выявіць свае адносіны да ўсяго жаху, які прыйшоў на беларускія вуліцы, у жыцьцё беларускіх людзей. У народ, які перажыў фашызм і быў упэўнены, што ён ня вернецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. Як сыходзіў Купалаўскі тэатарЗ тэлевізіі я таксама сышла. І, вядома, пасьля выбараў. Я вам шчыра скажу: да выбараў я была тым самым апалітычным чалавекам. Хай даруюць мне ўсе сумленныя, прыстойныя людзі, я не лічу, што ў палітыцы можна застацца чыстым чалавекам, не ідучы на ўгоды з сваім сумленьнем. Мая гісторыя пачалася пасьля той жорсткасьці, якая была ўжытая да людзей. Які б ні быў прэзыдэнт, якое б ні было яго прозьвішча, калі ён дапускае такое ў сваёй краіне, калі ён не намагаецца вырашыць канфлікт нейкімі іншымі спосабамі... Я пра выбары асабліва не кажу. Напэўна, і ў іншых краінах яны праходзяць з парушэньнямі. Але калі былі патаптаныя чалавечая годнасьць, здароўе, чалавечае жыцьцё... Вось гэта стала той кропкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Я прыйшоў прасіць звальненьня, бо эмацыйна выгараў“На тэлеканале СТВ са мной побач працавалі клясныя людзі. Я ж працавала ў забаўляльнай ранішняй праграме. Мы палітыкі не чапалі ўвогуле. Але адразу пасьля жнівеньскіх падзеяў я сказала свайму начальству, што не магу выходзіць у эфіры і жадаць людзям добрай раніцы ў такі час. Для мяне гэтая раніца ня добрая. Праграма пасьля аднавілася, але ўжо безь мяне. Я ж яшчэ была сцэнарысткай у праграме. Я не сышла гучна, зь ляпаньнем дзьвярыма. Без публічнасьці ў сацыяльных сетках. Для мяне галоўнае — быць унутры з сабою гарманічнай. Я скончыла сваю дзейнасьць там. Гэта сумна. Бо я прыйшла на тэлеканал, калі ён толькі пару гадоў як адкрыўся. Для мяне гэта таксама радзіма ў нейкім сэнсе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Адразу пасьля выбараў нам у дзяржаўных СМІ на трыста рублёў падвысілі аклад“Мяне зьдзівіла, што ў нас такое змагло адбыцца ў прынцыпе. Што такое адбылося з народам, які перажыў вайну. З карнымі акцыямі, з гета, з катаваньнямі. Народ, які генэтычна, мне здавалася, запраграмаваны пазьбягаць гэтага... Гэта ў нас і здарылася. Я не магу дакараць нашу ўладу за пастаянную памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Здавалася, што тым самым мы сябе трымаем у такім унутраным стане, які не дазволіць гэтага дапусьціць. І мяне зьдзівіла -- гэта ўсё было паказухай? Увесь час усе гэтыя мерапрыемствы — гэта было шоў? Пра якую памяць мы можам гаварыць, калі мы паўтараем зараз гэта, толькі ўжо з сваімі людзьмі? Прабачце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. «Наш пратэст запавольваецца не ад таго, што мы ня палім пакрышак»Зараз у інфармацыйным полі ходзіць такое псыхалягічнае паняцьце, як „вывучаная бездапаможнасьць“. Мне здаецца, у беларусаў гэта проста дыягназ нейкі. І нам яго трэба пераадолець. Мы ня можам дакараць нашых людзей, што ў нас няма альгарытму, як з гэтым быць. Мы ўпершыню апынуліся ў такой сытуацыі. Мы ня ведаем... І сказаць камусьці — чаму ты ня робіш? Рабі штосьці, што -- ня ведаю што. Як я магу сказаць — ты робіш недастаткова? У нас не закладзеная гэтая схема — як.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не магу маўчаць. „Як можна працаваць у Адміністрацыі прэзыдэнта пасьля таго, што адбылося на Акрэсьціна“Мне здаецца, ідэя прынцыпова мірнага пратэсту вельмі добрая. Наколькі яна дзейсная — я ня ведаю. Але ісьці з ломам супраць людзей са зброяй... Гэта значыць, што я бацьку нейкага дзіцяці адпраўлю на пэўную сьмерць. „Ідзі! Чаго ты не ідзеш? Мне ўсё роўна, памрэш ты ці не!“ Я так не магу. Бо ў мяне ёсьць сын, у яго ёсьць бацька.
Калі я прыйшла ў тэатар, наша пакаленьне было вельмі дружнае, згуртаванае. Адносіны былі ледзь ня роднасныя. Памятаю, завялася традыцыя віншаваць адзін аднаго з днём нараджэньня неяк асабліва. То мы некага з завязанымі вачыма ў аўтобусе вазілі, то яшчэ штосьці. Але мой Дзень я да гэтае пары памятаю. Для мяне гэта быў самы-самы круты дзень народзінаў. Я выходжу з дому, іду ў сваіх справах. Да мяне падыходзіць нейкі чалавек. Дорыць мне кветку. Потым іду далей — ізноў нейкі мінак з краскай у падарунак. Спускаюся ў мэтро — бах, мэтрапалітэнаўскі ахоўнік дорыць букецік. І так на працягу ўсяго дня па ўсім горадзе да мяне падыходзілі людзі і дарылі кветкі. І ўвечары мяне калегі сустрэлі ў тэатры, павіншавалі. Выявілася, што яны ўвесь дзень групкамі па ўсім горадзе за мной цікавалі. І прасілі, падгаворвалі мінакоў. Уяўляеце, як трэба было „запарыцца“, каб наладзіць вось такое віншаваньне. Для мяне на сёньня — гэта верх арганізацыі нейкага сьвята. Колькі гадоў прайшло, а я ўспамінаю. Гэта купалаўцы!