На пытаньні Радыё Свабода адказала Катарына Матэрнава, намесьніца генэральнага дырэктара дэпартамэнту Эўракамісіі ў эўрапейскай палітыцы суседзтва і перамовах аб пашырэньні. У дзень размовы яна сустрэлася са Сьвятланай Ціханоўскай на канфэрэнцыі па бясьпецы Globsec2020 у Браціславе.
Сьцісла:
- Мы верым, што беларускія грамадзяне заслугоўваюць мець той урад, якога яны хочуць, таму патрэбныя новыя выбары. Ціханоўская — гэта твар і голас жаданьня пераменаў.
- Мы працягнем камунікаваць зь Беларусьсю, але не на ўзроўні міністраў, а больш на тэхнічным узроўні.
- Цяперашні санкцыйны сьпіс можа быць зьменены, калі сытуацыя пагоршыцца.
- Мы актыўна абмяркоўваем магчымасьць стварыць праграму стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу.
— Якія вашыя галоўныя ўражаньні ад сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай?
— Гэта была вельмі кароткая сустрэча, 10 хвілін. У мяне вельмі пазытыўныя ўражаньні, і я была вельмі рада, што арганізатары канфэрэнцыі напярэдадні ўручылі ёй прэмію [за ролю лідэра і самаахвярнасьць].
— Які статус Ціханоўская мае цяпер для кіраўніцтва Эўразьвязу? У Беларусі ёсьць людзі, якія лічаць яе законна абранай прэзыдэнткай. Іншыя кажуць, што так яе называць няправільна, бо рэальныя вынікі выбараў немагчыма пацьвердзіць.
— Мы ўспрымаем яе як асобу, якая натхніла і зацікавіла вялікую колькасьць насельніцтва. Як вы ведаеце, Эўразьвяз на сваім саміце на пачатку кастрычніка вельмі ясна заклікаў правесьці новыя выбары. Мы ня лічым выбары, якія прайшлі ў жніўні, ні свабоднымі, ні справядлівымі. Мы верым, што беларускія грамадзяне заслугоўваюць мець той урад, якога яны хочуць, таму патрэбныя новыя выбары. Ціханоўская — гэта твар і голас жаданьня пераменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская: калі ня вызваляць палітвязьняў — значыць, нас спрабуюць падмануць— На саміце, які вы згадалі, Эўразьвяз не прызнаў легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі. Як у гэтай сытуацыі будзе ажыцьцяўляцца сяброўства Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве»?
— Мне не хацелася б загадзя прадказваць вынікі перагляду стасункаў зь Беларусьсю, якім мы цяпер займаемся. Ня хочацца рабіць пасьпешлівых высноваў. Але я лічу, што важна захоўваць дыялёг. Я дакладна адна з тых, хто ня лічыць, што нам трэба разрываць стасункі зь Беларусьсю. Наадварот, нам трэба мець дыялёг, і мы будзем заклікаць Беларусь мець унутрынацыянальны дыялёг. Адна рэч — быць ва ўладзе доўгі час, калі людзі цябе падтрымліваюць, і зусім іншая — спрабаваць застацца ва ўладзе, калі відавочна, што вялікая частка насельніцтва цябе не падтрымлівае.
Я лічу, што «Ўсходняе партнэрства» захоўвае свае рамкі, яны інклюзіўныя, і мы працягнем камунікаваць зь Беларусьсю ў гэтым кантэксьце, але не на палітычным узроўні, не на ўзроўні міністраў, а больш на тэхнічным узроўні.
— Аляксандра Лукашэнкі не было ў сьпісе 40 асобаў зь Беларусі, супраць якіх Эўразьвяз увёў абмежавальныя меры. Ці было адной з прычын гэтага жаданьне ЭЗ мець магчымасьць запрасіць Лукашэнку для нейкіх перамоваў?
— Вядома ж, мы заклікаем да нацыянальнага дыялёгу. І відавочна, што ён быў бы адным з бакоў гэтага дыялёгу. Дзяржавы Эўразьвязу зь вялікай радасьцю паспрыялі б нечаму такому. З часам мы пабачым, наколькі гэта рэалістычная магчымасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз зацьвердзіў сьпіс пернікаў і бізуноў для Менску— Прадстаўнікі беларускай апазыцыі прапанавалі пашырыць санкцыйны сьпіс Эўразьвязу, каб у ім было каля 800 асобаў, адказных за рэпрэсіі і гвалт супраць мірнага насельніцтва. Наколькі імаверна, што гэта можа адбыцца?
— Відавочна, што цяперашні сьпіс можа быць зьменены, калі сытуацыя пагоршыцца. Падзеі разьвіваюцца, і гэты сьпіс не канчатковы. Але зноўку ж я не хацела б загадзя прадказваць такое рашэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз гатовы ўвесьці пэрсанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі— Каму будуць уручаць даверчыя граматы новыя амбасадары Эўразьвязу ў Беларусі, прызначаныя пасьля рашэньня ЭЗ аб нелегітымнасьці Лукашэнкі?
— Выглядае, што гэта будзе тупіковая сытуацыя. На шчасьце, Эўразьвяз цяпер мае амбасадара на месцы, ён пачаў сваю працу толькі год назад, таму гэтае пытаньне не патрабуе неадкладнага вырашэньня. Тут у мяне няма добрага адказу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МУС прыгразілі, што будуць ужываць баявую зброю супраць пратэстоўцаў— Адна з прапановаў з боку Сьвятланы Ціханоўскай наконт таго, як Эўразьвяз мог бы дапамагчы Беларусі — гэта адукацыйная праграма для беларускіх студэнтаў. Ці магчымая такая праграма на ўзроўні ЭЗ, а ня толькі як ініцыятывы асобных краін?
— Так, мы сапраўды вельмі актыўна абмяркоўваем магчымасьць стварыць праграму стыпэндыяў для беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Эўразьвязу. Але пакуль што я не магу агучыць нейкія канкрэтныя дэталі.
— У мінулыя гады прыхільнікі супрацоўніцтва ЭЗ з Аляксандрам Лукашэнкам казалі, што калі такога супрацоўніцтва ня будзе, Беларусь яшчэ больш падпадзе пад уплыў Расеі. Наколькі гэты аргумэнт быў пераканаўчы тады і ці застаецца ён пераканаўчым цяпер?
— Я была адной з тых, хто выступаў за большае ўзаемадзеяньне. Бо я лічу, што доўгія гады санкцыяў без узаемадзеяньня не прынесьлі заўважных вынікаў. Я вельмі актыўна працавала зь беларускім урадам, і мы падтрымлівалі іх рэформы, хай і мінімальныя. Агулам я лічу, што ўзаемадзеяньне — гэта добрая рэч. Але потым спадар Лукашэнка прыняў рашэньні, якія зрабілі гэтае ўзаемадзеяньне нашмат больш складаным.
— Пасьля цяперашніх рэпрэсій і дзяржаўнага гвалту ў Беларусі ці магчымы працяг нейкага супрацоўніцтва, якое вы лічылі пасьпяховым?
— Мне гэта вельмі цяжка ўявіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адкуль у беларускіх жанчын гэтулькі сілы і высакароднасьці?» — што кажа аўтар знакавага фота з «Маршу гонару»— Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі на саміце ЭЗ у Брусэлі 1 кастрычніка прадставіў плян эканамічнай дапамогі, якую ЭЗ мог бы аказаць Беларусі ў выпадку правядзеньня там сумленных і дэмакратычных выбараў. Ініцыятыва Вышаградзкай чацьвёркі (Польшча, Чэхія, Славаччына, Вугоршчына), якую польскі ўрад называе «плянам Маршала для Беларусі», прадугледжвае выдзяленьне Беларусі ня менш як 1 мільярда даляраў на рэформы. Наколькі імаверна, што гэтую ініцыятыву падтрымаюць усе краіны Эўразьвязу?
— Калі Беларусь пойдзе па шляху дэмакратызацыі мы, вядома ж, забясьпечым дапамогу і прыкладзем намаганьні, каб мабілізаваць для гэтага як мага больш рэсурсаў. Але цяпер мне не хацелася б рабіць здагадкі наконт памераў такой дапамогі, называць нейкія лічбы ці выкарыстоўваць гэтую назву. Гэты тэрмін — «плян Маршала» — ужываюць крыху зачаста. На цяперашнім этапе пакуль што ўсё вельмі гіпатэтычна. Але відавочна, што гэта будзе больш рэсурсаў, чым калі ня будзе дэмакратызацыі і будуць працягвацца рэпрэсіі супраць людзей на вуліцах.