Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зацьвердзіў сьпіс пернікаў і бізуноў для Менску


Міністры замежных спраў Эўразьвязу 12 кастрычніка зацьвердзілі высновы адносна сытуацыі ў Беларусі. Высновы былі зацьверджаныя разам з палітычным рашэньнем, што Эўразьвяз пашырыць санкцыйны сьпіс беларускіх чыноўнікаў, уключаючы туды і Аляксандра Лукашэнку.

У прыватнасьці, дакумэнт заклікае беларускія ўлады:

  • шукаць мірнага і дэмакратычнага вырашэньня крызісу шляхам «інклюзіўнага нацыянальнага дыялёгу», уключна з Каардынацыйнай радай;
  • неадкладна і безумоўна вызваліць усіх адвольна затрыманых асобаў, у тым ліку палітвязьняў і работнікаў СМІ;
  • расьсьледаваць усе парушэньні правоў чалавека і спыніць перасьлед асобаў, якія ўдзельнічаюць у дэмакратычным руху і незалежных СМІ, і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

Рада ЭЗ перасьцерагае, што калі Менск не прыслухаецца да заклікаў Брусэлю, то Эўразьвяз:

  • перагледзіць сьпіс беларускіх чыноўнікаў пад санкцыямі ў бок яго пашырэньня;
  • прыме далейшыя абмежавальныя меры, у тым ліку супраць суб’ектаў гаспадараньня і высокапастаўленых чыноўнікаў, уключна з А. Лукашэнкам;
  • абмяжуе кантакты зь беларускімі ўладамі на цэнтральным узроўні (адначасова павялічваючы падтрымку ЭЗ беларускаму народу і грамадзянскай супольнасьці).

Адначасова Рада ЭЗ дэкляруе гатоўнасьць «істотна актывізаваць» сваю палітычную актыўнасьць, супрацоўніцтва і фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове «мірнага дэмакратычнага пераходу» ў Беларусі шляхам свабодных і сумленных выбараў. У такім выпадку Брусэль:

  • пачне перамовы аб рамачным пагадненьні паміж ЭЗ і Беларусьсю;
  • запусьціць комплексны плян эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, уключна зь фінансавай і тэхнічнай дапамогай для інстытуцыйных рэформаў і эканамічнага разьвіцьця ў шматгадовых фінансавых рамках;
  • значна павялічыць апэрацыі Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця ў Беларусі;
  • падтрымае далучэньне Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG