Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурэль сказаў Макею, чаго Эўразьвяз чакае ад уладаў Беларусі


Жузэп Бурэль (Josep Borrell)
Жузэп Бурэль (Josep Borrell)

У пятніцу вечарам віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жузэп Бурэль пазваніў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею, каб абмеркаваць падзеі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Жузэп Бурэль нагадаў, што Эўразьвяз чакае ад уладаў Беларусі

  • спыненьня гвалту і рэпрэсій у дачыненьні да грамадзян,
  • вызваленьня ўсіх затрыманых палітычных вязьняў,
  • павагі да свабоды СМІ і грамадзянскай супольнасьці,
  • пачатку ўсёабдымнага нацыянальнага дыялёгу.

Ён заклікаў улады Беларусі прыняць візыт кіраўніцтва Эўразьвязу для садзейнічаньня дыялёгу ў краіне.

Жузэп Бурэль таксама заявіў пра поўную салідарнасьць Эўрапейскага Зьвязу з Польшчай і Літвой, ад якіх беларускія ўлады запатрабавалі адклікаць паслоў і скараціць колькасьць дыпляматаў у амбасадах. Ён назваў гэтыя патрабаваньні неабгрунтаванымі і вартымі жалю.

Таксама ён падкрэсьліў, што Эўразьвяз адзіны ў сваёй пазыцыі што да сытуацыі ў Беларусі. І сказаў, што спробы ўладаў Беларусі абраць у якасьці мішэні асобныя краіны ЭЗ не прывядуць да аслабленьня адзінства Зьвязу.

Жузэп Бурэль зазначыў, што Эўразьвяз рашуча выступае ў падтрымку незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, законных патрабаваньняў і правоў народу Беларусі і яго дэмакратычнага выбару, гаворыцца ў паведамленьні Прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, у сваю чаргу, запэўніў Бурэля, што скарачэньне колькасьці дыпляматаў Польшчы і Літвы не скіравана супраць ЭЗ або на згортваньне дыялёгу зь ім. А выклікана «нэгатыўнай роляй, якую кіраўніцтва названых краін вырашыла адыгрываць у дачыненьні да Беларусі».

Паводле МЗС, «зь беларускага боку пацьверджаная прынцыповая гатоўнасьць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялёгу з ЭЗ, падкрэсьленая беспэрспэктыўнасьць санкцыяў для разьвіцьця адносінаў па лініі Беларусь — ЭЗ».

Польшча на патрабаваньне Менску адклікала для кансультацыяў свайго амбасадара і адклікала 32 сваіх дыпляматаў, Літва — амбасадара для кансультацыяў і 5 дыпляматаў. У якасьці жэсту салідарнасьці шэраг дзяржаваў ЭЗ таксама адклікалі сваіх амбасадараў ці заявілі пра такое рашэньне. Гэта — Латвія, Эстонія, Чэхія, Славаччына, Румынія, Баўгарыя, Нямеччына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG