«Хопіць трымацца сьсінелымі рукамі за ўладу». Ці ёсьць чаму павучыцца беларусам у кіргізаў? — адказвае Павел Латушка

Павал Латушка

6 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.

Пра вынікі гэтай сустрэчы і пра аналёгіі паміж пратэстамі ў Беларусі і Кіргізстане аглядальнік «Настоящего времени» Цімур Алеўскі пагутарыў з Паўлам Латушкам, былым дыпляматам і міністрам культуры, чальцом прэзыдыюму Каардынацыйнай рады.

— Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з фэдэральнай канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель — абмяркоўвала інвэстыцыі ў Беларусь. А Аляксандар Лукашэнка сёньня сустрэўся з кіраўніком цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці, абмяркоўваў пэрспэктывы разьвіцьця галіны. Якая з гэтых сустрэчаў, на ваш погляд, для Беларусі цяпер больш важная?

— Я пракамэнтаваў бы якраз сустрэчу былога прэзыдэнта Беларусі на прадмет разьвіцьця цэлюлёзна-папяровай прамысловасьці ў нашай краіне. Да таго часу, пакуль кіраўнік дзяржавы будзе вызначаць, што вырабляць з цэлюлёзы — кардон ці мелаваную паперу, датуль Беларусь асуджаная на эканамічную стагнацыю, на адсутнасьць дзелавой ініцыятывы і магчымасьці рэалізацыі рэальных, дзелавых бізнэс-праектаў у нашай краіне. На жаль, такі характар, такі стыль кіраваньня былога кіраўніка Беларусі, і ён наўрад ці калі-небудзь зьменіцца. Ён проста ня зьменіцца, давайце будзем шчырымі.

— Напэўна, людзям, якія за яго галасуюць, прыемна, што кожны фанцік у цукерцы, якую яны зьядаюць, зроблены пад кантролем чалавека, які пра іх клапоціцца.

— Мы разумеем, што разьвіцьцё эканомікі забясьпечваецца перш за ўсё стратэгіяй і пэўнымі тактычнымі рашэньнямі на ўзроўні выканаўчай улады — прэзыдэнта, ураду. Давер перш за ўсё да дзяржавы, давер да таго, што інвэстыцыі, якія ты ўкладзеш, ня будуць у будучыні канфіскаваныя дзяржавай. Вось гэтым павінен займацца ўрад.

Урад сёньня працягвае фактычна фатальную пазыцыю: нічога з таго, што рэальна адбываецца ў нашай краіне ў эканоміцы, ён не заўважае, ня робіць ніякіх сыстэмных дзеяньняў, ніякіх праграмаў па выхадзе з сытуацыі. Такім чынам, эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Мы ў бліжэйшыя дні правядзем з упаўнаважаным прадстаўніком Сьвятланы Ціханоўскай сумесныя выступы, дзе прааналізуем эканамічную сытуацыю ў нашай краіне і будзем таксама прапаноўваць свае падыходы па выхадзе з таго глыбокага эканамічнага крызісу, у якім знаходзіцца Беларусь.

— Чытаў сёньня аб тым, што людзі, якія знаходзяцца ў залежнасьці — маецца на ўвазе фізіялягічная залежнасьць, — звычайна да апошняга ня могуць расстацца зь ёй і гатовыя на ўсё: і на падман, і на страшныя рэчы дзеля таго, каб у іх была магчымасьць свае звычкі працягваць і захоўваць. Улада — таксама ў гэтым сэнсе залежнасьць. Вось сёньня, пасьля дзявятых нядзельных пратэстаў у Беларусі, ці можна сказаць, што Аляксандар Лукашэнка ніколі і ні за што ўладу не аддасьць? Ці ёсьць варыянты разьвіцьця падзеяў, якія прывядуць да новых выбараў?

— Я не адказаў на пытаньне пра сустрэчу Сьвятланы Ціханоўскай з канцлерам Нямеччыны. Факт гэтай сустрэчы вельмі важны. Важна для мяне як дыплямата, што гэтая сустрэча доўжылася 45 хвілінаў — для дыпляматычнага пратаколу гэта досыць шмат, значыць, там былі канкрэтныя пытаньні. Тое, што выклала Сьвятлана Ціханоўская, безумоўна, вельмі важна для сёньняшняга парадку дня, гэта вельмі добры канал давядзеньня інфармацыі. І мы чакаем дастаткова выразнай пазыцыі Нямеччыны па сытуацыі ў Беларусі як аднаго зь лідэраў ЭЗ і сёньня — старшыні Эўразьвязу. Фактычна Нямеччына хоча і можа дапамагчы ў вырашэньні ўнутрыпалітычнага крызісу ў Беларусі. Расея ня хоча, а значыць, і ня можа дапамагчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская ў Бэрліне: Вырашэньне палітычнага крызісу ў Беларусі — справа беларусаў, а не Масквы

Мы, дарэчы, зьвярнулі ўвагу на тое, што за апошнія дні фактычна ўсе прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады выключаныя з інфармацыйных эфіраў усіх дзяржаўных расейскіх СМІ. У тым ліку і з інфармацыйных агенцтваў. Ніхто намі больш не цікавіцца, ніхто не зьвяртае ўвагі. Але на Першым канале расейскага ТБ учора зьявіўся цікавы рэпартаж зь вёсак — беларускай і расейскай, якая знаходзіцца каля мяжы. І галоўны тэзіс гэтага рэпартажу: трэба правесьці рэфэрэндум аб аб’яднаньні дзьвюх дзяржаў. Але тыя, хто робіць гэты рэпартаж, забываюць, што толькі 3% беларусаў выступаюць за рэальнае аб’яднаньне. Большасьць хоча мець нармальныя адносіны незалежных Беларусі і Расеі, незалежнай Беларусі і Эўразьвязу.

— Гэта трывожная гісторыя для людзей, якія выступаюць за незалежнасьць Беларусі. Калі будзе такі рэфэрэндум, 3% можа ператварыцца ў 300%, як вы разумееце. І ў гэтым сэнсе вы лічыце, што гэта падрыхтоўка да нейкіх такіх падзеяў ці гэта проста дзяжурны рэпартаж на Першым канале, які супакойвае сытуацыю?

— Я спадзяюся, што гэта чыста інфармацыйная прапагандысцкая праца, а не падрыхтоўка да рэальных падзеяў, хоць іх выключаць таксама не выпадае. Але справа ў тым, што 3% — гэта не 97%, якія мае беларускае грамадзтва, якое выступае за перамены. І ім ня ўдасца заткнуць рот, забараніць выказваць свой пункт гледжаньня, выходзіць на вуліцы, што адбываецца кожную нядзелю. Калі вы пагледзіце зараз навіны, якія паступаюць сёньня ўвечары з розных гарадоў Беларусі, зь Менску, з двароў, велізарная колькасьць ініцыятыў — людзі ў чатах абменьваюцца думкамі, зьяўляюцца новыя ініцыятывы салідарнасьці спартоўцаў, дзеячаў культуры, да якіх далучаюцца ўсё новыя і новыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, эліты, студэнцтва.

— Падчас гэтага дыялёгу абмяркоўваюцца і падзеі ў Бішкеку. Многія абмяркоўваюць, у тым ліку і ў Беларусі, які сцэнар пратэсту лепшы цяпер: той, які адбываўся ноччу ў Бішкеку, ці той, які адбываецца ў Беларусі. Як вы думаеце?

— У сацсетках зьявіўся каляж: «Мы, кіргізы — хуткія людзі». А наш гімн сёньняшні дзяржаўны: «Мы, беларусы — мірныя людзі». У Кіргізстане ўдалося за адзін дзень зьмяніць уладу. Я думаю, што вельмі многія беларусы глядзяць на гэта, дзівяцца, напэўна, гэтаму, задумваюцца пра гэта.

Усё залежыць, вядома, ад таго, як будзе рэагаваць улада. Мы яшчэ раз і яшчэ раз гаворым уладам, мы не стамляемся паўтараць гэта: неабходна мірным шляхам, мірным спосабам ісьці на перамовы. Улада ня мае легітымнасьці ні ў Беларусі, ні за межамі Беларусі. Гэта дарога ў нікуды, у тупік. Хопіць трымацца сьсінелымі рукамі за ўладу, гэта бессэнсоўна, людзі ўжо ня зьменяцца. І вуліцы беларускіх гарадоў, грамадзяне нашай краіны падкрэсьліваюць гэта штодня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Латушка пра вайну сыстэмы супраць культуры: «Мяне проста скідвалі з пасады»

— Гэта якраз тое пытаньне, аб якім я з вамі пачынаў гаварыць: ці можна пераканаць чалавека расьціснуць рукі, калі ён ні пры якіх умовах гэтага зрабіць ня хоча, ці толькі калі вынесьці яго са сталом на вуліцу, і хай ён там сядзіць? Гэта пытаньне, якое абмяркоўваюць у сацыяльных сетках, як я заўважыў.

— Ну так, вядома, арыгінальная прапанова — вынесьці са сталом. Я думаю, што ўжо сёньня ёсьць частка беларускага грамадзтва, якая гатовая гэта зрабіць. Вы ведаеце, атмасфэра ў Беларусі дастаткова складаная. Сапраўды, людзі настолькі стаміліся, настолькі штодня кажуць пра тое, што «ну колькі ж можна трымацца за гэтую ўладу? Няўжо такая фанатычная любоў да яе, фанатычна бязьмежнае жаданьне яе захаваньня на шкоду ўсім магчымым інтарэсам краіны, дзяржавы, простых людзей? Няўжо гэта галоўнае для чалавека?»