Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка пра вайну сыстэмы супраць культуры: «Мяне проста скідвалі з пасады»


Belarus - Coordination Council members spear at press-conference, 18aug2020
Belarus - Coordination Council members spear at press-conference, 18aug2020

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, былы міністар культуры і дыплямат Павал Латушка ў інтэрвію Сяргею Будкіну расказвае пра сваё 25-гадовае існаваньне ў сыстэме, хлусьню і пакаяньне. Сярод іншага ён расказваў пра змаганьне з цэнзурай за часы кіраваньня Міністэрствам культуры.

— Былі такія спрэчкі, вельмі жорсткія (зь Ірынай Дрыгай, намесьніцай кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта. — РС). Я ўспамінаю сытуацыю, калі было 130-годзьдзе Купалы і Коласа і мы рыхтавалі дзяржаўны канцэрт у сувязі з уручэньнем прэміі «За духоўнае адраджэньне». І тады падчас падрыхтоўкі рыхтуецца сцэнар, які падпісвае міністар культуры і які ідзе наверх, на ўзровень кіраўніка дзяржавы, бо ў канцэрце ўдзельнічае прэзыдэнт.

І яна выкрэсьлівае творы Купалы і Коласа! Я тады сказаў ёй: «Ірына Ўладзіміраўна, прабачце, значыць Штраўс і Моцарт — гэта наша нацыянальная спадчына і духоўнае адраджэньне, калі яны застаюцца ў канцэрце, а вершы Купалы і Коласа гэткімі ня ёсьць? Дык візуйце гэты дакумэнт самі!» Ну тады яна вымушаная была зьмяніць сваю пазыцыю.

Калі прымушалі рабіць цэнзуру — тут дарэчы згадаць і Купалаўскі тэатар. Гэта быў спэктакль «Ня мой» (паводле аповесьці Алеся Адамовіча — РС), калі мяне проста скідвалі з пасады.

Я Пяткевіч (Натальля Пяткевіч, тагачасная намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта. — РС) сказаў: «Я гатовы падаць у адстаўку!» На што яна мне сказала: «Вы не даражыце крэслам, якое вам даў прэзыдэнт?» Размова была ў духу: у савецкія часы за такія спэктаклі здымалі з пасады! Я кажу: «Ну дык здымайце!» А сама Пяткевіч ніколі не была на спэктаклі «Ня мой», ніколі! Была хто? Дрыга. І Дрыга пасьпела напісаць на купалаўцаў дакумэнт...

Я памятаю першую Нацыянальную тэатральную прэмію. Мне звоніць Макей, тады кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта, і кажа: «Як вы дайшлі да таго, што паставілі Сьвятлану Зелянкоўскую на адкрыцьцё гэтага канцэрту? Вы ведаеце, чыя яна каханка?..»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG