Калі ў жніўні беларускі рубель «прасеў» адносна замежнай валюты, то ў верасьні ён часткова ўмацаваўся. Свабода распытала экспэртаў, што будзе далей.
30 верасьня даляр, паводле Нацбанку, каштуе 2,62 рубля, эўра — 3 рублі. Напярэдадні даляр даражэў, а сёньня крыху страціў. З пачатку году рубель патаньнеў адносна даляра на 26,6%.
Глядзім, што адбываецца ў абменьніках.
У раёне вуліцы Маякоўскага ў трох абменьніках невялікія чэргі: 2-3 чалавекі. Большасьць прыйшлі не па валюту. Пры гэтым валюта ёсьць; як даляры, так і эўра можна свабодна набыць. У касах кажуць, што «праблемы няма».
У некалькіх абменьніках Цэнтральнага раёну чаргі няма наогул, даляры і эўра таксама ёсьць у свабодным продажы. Касіры запэўніваюць, што «ніякіх перабояў з валютай няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На фоне палітычнага крызісу ў Беларусі даляр і эўра пабілі гістарычныя максымумы
Што адбываецца з рублём
Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, на працягу верасьня «рубель умацоўваўся», а ваганьні выкліканыя «вонкавымі прычынамі».
«Прычына сёньняшніх ваганьняў вонкавая, на днях моцна падаў расейскі рубель, а ўчора тэндэнцыя разьвярнулася. Калі ў жніўні беларускі рубель абваліўся да ўсіх замежных валют, то ў верасьні ён да іх умацаваўся, у меншай ступені да даляра, у большай да расейскага рубля. Валютны кошык за месяц зьнізіўся на 4,6%, таму можна казаць аб частковым узнаўленьні беларускага рубля», — кажа Вадзім Іосуб.
Што далей будзе з рублём
У кароткатэрміновай пэрспэктыве кастрычніка Вадзім Іосуб прагназуе нязначнае, але далейшае ўмацаваньне рубля.
«У людзей няма ў вялікай колькасьці беларускіх рублёў, каб актыўна купляць валюту, сярэднія заробкі зьніжаюцца ў намінальным вымярэньні, тым больш у рэальным з улікам інфляцыі. У кастрычніку гэта будзе працягвацца. Пасьля таго, як Нацбанк заціснуў рублёвую масу, прадпрыемствы ня могуць крэдытавацца пад нізкія адсоткі і купляць валюту. Прадпрыемствы ў верасьні валюту ўжо прадавалі, і гэта можа працягнуцца ў кастрычніку», — мяркуе Вадзім Іосуб.
1 жніўня даляр каштаваў 2,42 беларускага рубля, эўра — 2,89 рубля. Сярэдні заробак у жніўні быў 1276,4 рубля, у параўнаньні зь ліпенем ён зьнізіўся на 11 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: Мы не дапусьцім абвалу нацыянальнай валюты