Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі самая нізкая сьмяротнасьць ад каранавірусу сярод усіх суседзяў. Свабода паглядзела, што ня так з гэтымі лічбамі.
Вось так выглядае сьмяротнасьць ад каранавірусу ў Беларусі і краінах-суседках паводле статыстыкі на 29 верасьня, якая ёсьць у адкрытым доступе (колькасьць агульных выпадкаў і колькасьць памерлых у адсотках)
- Беларусь — 1,05%
- Расея — 1,7%
- Украіна — 1,9%
- Літва — 2%
- Латвія — 2,1%
- Польшча — 2,7%
Пра што сьведчыць статыстыка
Былы міністар аховы здароўя, а цяпер кіраўнік Гарадзеншчыны Ўладзімер Каранік назваў беларускі шлях барацьбы з каранавіруснай інфэкцыяй «пасьпяховым». І з афіцыйнай статыстыкі сапраўды вынікае так.
Белстат не апублікаваў дадзеныя аб сьмяротнасьці ад усіх хваробаў сёлета. Але гэтыя зьвесткі знайшліся на сайце ААН, па месяцах. У красавіку, траўні і чэрвені колькасьць агульных сьмерцяў (усе прычыны) у гэтай статыстыцы павялічваецца.
Напрыклад, у чэрвені 2019 году ў Беларусі памерлі 9263 чалавекі, а ў чэрвені 2020 году — ужо 13 016 (сьмяротнасьць у траўні не дасягала 10 тысяч з 2012-га па 2019 год). У траўні летась памерлі 10 657 чалавек, а сёлета ў траўні — 11 966. Такая сьмяротнасьць для цёплых месяцаў проста не характэрная, калі паглядзець статыстыку за некалькі гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стратэгія Беларусі ў барацьбе з COVID-19 па пасьпяховасьці параўнальная з падыходам Швэцыі, — Мінздароўя
«Сьмерці ад каранавірусу схавалі ў іншыя хваробы»
Былы дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія» Аляксандар Мрочак у інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождь» выказаўся наконт імавернага заніжэньня ў Беларусі статыстыкі сьмяротнасьці ад каранавірусу.
«Хваробы сыстэмы кровазвароту складаюць у статыстыцы 58% сьмерцяў у Беларусі, абганяючы значна іншыя краіны. Я думаю, і такія факты ў мяне ёсьць (не скажу, што па ўсіх тысячах сьмерцяў), што можна ставіць дыягназ „ішэмічная хвароба сэрца“, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што пацыент памёр ад лёгачнай недастатковасьці, зьвязанай з каранавіруснай інфэкцыяй», — сказаў Мрочак.
Паводле Міністэрства здароўя Беларусі, на 28 верасьня з пачатку эпідэміі ў 77 946 чалавек выявілі каранавірус. Загінулі ад яго (у афіцыйнай статыстыцы) 822 пацыенты.
6 верасьня ў справаздачах ААН знайшлася статыстыка сьмяротнасьці ў Беларусі, зь якой вынікае, што сьмяротнасьць за красавік—чэрвень 2020 году ў Беларусі перавысіла сярэднюю ў гэтыя месяцы за апошнія 5 гадоў прыкладна на 5500 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Неправераную расейскую «вакцыну» ад каранавірусу плянуюць пачаць выпрабоўваць на беларусах 1 кастрычніка