Насельніцтва Беларусі за 20 гадоў скарацілася амаль на 631,8 тысячы чалавек, пры гэтым гарадзкіх жыхароў стала больш. Такія лічбы па выніках перапісу насельніцтва 2019 году падае Нацыянальны статыстычны камітэт.
Калі ў 1999 годзе ў Беларусі стала пражывалі 10 045 237 чалавек, дык у 2009-м — 9 503 807, а ў 2019-м — 9 413 446.
Урбанізацыя
- Колькасьць гарадзкога насельніцтва за апошнія 20 год павялічылася на 338,3 тысячы: у 1999 годзе ў гарадах жылі 6 961 516 чалавек, у 2019-м — 7 299 989.
- А вяскоўцаў, наадварот, стала менш прыкладна на 970 тысяч: у 2019 годзе ў вёсках Беларусі жылі 2 113 457 чалавек.
Ва ўсіх абласьцях колькасьць насельніцтва паступова скарачаецца, а вось у сталіцы яна расьце: у 1999 годзе ў Менску жылі 1 680 567 чалавек, у 2009-м — 1 836 808, у 2019-м — 2 018 281.
Насельніцтва старэе
Статыстыка па ўзросьце адпавядае агульнаэўрапейскім тэндэнцыям — насельніцтва Беларусі старэе:
- у 1999 годзе ў Беларусі было 2 131 869 жыхароў, маладзейшых за працаздольны ўзрост, працаздольнага ўзросту — 5 752 100, старэйшых — 2 160 103,
- у 2019-м, адпаведна: 1 683 957 — 5 420 271 — 2 309 218.
У большасьці рэгіёнаў сёньня чвэрць насельніцтва складаюць пажылыя людзі. У цэлым па Беларусі — 24,5%.
Чым мужчыны старэйшыя, тым іх менш
На 2019 год у Беларусі было 4 351 473 мужчыны і 5 061 973 жанчыны: на тысячу мужчын прыпадае 1163 жанчыны. Аднак да 25 гадоў суадносіны іншыя: хлопчыкаў і хлапцоў больш, чым дзяўчынак і дзяўчат. Перакос у другі бок пачынаецца з 25-гадовага ўзросту і далей толькі расьце, што зьвязана з вышэйшай сьмяротнасьцю сярод мужчын. У жанчын сярэдняя прагназаваная працягласьць жыцьця вышэйшая прыкладна на 10 гадоў.
Сярэдні ўзрост жыхара Беларусі сёньня — 40,7 года, пры гэтым у мужчын — 38 гадоў, у жанчын — 43.
Усё менш пар бяруцца шлюбам
- У 1999 годзе мужчын, якія ніколі не былі ў шлюбе, налічвалася 900 683, празь дзесяць гадоў — 988 446, праз дваццаць — 801 784.
- Сярод жанчын назіраецца аналягічная хваля — незамужніх было адпаведна 735 792 — 793 714 — 617 335.
Колькасьць тых, хто знаходзіцца ў зарэгістраваным або грамадзянскім шлюбе, таксама зьменшылася, а вось тых, хто разьведзены, — павялічылася.