На фоне другой хвалі пандэміі каранавірусу, якая пачалася, у шэрагу краінаў аднаўляюцца жорсткія карантынныя захады. На якія крокі ідуць улады і каму пагражае татальны карантын — агляд сытуацыі зрабіла «Нямецкая хваля».
Скачок колькасьці новых заражэньняў каранавірусам у шэрагу эўрапейскіх краінаў прымусіў многіх палітыкаў сур’ёзна задумацца пра магчымасьць паўторных нацыянальных лакдаўнаў. Са свайго боку камісар ЭЗ у пытаньнях здароўя Стэла Кірыякідзіс заклікала кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць гэтага сцэнару. «Магчыма, гэта наш апошні шанец прадухіліць паўтор таго, што мы перажылі вясной», — заявіла яна.
Вялікая Брытанія: штрафы за парушэньне самаізаляцыі
Мяркуючы па разьвіцьці эпідэміялягічнай сытуацыі ў Вялікай Брытаніі, пагроза паўторнага лакдаўну для краіны робіцца ўсё больш рэальнай. 25 верасьня Нацыянальнае статыстычнае ведамства апублікавала дадзеныя, паводле якіх толькі ў Ангельшчыне ад 19 да 25 верасьня каранавірусам былі заражаныя амаль 103 600 чалавек.
Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонза Гопкінза, з пачатку пандэміі ў Вялікай Брытаніі было выяўлена 418 889 заражэньняў SARS-CoV-2, а 41 991 пацыент памёр ад наступстваў COVID-19. Каб прадухіліць паўторны лакдаўн на фоне другой хвалі пандэміі, урад Борыса Джонсана вырашыў зрабіць больш жорсткімі абмежаваньні, накіраваныя на барацьбу з COVID-19, і ўвёў высокія штрафы за іх парушэньні.
Так, з 28 верасьня ў Ангельшчыне пацыентам з пазытыўным тэстам на каранавірус за першае парушэньне самаізаляцыі давядзецца заплаціць штраф памерам 1000 фунтаў стэрлінгаў. Пры паўторным парушэньні гэтая сума вырасьце да 10 000 фунтаў. Пры гэтым прадстаўнікі малазабясьпечаных пластоў насельніцтва, якія ня могуць працаваць з дому, змогуць атрымаць ад ураду кампэнсацыю за вымушаную самаізаляцыю памерам 500 фунтаў стэрлінгаў.
Францыя: успышка каранавірусу ў Марсэлі
У Францыі 24 верасьня быў зарэгістраваны рэкордны дзённы прырост заражэньняў каранавірусам — 16 096. Адзін з гарадоў, якія пагражаюць ператварыцца ў новыя ачагі распаўсюду інфэкцыі, — Марсэль. Насельніцтва гораду з ваколіцамі складае 1,9 млн чалавек, новых заражэньняў на 100 тысяч жыхароў — 281 выпадак. Гэта амаль у шэсьць разоў вышэй за максымальна дапушчальную мяжу.
Імкнучыся затармазіць рост колькасьці новых заражэньняў, урад Францыі абвясьціў аб увядзеньні новых абмежавальных захадаў на поўдні краіны. З 26 верасьня ў Марсэлі плянуецца закрыць усе рэстараны, бары, фітнэс-клюбы і іншыя ўстановы, якія прымаюць вялікую колькасьць наведнікаў.
Жыхары Марсэля і ваколіц сустрэлі паведамленьне аб закрыцьці рэстаранаў з гневам і неразуменьнем, а кіраўнік рэгіёну Праванс-Альпы-Лязурны бераг Рэно Мюзэлье заявіў, што будзе дамагацца ў судзе скасаваньня адпаведнага распараджэньня Парыжу.
Гішпанія: у Мадрыдзе ўзмоцнены рэжым лакдаўну
У шэрагу раёнаў Мадрыду, а таксама ў яго прадмесьцях лік новых выпадкаў заражэньня каранавірусам на 100 тысяч насельніцтва цяпер перавышае 1000. Кіраўніца гарадзкой адміністрацыі Мадрыду Ісабэль Дыяс Аюса абвясьціла аб пашырэньні рэжыму лакдаўну, які ўжо дзейнічае ў 37 раёнах гораду, на восем іншых раёнаў. Цяпер у рэжыме лакдаўну жывуць каля мільёна зь сямі мільёнаў жыхароў гішпанскай сталіцы.
Раней урад Мадрыду папрасіў у цэнтральнага ўраду Гішпаніі дапамогі ў барацьбе з пандэміяй. Паведамляецца, што ў яе рамках будуць задзейнічаныя і вайскоўцы. Жыхары Мадрыду сустрэлі паведамленьне аб пашырэньні рэжыму лакдаўну пратэстамі.
Цяпер на Мадрыд прыпадае каля траціны ўсіх шпіталізацыяў у сувязі з COVID-19 у Гішпаніі. Усяго ад пачатку пандэміі ў краіне было выяўлена 704 209 выпадкаў заражэньня SARS-CoV-2, 10 000 зь іх — за суткі ад 24 да 25 верасьня. Ад наступстваў COVID-19 у Гішпаніі ўжо памерлі 31 118 чалавек.
Нямеччына: абмежаваньні на лякальным узроўні
Паводле дадзеных Інстытуту імя Робэрта Коха, раніцай 25 верасьня сутачны прырост заражэньняў у Нямеччыне склаў 2153 выпадкі і трэці раз за тыдзень перавысіў парог 2000 выпадкаў. Аб паўторным лакдаўне ў Нямеччыне пакуль гаворка не ідзе, аднак на фоне актуальнай эпідэміялягічнай сытуацыі міністар здароўя Нямеччыны Енс Шпан заклікаў суграмадзян адмовіцца ад адпачынкаў за мяжой увосень і ўзімку.
Што тычыцца магчымага ўзмацненьня жорсткасьці захадаў па барацьбе з інфэкцыяй, то міністар здароўя выступае супраць увядзеньня абавязковага нашэньня масак па ўсёй Нямеччыне і за рэгуляваньне абмежаваньняў на ўзроўні фэдэральных земляў. «Абмежаваньні трэба ўводзіць у залежнасьці ад сытуацыі», — падкрэсьліў Шпан.
Раней канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель выказала аналягічную думку. «У дачыненьні да кожнай меры па барацьбе з пандэміяй, якая ўводзіцца на фэдэральным узроўні, трэба абдумаць, ці дарэчная яна і ці дапаможа яна дасягнуць мэты», — сказала Мэркель.
У жніўні ў некаторых гарадах Германіі, такіх як Бэрлін і Штутгарт, прайшлі шматтысячныя пратэсты супраць мераў ураду па барацьбе з пандэміяй. У прыватнасьці, удзельнікі гэтых дэманстрацыяў выступалі супраць магчымай абавязковай вакцынацыі і патрабавалі адмяніць абавязковае нашэньне масак дзецьмі. Акрамя простых грамадзянаў, да гэтых акцыяў рэгулярна далучаліся правыя радыкалы, а таксама прыхільнікі тэорыяў змовы, якія адмаўляюць само існаваньне каранавірусу.
Бэльгія: колькасьць заражэньняў расьце, а абмежаваньні зьмякчаюць
На пачатку другой хвалі пандэміі Бэльгія вылучаецца на агульнаэўрапейскім фоне тым, што ня толькі ня робіць больш жорсткімі меры супраць распаўсюджваньня інфэкцыі, але нават аслабляе іх.
Нягледзячы на тое, што колькасьць заражэньняў каранавірусам у краіне за апошнія тыдні павялічылася на 65%, кіраўніца ўраду Бэльгіі Сафі Вільмэс 24 верасьня абвясьціла, што ад 1 кастрычніка нашэньне масак у краіне будзе абавязковым толькі ў шматлюдных месцах, а таксама ў грамадзкім транспарце, крамах і кінатэатрах. Да гэтага часу за адмову ад нашэньня маскі ў Бэльгіі дзейнічалі вельмі высокія штрафы. Напрыклад, у Брусэлі штраф за зьяўленьне на люднай вуліцы бяз маскі складаў летам 250 эўра.
Акрамя таго, карантынны тэрмін для людзей, якія прыбываюць з краінаў з павышанай рызыкай заражэньня, будзе скарочаны ў Бэльгіі з 14 да 7 дзён. «Пандэмія яшчэ не пераадоленая, але людзям неабходна навучыцца жыць з гэтым вірусам», — падкрэсьліла Вільмэс.
Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонза Гопкінза, агульная колькасьць заражэньняў у Бэльгіі ад пачатку пандэміі складае 108 768 выпадкаў, 9965 чалавек у каралеўстве памерлі ад COVID-19.