Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў рабочыя МТЗ, БелАЗ, МЗКЦ ды іншыя буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы заяўлялі пра страйкі, якія перарасьлі ў італьянскія забастоўкі. Свабода паглядзела, як гэта адбілася на эканоміцы.
МТЗ
3190 — столькі трактароў для сельскай і лясной гаспадаркі выпусьцілі ў Беларусі ў жніўні. Гэта сярэдні паказьнік за месяц, і ён не нашмат меншы, чым у ліпені 2020-га, вынікае са справаздачы Белстату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Дылеўскі выйшаў на волю пасьля 25 сутак арыштуЗа мінулы год завод працаваў з чыстым прыбыткам у 100 мільёнаў рублёў, за год прыбытак вырас у 37 разоў. Таксама завод мае 468 мільёнаў рублёў доўгатэрміновых абавязаньняў. Тут працуюць 15,7 тысячы чалавек.
БелАЗ
22 — столькі кар’ерных самазвалаў выпусьцілі ў Беларусі за жнівень, і гэта антырэкорд. У ліпені, напрыклад, выпусьцілі 32 самазвалы, а ў студзені — 42.
У 2019 годзе чысты прыбытак заводу склаў 256 мільёнаў рублёў. Завод мае на 65 мільёнаў крэдытаў, тут працуюць 11 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якім стане беларускія прадпрыемствы, дзе адбыліся частковыя ці лякальныя страйкі18 верасьня стала вядома, што БелАЗ выпусьціў аблігацыі на 100 мільёнаў даляраў пад 7% гадавых. Аблігацыі прададзеныя чатыром беларускім банкам, сярод іх два дзяржаўныя («Беларусбанк» і «Белаграпрамбанк»).
21 верасьня на БелАЗе зьмяніўся дырэктар, новым стаў Сяргей Нікіфаровіч.
МАЗ
199 — столькі самазвалаў для эксплюатацыі ва ўмовах бездарожжа выпусьцілі ў Беларусі ў жніўні; МАЗ — асноўны вытворца гэтай прадукцыі. У ліпені такіх самазвалаў выпусьцілі 207, а ў чэрвені — 255.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «За Лукашэнку былі толькі намесьнікі генэральнага дырэктара». Звольненаму рабочаму МАЗу дапамог фонд салідарнасьціЗьнізіўся і выпуск аўтобусаў: 68 штук за жнівень супраць 146 у ліпені.
Італьянская забастоўка і эканоміка
Буйныя беларускія заводы маюць мільённыя даўгі, хоць многія сёлета паказалі прыбыткі. Паводле фінансавага аналітыка Вадзіма Іосуба, цяжкасьці ў прадпрыемстваў пачаліся яшчэ зь вясны, ад каранавірусу.
«Ня думаю, што страйкі ў тым ці іншым выглядзе паўплывалі на стан прадпрыемстваў. Гаворка, хутчэй за ўсё, пра страты ў вытворчасьці за 1-2 дні, гэта на некаторых прадпрыемствах. Стратныя прадпрыемствы стратныя таму, у тым ліку, што не зарабляюць сабе на заробак, таму ім даюцца крэдыты пад гарантыяй дзяржавы», — кажа Вадзім Іосуб.
Большасьць беларускіх банкаў перастала выдаваць крэдыты фізычным асобам, але «заводам крэдыты могуць выдзяляцца дырэктыўна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці захопіць Расея прамысловыя актывы Беларусі падчас крызісу«Рэсурс не бясконцы, як і гарызонт плянаваньня. Цяпер эканамічным блёкам прымаюцца нейкія хуткія рашэньні, і ніхто не думае, як гэта адаб’ецца», — мяркуе Вадзім Іосуб.
Чаму не атрымалася страйку
Забастоўка ў сваім клясычным выглядзе на беларускіх прадпрыемствах усё ж не атрымалася, гэта зьвязана «з адсутнасьцю сур’ёзнай сацыяльнай падтрымкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік найбуйнейшага нарвэскага партнэра «Беларуськалію» сустрэўся са страйкамаўцамі ў Салігорску«Складана казаць пра маштабны страйк, бо незразумела, на што жыць працоўным. У сьвеце ёсьць прафсаюзы, якія са сваіх фондаў могуць некага падтрымліваць, у нас такога няма, таму цяжка ўявіць, каб людзі адмовіліся ад заробкаў і селі дома», — мяркуе Вадзім Іосуб.
Аб’ём прамысловай вытворчасьці ў Беларусі за 8 месяцаў гэтага году зьнізіўся на 2,2% у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.