Рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгіяў заплацілі за паўгода ў бюджэт 191,8 мільёна рублёў падаткаў. Гэта на 50 мільёнаў рублёў больш (+35,2%), чым за студзень-чэрвень летась, піша dev.by са спасылкай на Міністэрства падаткаў і збораў.
Адзін рэзыдэнт ПВТ прынёс у бюджэт у сярэднім 234,8 тысячы рублёў або 100,6 тысячы даляраў. Кампаніі, зарэгістраваныя ў Менску, заплацілі 90% усіх падаткаў (174,1 мільёна рублёў). Агулам у ПВТ 886 кампаніяў.
Тым часам усё больш беларускіх ІТ-кампаніяў заяўляюць пра гатоўнасьць перанесьці бізнэс. Сотні ІТ-супрацоўнікаў затрымалі і зьбілі падчас пасьлявыбарчых мірных акцыяў пратэсту. Адсутнасьць у краіне інтэрнэту, блякаваньне онлайн-сэрвісаў паставілі пад пагрозу працу многіх беларускіх кампаніяў, выклікалі трывогу ў іхных амэрыканскіх і эўрапейскіх партнэраў.
Чарговым штуршком стаў перасьлед топ-мэнэджара кампаніі PandaDoc Віктара Куўшынава. Яго абвінавацілі ў «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры» (частка 4 артыкулу 210 Крымінальнага кодэксу з пакараньнем ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць топ-мэнэджара кампаніі PandaDoc завялі крымінальную справуУчора міністар эканомікі і інавацыяў Літвы Рымантас Сінкявічус расказаў, што яго ведамства ўжо атрымала зварот ад 21 прадпрыемства беларускай ІТ-галіны. Каля паловы — буйныя кампаніі, здольныя адкрыць свае офісы ў Літве.
Аднак цяпер існуе абмежаваньне банкаў, якія, згодна з законам аб адмываньні грошай, не даюць адкрываць рахункі. Міністар прапануе папраўкі да законаў, якія дазволілі б гэта рабіць замежным юрыдычным асобам.
Урад Літвы разглядае плян дапамогі пацярпелым ад рэпрэсіяў рэжыму ў Беларусі. У гэтым пераліку стыпэндыі для студэнтаў, працаўладкаваньне спэцыялістаў ІТ-сфэры, спрашчэньне выдачы візаў грамадзянам Беларусі і г.д.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва абяцае беларусам гуманітарную дапамогу, стыпэндыі, запросіць ІТ-кампанііУ канцы жніўня кампанія «Яндэкс» пачала эвакуацыю супрацоўнікаў менскага офісу ў Расею пасьля таго, як у беларускія філіі «Яндекс» і Uber прыйшлі ўзброеныя людзі ў чорным. Яны назваліся супрацоўнікамі ўпраўленьня МУС у барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апытаньне ў LinkedIn: 12 ІТ-кампаній у працэсе поўнага пераезду зь Беларусі, 59 — частковагаТаксама пра часовае закрыцьцё офісу ў Менску абвясьціў вядомы на ўвесь сьвет мэсэнджар Viber, а рэзыдэнт ПВТ кампанія Godel Technologies перавяла частку супрацоўнікаў ва Ўкраіну.