Праз тыдзень пасьля ўдзелу ў страйку сьлесара галоўнага аўтазборачнага цэху МАЗу Сямёна Фёдарава звольнілі «за невыкананьне працоўных абавязкаў». Але малады чалавек не шкадуе, што далучыўся да страйку.
Сямён Фёдараў расказаў пра цяперашнюю сытуацыю на МАЗе і пра фонд салідарнасьці з рабочымі, які дапамагае яму пасьля звальненьня.
«У перамогу Лукашэнкі ніхто ня верыў»
Сямён расказаў, чаму ён лічыць, што ягоны голас, як і галасы тысяч работнікаў МАЗу, пададзеныя за Сьвятлану Ціханоўскую, прыпісалі Аляксандру Лукашэнку.
«Жыву я ў мікрараёне Шабаны, там шмат рабочых МАЗу ды іншых заводаў. Па настроях ведаю, што людзі ў асноўным галасавалі за Ціханоўскую, стаялі нават чэргі. Выніковых пратаколаў на нашых двух участках чакалі чалавек 200-300, але так і не дачакаліся, на людзей выклікалі АМАП. А потым абвяшчаюць вынік, што нібыта за Лукашэнку 80% — хіба ў гэта можна паверыць?», — успамінае дзень выбараў Сямён Фёдараў.
На наступны дзень ён выйшаў на працу. Рабочыя цікавіліся, што адбывалася ў цэнтры гораду ўвечары 9-га, але, паводле Сямёна, цікаўнасьць яшчэ была сярэдняя. А вось калі праз два дні ўключыўся інтэрнэт і стала вядома пра зьбіцьцё пратэстоўцаў у аўтазаках і на Акрэсьціна, людзі абурыліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя затрымала старшыню страйкаму МАЗу, на працаўнікоў узмацняюць ціск«Сходы пачаліся 13-га, у чацьвер, а 17-га ўжо 2-3 тысячы выйшлі да прахадной і абвясьцілі пра страйк. І адразу з адміністрацыі нас пачалі запалохваць, казалі, што мы ня маем права страйкаваць. Але людзі не супакойваліся, бо ў перамогу Лукашэнкі ніхто ня верыў. На сходах задавалі пытаньне, хто галасаваў за Ціханоўскую, і падымаўся лес рук, а за Лукашэнку былі толькі намесьнікі гендырэктара. Што да гендырэктара, дык ня памятаю, каб той казаў, што галасаваў за Лукашэнку. Памятаю толькі, што выкручваўся ўвесь час і нават забіраў мікрафон у выступоўцаў, калі што не падабалася», — расказаў Сямён Фёдараў пра першыя сходы рабочых МАЗу пасьля выбараў.
Паводле маладога рабочага, у іхным галоўным аўтазборачным цэху пачалі зьбіраць подпісы за ўдзел у страйку з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі, правядзеньня новых сумленных выбараў і вызваленьня палітвязьняў. Ён сам сабраў каля 30 подпісаў, усяго сабралі недзе пад 50. Сямён кажа, патрабаваньне адстаўкі Лукашэнкі і ягонага ўраду падтрымлівала большасьць, а вось на страйк пагадзілася меншая частка. І ўсё ж яны пачалі забастоўку.
«Сядзелі групамі. У нашай групе было чалавек 10. Прычым на нашыя працоўныя месцы, здаецца, так нікога і не прызначылі. У выніку машыны з канвэера сыходзілі недаўкамплектавныя. А праз 4 дні, 19-га жніўня, на нас падрыхтавалі загады на звальненьне ды звольнілі. Але ў мяне асабіста нават тлумачэньняў не ўзялі. За маёй сьпінай склалі пратакол — і гатова. Зь іншымі тое самае», — падзяліўся Сямён Фёдараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МАЗ паказальна звальняе самых актыўных страйкоўцаўЦі працягваецца частковы страйк рабочых МАЗу?
Магчымасьці прайсьці на завод у Сямёна Фёдарава ўжо няма, ягоны пропуск анулявалі. З таго, што Сямён ведае ад іншых рабочых, на МАЗе частка рабочых у рознай форме працягваюць пратэставаць.
«Ёсьць тыя, хто трымае так званую італьянскую забастоўку — знаходзяцца на працоўных месцах, але не працуюць. Ёсьць нават тыя, хто брак выпускае. У выніку частка запчастак не даходзіць да месца прызначэньня і ня ўсе машыны сабраныя як мае быць. Ведаю, што за дзень каля 120 неўкамплектаваных машын сыходзіць з канвэера, хаця норма на дзень — 30», — паведаміў былы сьлесар мэханазборачных работ з МАЗу Сямён Фёдараў. Як ён мяркуе, каля 30% рабочых МАЗу дагэтуль не адмовіліся ад намеру страйкаваць.
Яшчэ адным наступствам пратэставых настрояў на МАЗе, паводле суразмоўцы, ёсьць тое, што працаўнікі пачалі выходзіць з афіцыйнага прафсаюзу. «Мне не давялося, бо і ня быў сябрам прафсаюзу, а вось хлопцы нашы адзін за другім ужо выходзяць», — сказаў малады чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У якім стане беларускія прадпрыемствы, дзе адбыліся частковыя ці лякальныя страйкі
«Завод стары, плацяць мала»
«Фонд салідарнасьці аказаў мне дапамогу грашыма і юрыдычнымі парадамі. Далі 4 тысячы рублёў дапамогі і падрыхтавалі пазоў у суд да МАЗу. Хопіць пратрымацца, пакуль буду судзіцца. Хачу даказаць, што звольнілі мяне незаконна. А там паглядзім. Калі шчыра, на МАЗ вяртацца не гару жаданьнем, бо завод стары, плацяць мала. Мой месячны заробак быў 500 рублёў, і без асаблівых пэрспэктыў на падвышэньне. Хіба з такім заробкам можна завесьці сям’ю і нармальны жыць? » — абураецца Сямён Фёдараў.