Ці будуць пакараныя службовыя асобы, які выдавалі злачынныя загады жорстка затрымліваць людзей, катаваць і зьдзекавацца зь іх у пастарунках? Ці адкажуць тыя, хто выконваў злачынныя загады?
Адвакат Дзьмітры Гарачка мяркуе, што гэта магчыма.
Паводле артыкулу 40 Крымінальнага кодэксу Беларусі, асоба, якая зьдзейсьніла наўмыснае злачынства, падпарадкаваўшыся загаду, нясе за гэта крымінальную адказнасьць на агульных падставах. Адмова ад выкананьня злачыннага загаду не караецца крымінальнай адказнасьцю.
Першы пункт артыкулу 40 кажа, што крымінальную адказнасьць за прычыненьне шкоды нясе той, хто выдаў незаконны загад:
«Не зьяўляецца злачынствам прычыненьне шкоды інтарэсам, якія ахоўвае гэты Кодэкс, асобаю, якая дзейнічае, выконваючы абавязковы для яе загад ці распараджэньне, выдадзеныя ўстаноўленым чынам. Крымінальную адказнасьць за прычыненьне такой шкоды нясе асоба, якая выдала незаконны загад ці распараджэньне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «АМАП не даваў нам вывозіць людзей з Акрэсьціна». Страшны аповед мэдыка аб працы ў турме. ВІДЭА
Даказаць, што загад быў у вуснай форме, цяжка, але магчыма
Адвакат Дзьмітры Гарачка тлумачыць, што спачатку трэба высьветліць, ці быў загад на жорсткія дзеяньні наагул, ці быў ён належна аформлены. Калі быў, то ў якім выглядзе — пісьмовым ці вусным.
«Пісьмовы загад павінен быць зарэгістраваны і ў ім дакладна мусіць быць напісана, што каму даручаюць. Тут прасьцей: трэба праверыць гэты загад на адпаведнасьць дзейнаму заканадаўству, і праблема закрыта», — кажа адвакат Дзьмітры Гарачка.
Калі загад быў у вуснай форме, то, як паказвае судовая практыка, даказаць гэта надзвычай складана.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я чуў па міліцэйскай рацыі загады ўжываць любыя спэцсродкі аж да агнястрэльнай зброі»«Бо любая службовая асоба будзе казаць, што яна такога загаду не давала. І тут ужо ўзьнікае „эксцэс выканаўцы“, які выйшаў за межы таго, што мусіў выконваць. Які, скажам так, „перагнуў палку“. Ён павінен панесьці адказнасьць. Але толькі ў тым выпадку, калі набярэцца вялікая колькасьць ускосных доказаў, што ён перавысіў паўнамоцтвы.
Але калі ня будзе вызначана дакладна, даслоўна, які быў загад начальніка, на што канкрэтна накіраваны, то ён ня будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. А той, хто выконваў і перагнуў — будзе. Паўтаруся: пры ўмове, калі выканаўца ня змог даказаць, што быў такі загад», — тлумачыць адвакат Дзьмітры Гарачка.
Паводле юрыста, камандзіры маглі сказаць: «Хлопцы, рабіце, што хочаце, а вы вас, калі што, потым прыкрыем». Ён не выключае такога варыянту.
«Альбо калі выканаўца разумее, што ён можа рабіць што хоча, і за гэта яму нічога ня будзе. Бо загад быў дадзены ў вельмі расплывістай форме. І тут ужо ў каго наколькі сумленьня ці маральных абмежаваньняў хапае», — патлумачыў Дзьмітры Гарачка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Міліцыянткі жартавалі і ўсьміхаліся, а побач білі людзей». Менскі інжынэр пра зьбіцьцё і траўмы
Каб пакараць службовых асобаў, неабходныя доказы і сьведкі
Што да шматлікіх сьведчаньняў пра жорсткія затрыманьні, катаваньні, зьверствы ў міліцэйскіх пастарунках і ў ізалятарах, адвакат кажа, што трэба адкінуць эмоцыі і пастарацца канкрэтна вызначыць вінаватых, а не агулам абвінавачваць, да прыкладу, увесь АМАП.
Ён раіць абавязкова зьвяртацца менавіта ў Сьледчы камітэт з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу. Але з доказамі, сьведкамі. Ёсьць дакладна вызначаны парадак, кажа ён.
«Спачатку правільна фіксуюцца цялесныя пашкоджаньні, фіксуюцца знакі пабіцьця. Калі адразу не ўдаецца прайсьці судова-мэдычную экспэртызу, неабходна, каб ўсё падрабязна апісаў лекар. Каб потым адмыслоўцу было зразумела, якія цялесныя пашкоджаньні нанесеныя, калі. Абавязкова пазначаць абставіны, пры якіх яны атрыманыя.
Потым сьледчы праводзіць праверку, заводзіць справу, дапытвае сьведкаў. І вызначаецца канкрэтная асоба, якая прычыніла пашкоджаньні. І гэтую асобу прыцягваюць да крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Хэльсынскі камітэт патрабуе ад СК завесьці крымінальную справу за масавыя катаваньні людзей у БеларусіЦяпер працэс пайшоў. Я ведаю ад калег, што заявы актыўна падаюць. Але зразумейце правільна: рашэньні па іх будуць прымацца не імгненна. Не раней чым празь месяц. Пакуль ня пройдуць экспэртызы і ўсе сьледчыя дзеяньні, калі ў сьледчага будуць пэўныя падставы», — папярэджвае адвакат.
Дзьмітры Гарачка расказаў, што да яго ўжо зьвярнуліся некалькі чалавек, затрыманьне якіх здымалі сябры. І знайшліся сьведкі з боку, якія бачылі, што чалавек не супраціўляўся, быў заведзены ў аўтазак без усялякага супраціву.
«Тады лёгка можна даказаць, што цялесныя пашкоджаньні нанесьлі пазьней: альбо ў аўтазаку, альбо ў пастарунку, альбо ў ізалятары.
Што да зьдзекаў і катаваньняў у турмах на Акрэсьціна, у пастарунках, таксама патрэбныя доказы і сьведкі. Калі чалавек памятае, хто зь ім быў у камэры — гэтых людзей трэба залучыць як сьведкаў.
То бок каб прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў паводле закону, трэба падаваць доказы», — падсумоўвае адвакат Дзьмітры Гарачка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніхто не расьсьледуе справу 16-гадовага хлопца, які трапіў у кому пасьля Партызанскага РУУС ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя застануцца інвалідамі», — мянчук атрымаў тры кулявыя раненьні і быў зьбіты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтавалі да вайны супраць свайго народу». Падпалкоўнік міліцыі расказаў, як рыхтаваліся да выбараў і зьбіцьця ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дабіваць параненага — гэта апошняя стадыя нізасьці». Доктар-рэаніматоляг пра траўмы і пакуты пацярпелых ад сілавікоў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мяне зьбівала жанчына», — 23-гадовы хлопец расказаў пра катаваньні ў міліцыі. ВІДЭА