Сытуацыя раўнавагі доўга захоўвацца ня можа. Калі адзін бок дзейнічае нерашуча, то гэтае дае падставу другому боку канфлікту перайсьці ў контранаступ. Што мы і бачым сёньня.
Сьцісла
- Прагрэсіўная грамадзкасьць зарана пасьпяшалася сьвяткаваць перамогу рэвалюцыі.
- За паўтара тыдня пратэстаў народ атрымаў толькі адну перамогу. На вуліцах пратэстоўцаў перасталі біць і хапаць, вызвалілі большасьць затрыманых.
- Фатальную ролю ў ходзе беларускай рэвалюцыі можа адыграць адсутнасьць кіраўніцтва, агульнага штабу, нейкага хоць бы прыблізнага пляну дзеяньняў.
- Беларускай рэвалюцыі яўна бракуе лідэрства.
- Улады эфэктыўна скарысталіся гэтай сытуацыяй і паступова пераходзяць у контранаступ.
У нядзелю, 16 жніўня, калі ў Менску адбыўся, як пішуць некаторыя, найбольшы мітынг у гісторыі Беларусі, а ў цэлым у краіне ў пратэстах удзельнічалі каля паўмільёна чалавек, прагрэсіўная грамадзкасьць пасьпяшалася адсьвяткаваць перамогу рэвалюцыі. У грамадзтве дамінавала вялікая эўфарыя. Усе захапляліся парадкам падчас вулічных акцыяў. Пратэстоўцы хадзілі на зялёнае сьвятло сьвятлафора, прыбіралі за сабой сьмецьце. Мой калега Віталь Цыганкоў прапанаваў назваць усё гэтае дзейства «чыстай рэвалюцыяй».
Чысьціня і парадак, абсалютна мірныя мэтады — гэта ўсё добра. Але ўсякая рэвалюцыя разьвіваецца паводле сваіх законаў. Адзін з такіх законаў палягае ў тым, што рэвалюцыя штодзень павінна дасягаць хоць маленькіх перамог. Калі гэтага няма, то існая ўлада, хоць бы ў сілу інэрцыі працэсу, атрымоўвае перадых і ўмацоўвае свае пазыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супрацоўнікаў БТ, якія страйкуюць, замянілі супрацоўнікамі Russia TodayЗа паўтара тыдня пратэстаў народ атрымаў толькі адну перамогу. На вуліцах пратэстоўцаў перасталі біць і хапаць, вызвалілі большасьць затрыманых у гэтыя дні людзей, улады мякка выбачыліся за «перагіны».
І на гэтым ўсё. На далейшыя саступкі ўлады ісьці катэгарычна адмаўляюцца. Ня вызваленыя палітвязьні. Улада нават не спыніла частковага блякаваньня інтэрнэту. Рэвалюцыя, якая за паўтара тыдні не можа дамагчыся вызваленьня палітвязьняў, відавочна, буксуе. Пакуль муры ня валяцца.
Шмат пісалі пра цудоўную здольнасьць грамадзтва да самаарганізацыі. Сапраўды, за гэтыя некалькі месяцаў у Беларусі сфармавалася грамадзянская супольнасьць, завяршаецца працэс фармаваньня нацыі.
Але нацыя, паводле вызначэньня амэрыканскага сацыёляга Карла Дойча, — гэта грамадзтва, якое авалодала дзяржавай. Але ў беларускім выпадку пакуль дзяржава ў іншых руках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакуль без галадоўкі. Страйкам «Беларуськалію» вырашыў працягваць забастоўкуСамаарганізацыя — гэта цудоўна. Але, гледзячы па ўсім, фатальную ролю ў ходзе беларускай рэвалюцыі можа адыграць якраз адсутнасьць кіраўніцтва, агульнага штабу, нейкага хоць бы прыблізнага пляну дзеяньняў. Няма цэнтру прыняцьця рашэньняў. Штаб Сьвятланы Ціханоўскай ня стаў браць на сябе гэтую функцыю. Толькі цяпер створана Каардынацыйная рада, якая яшчэ толькі зьбіраецца пачаць працу. Але з самага пачатку яе прадстаўнікі заявілі, што, барані Божа, яна не прэтэндуе на ўладу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павал Латушка: «Мы хочам, каб пачаўся працэс зьменаў»Беларускай рэвалюцыі яўна бракуе лідэрства. Лідэры апазыцыі шмат гадоў марылі пра народны ўздым. Цяпер жа, калі ён здарыўся, усе схаваліся ў бульбу. Як калісьці пісаў Максім Горкі, «народ прачнуўся, а прарокі ў кабак сышлі». Зразумела, галоўных рэвалюцыянэраў (Міколу Статкевіча, Паўла Севярынца) улады загадзя ізалявалі. Але дзе ж іншыя?
У выніку беларуская рэвалюцыя атрымоўваецца вельмі дзіўнай. Рэвалюцыя ёсьць, а рэвалюцыянэраў — няма.
Улады скарысталіся гэтай сытуацыяй і паступова пераходзяць у наступ. Спробы страйку блякуюць вайсковай сілай. Падчас страйку супрацоўнікаў БТ у будынак Белтэлерадыёкампаніі ўвялі АМАП. Грамадзтва праглынула, і ўлады пайшлі далей. У сераду 19 жніўня акупаваны Купалаўскі тэатар, АМАП разагнаў людзей каля ўваходу ў МТЗ. Наступным крокам будзе ўвод унутраных войскаў на тэрыторыю прадпрыемстваў, якія страйкуюць.
І гэта заканамерна. Сытуацыя раўнавагі доўга захоўвацца ня можа. Калі адзін бок дзейнічае нерашуча, то гэтае дае падставу другому боку канфлікту перайсьці ў контранаступ. Што мы і бачым сёньня.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто кіруе беларускім пратэстам? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая сьмерць. Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў