Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітынг шахцёраў-страйкоўцаў у Салігорску 19 жніўня
Мітынг шахцёраў-страйкоўцаў у Салігорску 19 жніўня

Новая сьмерць. Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў

Што адбываецца ў Беларусі на 11-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

09:46 20.8.2020

12-ы дзень пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў

09:45 20.8.2020

Эўразьвяз асуджае і дае грошы. Лукашэнка загадвае спыніць пратэсты і страйкі. Найважнейшае за 19 жніўня

Эўразьвяз 19 жніўня правёў саміт, на якім кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў заявілі, што не прызнаюць вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі. Удзельнікі саміту адначасова асудзілі гвалт супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі і заклікалі бакі канфлікту да дыялёгу.

Старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен заявіла, што ЭЗ гатовы выдзеліць значную падтрымку Беларусі ў рамках «Усходняга партнэрства». «Эўракамісія выдзеліць дадатковыя 53 млн эўра для падтрымкі беларускага народу ў гэты цяжкі час. 2 млн эўра будуць выдзеленыя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і непрымальнага гвалту з боку дзяржавы, 1 млн — на падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ, і 50 млн эўра — у рамках экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сыстэмы аховы здароўя», — сказала фон дэр Ляен.

Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвароце заклікала эўрапейскіх лідэраў не прызнаваць выбары ў Беларусі.

Некалькі тысяч чалавек пратэставалі на плошчы Незалежнасьці ў Менску супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

У Горадні на плошчы Леніна прайшоў мітынг пратэстоўцаў без электрычнасьці і жывой трансьляцыі. Улады не далі мітынгоўцам электрычнасьці і гуку, як абяцалі раней. Дзяржаўнае тэлебачаньне не вяло жывой трансьляцыі, як у папярэднія дні.

У Гомлі прайшла акцыя пратэсту. Яе ўдзельнікі прайшліся маршам па цэнтры гораду — ад цырку праз плошчу і праспэкт Леніна да чыгуначнага вакзалу і па праспэкце Перамогі вярнуліся да цырку. Каля цырку быў канцэрт і пачастункі.

Лукашэнка на пасяджэньні Савету бясьпекі распарадзіўся, сярод іншага, узмацніць ахову мяжы па ўсім пэрымэтры, сачыць за перамяшчэньнем войскаў NATO на тэрыторыі Польшчы і Літвы, спыніць «беспарадкі ў Менску», выкрыць «каналы фінансаваньня» пратэстаў і гарантаваць функцыянаваньне прадпрыемстваў.

Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Прэм’ер і ўсе ключавыя міністры захавалі партфэлі.

МЗС Літвы ўнёс кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну.

ААТ «Беларуськалій», у штаце якога каля 15 тысяч супрацоўнікаў, — адзінае буйное прадпрыемства Беларусі, дзе спыненая вытворчасьць.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель сказала, што ня бачыць сябе пасярэднікам у разьвязваньні палітычнага крызісу ў Беларусі. Мэркель таксама прызналася журналістам, што безвынікова спрабавала арганізаваць тэлефонную размову з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.

22:38 19.8.2020

Пятро Парашэнка пра сытуацыю ў Беларусі: «Гэта ня будзе вельмі кароткі працэс​»

У эксклюзіўным інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время» былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка распавёў, якім можа быць варыянт разьвіцця сытуацыі ў Беларусі, ці карэктна параўноўваць Рэвалюцыю годнасьці ва Ўкраіне 2014 году з пратэстамі ў Беларусі, што можа зрабіць Захад, каб дапамагчы, і пра магчымы ўплыў Расеі.

— На жаль, я хачу сказаць пра Беларусь — гэта ня будзе вельмі кароткі працэс. І, на жаль, мне здаецца, будуць спробы з боку беларускай улады ўтрымацца і супрацьстаяць волі народу. Хоць я б бачыў разьвіцьцё сытуацыі па-іншаму. У інтарэсах Беларусі было б запрасіць АБСЭ, пачаць дыялёг з Радай Эўропы, тэрмінова прыняць важныя рашэньні для захаваньня спакою, стабільнасьці і пачаць падрыхтоўку да новых выбараў. Гэтыя новыя выбары трэба правесьці ў дакладнай адпаведнасьці са стандартамі дэмакратыі і свабоды. Ніякіх іншых сцэнароў, накіраваных на падтрымку дзяржаўнасьці Беларусі, не існуе.

— А Лукашэнка на гэта пойдзе?

— Я думаю, што Лукашэнка цяпер знаходзіцца ў вельмі складанай сытуацыі. Калі б я мог яму раіць, я б цьвёрда сказаў, што проста не існуе іншага спосабу. Другая пазыцыя, на якой я б сапраўды настойваў, гэта неадкладнае вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных. Бо гэта толькі абвастрае канфлікт і радыкалізуе працэсы. Я вітаю, што на сёньняшні дзень усе сапраўдныя сябры Беларусі — гэта і Эўразьвяз, і ЗША — не маўчаць. Я спадзяюся, што і Ўкраіна ў рэшце рэшт выкажа сваю пазыцыю. Бо маўчаньне ўкраінскіх уладаў зьяўляецца ня проста незразумелым, яно зьяўляецца непрымальным.

Чытаць болей.

21:48 19.8.2020

У цэнтры Горадні прайшоў мітынг супраць Лукашэнкі без электрычнасьці, якую абяцалі забясьпечыць ўлады

У Горадні на плошчы Леніна прайшоў мітынг пратэстоўцаў без электрычнасьці і жывой трансьляцыі.

Улады не далі мітынгоўцам электрычнасьці і гуку, як абяцалі раней. Дзяржаўнае тэлебачаньне не вяло жывой трансьляцыі, як у папярэднія дні.

Сабралася каля пяці тысяч чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, работнікі прадпрыемстваў. Мітынгоўцы скандавалі: «Лукашэнка, сыходзь», «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам».

За гарвыканкамам побач зь мітынгам стаялі некалькі міліцэйскіх машын, за дзьвярыма ў будынку гарвыканкаму былі відаць амапаўцы ў чорнай форме. Да людзей яны не выходзілі.

Мітынг ішоў каля гадзіны. Пасьля гэтага адзін з выступоўцаў прапанаваў людзям прыйсьці на наступны дзень а 19 гадзіне. Людзі хутка разышліся. Затрыманьняў не было відаць.

21:44 19.8.2020

МЗС Літвы ўнёс Лукашэнку ў «чорны сьпіс» неўязных

МЗС Літвы ўнёс кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну. Сьпіс перададзены ў Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе РИА Новости.

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Лінас Лінкявічус адзначыў, што ў гэтым сьпісе ў агульнай колькасьці 32 чалавекі, якіх Літва лічыць зьвязанымі з фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі і з катаваньнямі пратэстоўцаў.

Раней ён ужо паведамляў у Twitter, што Літва вітае рашэньне Эўрапейскай Рады аб пэрсанальных санкцыях у дачыненьні да адказных за рэпрэсіі ў Беларусі. «Літва запускае працэс увядзеньня нацыянальных санкцый супраць тых, хто нясе адказнасьць за цынічную падробку вынікаў выбараў і жорсткасьць», — адзначыў ён.

Раней прэзыдэнты Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі прапанавалі сваё пасярэдніцтва для ўрэгуляваньня сытуацыі ў Беларусі.

21:25 19.8.2020

Каардынацыйная Рада спрабавала званіць у Адміністрацыю прэзыдэнта, але беспасьпяхова

Павал Латушка і Марыя Калесьнікава
Павал Латушка і Марыя Калесьнікава

У Менску адбылося першае пасяджэньне Каардынацыйнай Рады. Быў абраны прэзыдыюм і прынятая рэзалюцыя з патрабаваньне спыніць гвалт, вызваліць палітвязьняў і прызнаць выбары несапраўднымі.

Член Каардынацыйнай Рады, дыплямат Павал Латушка расказаў, што яны тэлефанавалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб паведаміць пра свае мэты і задачы, але адказу не пачулі.

Паводле Рады, перамовы аб транзыце ўлады павінны праходзіць паміж грамадзтвам і ўладамі Беларусі, без умяшаньня трэціх сілаў.

Члены каардынацыйнай Рады падкрэсьлілі, што ніякай праграмы, пра якую пішуць афіцыйныя СМІ, у іх няма, яны ня ставяць за мэту зьмену Канстытуцыйнага ладу і чакаюць, што афіцыйны Менск пагодзіцца на дыялёг дзеля вырашэньня палітычнага крызісу ў краіне.

21:22 19.8.2020

Мэркель: «Мы гаворым з Расеяй, каб прадухіліць яе ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі»

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пакуль не бачыць сябе пасярэднікам у дазволе палітычнага крызісу ў Беларусі. Пра гэта яна заявіла, адказваючы на пытаньні журналістаў па выніках надзвычайнага саміту Эўразьвязу 19 жніўня, паведамляе БелаПАН.

«Прэзыдэнт Лукашэнка адхіліў усякія тэлефонныя размовы, пра што я шкадую. Пасрэдніцтва магчыма, толькі калі ёсьць кантакт з усімі бакамі», — падкрэсьліла Мэркель. Пры гэтым яна адзначыла, што ЭЗ выступае за «нацыянальны дыялёг».

«Мы гаворым з Расеяй, каб прадухіліць яе ўмяшаньне ў сытуацыю ў Беларусі, — заявіла Мэркель. — Міністар замежных спраў Лаўроў выказаў сёньня сваю пазыцыю». (Магчыма, маецца на ўвазе фраза Лаўрова ў інтэрвію тэлеканалу «Россия»: «Перакананы, што беларускі народ са сваёй мудрасьцю сам можа разабрацца ў цяперашняй сытуацыі». — БелаПАН)

«Расея і Беларусь цесна зьвязаны дамовамі. Разам з тым мы выразна далі зразумець, што ваеннае ўмяшаньне Расеі, натуральна, вельмі ўскладніць сытуацыю. Таму я і кажу пра тое, што Беларусь павінна сама знайсьці свой шлях. Дарэчы, большасьць апазыцыі зусім не настроена супраць Расеі, і гэта відаць. Яна супраць мэтадаў прэзыдэнта Лукашэнкі», — адзначыла Мэркель.

20:55 19.8.2020

Найбуйнейшая праектная установа гарнякоў патрабуе спыніць гвалт і правесьці новыя выбары

У кампаніі працуе 800 чалавек, больш за 200 ужо падпісаліся пад калектыўным зваротам да ўладаў Беларусі. Пра гэта Свабодзе паведамілі супрацоўнікі кампаніі.

У кампаніі «Белгорхімпрам» патрабуюць:

  • Спыніць гвалт і кровапраліцьце з боку сілавых структураў у адносінах да мірных грамадзян Беларусі. Бо «пратэсты носяць мірны характар, а прымяненьне сілы абсалютна неапраўданае. З пратэстоўцамі трэба дамаўляцца мірным шляхам».
  • Спыніць парушэньне грамадзянскіх правоў на свабоду слова, забясьпечыць свабоднае выказваньне думак і атрыманьне праўдзівай інфармацыі ад органаў улады
  • Прыцягнуць да адказнасьці асобаў органаў дзяржаўнай улады, сілавых структур і праваахоўнікаў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы і ня выканалі свае абавязкі добрасумленна і ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Асаблівую ўвагу надаць зьверствам і зьдзекам супрацоўнікаў праваахоўных органаў у ЦІПах і ізалятарах
  • Вызваліць усіх палітычных зьняволеных, а таксама незаконна затрыманых грамадзян. Аказаць грамадзянам, якія пацярпелі на мірных пратэстах, неабходную мэдычную, юрыдычную і матэрыяльную падтрымку.
  • У сувязі зь вялікай колькасьцю зафіксаваных парушэньняў на выбарах прэзыдэнта 9 жніўня прызнаць іх несапраўднымі і правесьці новыя адкрытыя выбары з публічным падлікам галасоў і прыцягненьнем незалежных назіральнікаў.
20:51 19.8.2020

У які бок схіляюцца шалі беларускай рэвалюцыі?

Якімі могуць быць яе наступныя крокі? Што прапануюць лідэры рэвалюцыі? Наколькі на палітычны працэс уплывае фактар Расеі?

Гэтыя тэмы абмяркоўваюць гісторык Аляксандар Пашкевіч і бізнэсовец, грамадзкі дзеяч Іван Шыла.

Пашкевіч:

  • Нягледзячы на вялікую хвалю пратэстаў і страйкі, пакуль ня бачна выразнага расколу элітаў
  • У выніку доўгіх зачыстак моцныя лідэры былі нэўтралізаваныя
  • Ціханоўская была фармальны, вымушаны лідэр
  • Цяпер надыходзіць момант, калі пытаньне палітычнага лідэрства ставіцца рубам
  • Мне здаецца, што як бы ні абярнулася справа, грамадзтва ўжо не ўпадзе ў сьпячку ў любым выпадку

Шыла:

  • У нядзелю здавалася, што мы ўбачым гелікоптэр, які адлятае з Лукашэнкам
  • Мне здаецца, што спыненьне разгонаў і затрыманьняў — гэта была ініцыятыва не Лукашэнкі, а сілавікоў
  • Калі мы не атрымліваем вынікаў, колькі ў нас засталося дзён, пакуль мы не пачнём сварыцца паміж сабой?
  • Палітвязьні — Бабарыка, Статкевіч — выйдуць у самы апошні момант
  • Сярод пратэстоўцаў непапулярная ідэя вызваліць палітвязьняў сілай
20:41 19.8.2020

Дзе могуць дапамагчы звольненым, страйкоўцам, пацярпелым. Сьпіc

Падтрымка звольненым сілавікам, дапамога рабочым, мэдычная і псыхалягічная дапамога ўсім пацярпелым. Сьпіс ініцыятываў і як да іх зьвярнуцца.

На фоне гвалту з боку сілавікоў, пратэстаў і страйкаў беларусы арганізавалі дзясяткі ініцыятываў дапамогі рабочым, пратэстоўцам, параненым ды іншым. Свабода сабрала зьвесткі пра асноўныя ініцыятывы.

Пабачыць увесь сьпіс са сьціслым апісаньнем тут.

20:39 19.8.2020

Некалькі тысяч чалавек пратэстуюць на плошчы Незалежнасьці ў Менску

Некалькі тысяч чалавек да 19 гадзін сабраліся на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каб выказаць пратэст супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Сярод іх тыя, хто гадзінай раней прыйшоў на пратэст да будынка МУС. Да сыходу на плошчу людзі скандавалі «Караева пад суд!», «Давай!», «Лукашэнка ў аўтазак!», «Трыбунал!», «Страйк!», «Свабоду слова для ўсіх і кожнага!».

Праспэкт Незалежнасьці перакрыты для прыватнага транспарту, аднак грамадзкі ходзіць.

Больш фота тут.

20:09 19.8.2020

У Горадні на плошчы Леніна пачаўся мітынг пратэстоўцаў

20:08 19.8.2020

Лукашэнка прызначыў новы ўрад. Прэм'ер і ўсе ключавыя міністры захавалі партфэлі

Аляксандр Лукашэнка прызначыў Рамана Галоўчанку прэм’ер-міністрам Беларусі з наступным узгадненьнем яго прызначэньня з Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Адпаведны ўказ ён падпісаў 19 жніўня, паведамілі БелТА ў прэс-службе прэзыдэнта.

Яшчэ адным указам Аляксандр Лукашэнка прызначыў чальцоў урада.

Усе ключавыя міністры, якія ўваходзілі ў давыбарны ўрад, захавалі партфэлі.

Поўны сьпіс тут.

18:59 19.8.2020

Апанэнт Трампа падтрымаў падтрымаў беларусаў

Джо Байдэн, відэ-прэзыдэнт ЗША пры Бараку Абаму і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2020 году, падтрымаў беларусаў.

«Адважныя грамадзяне Беларусі дэманструюць, што іх галасы ня будуць заглушаныя ні тэрорам, ні катаваньнямі, — напісаў Байдэн у Twitter. — Злучаныя Штаты павінны падтрымліваць заклік Сьвятланы Ціханоўскай да сумленных выбараў. Расеі трэба казаць, каб яна ня ўмешвалася — гаворка ідзе не пра геапалітыку, а пра права выбару сваіх лідэраў».

18:57 19.8.2020

Стыхійны пратэст каля Міністэрства ўнутраных спраў

Ля будынку Міністэрства ўнутраных справаў, дзе сёньня анансавалі акцыю пратэсту, перакрылі праходы, але людзі паволі зьбіраюцца побач. Ёсьць ужо некалькі дзясяткаў чалавек, бел-чырвона-белыя сьцягі

Каля КДБ застаюцца пратэстоўцы — нягледзячы на дождж. Праспэкт Незалежнасьці перакрылі, пасьля па ім пусьцілі калёну машынаў з чырвона-зялёнымі сьцягамі, якую пратэстоўцы сустрэлі крыкамі «Ганьба»

18:41 19.8.2020

Праўладны і апазыцыйны мітынгі ў Бабруйску

18:09 19.8.2020

«Вясна»: вядомыя больш чым пра 60 падазраваных па справе за «арганізацыю масавых беспарадкаў»

Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьбірае зьвесткі пра людзей, у дачыненьні да якіх былі распачатыя крымінальныя справы пасьля затрыманьняў на акцыях пратэсту, якія пачаліся ў Беларусі пасьля выбараў прэзыдэнта.

Паводле стану на 19 жніўня, праваабаронцам вядома больш чым пра 60 падазраваных у розных гарадах краіны. Гаворка пра затрыманых у рамках артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу — масавыя беспарадкі.

Сьпіс затрыманых, пра якіх вядома на цяперашні момант, апублікаваны на сайце «Вясны».

17:58 19.8.2020

«Больш ня можам казаць „Добрай раніцы“». На знак пратэсту звальняецца калектыў радыё «Сталіца»

Частка калектыву радыё «Сталіца» напісала заявы на звальненьне, паведаміла Свабодзе супрацоўніца, якая прасіла не называць сябе.

Разам з супрацоўнікамі звольніўся дырэктар радыё «Сталіца» Алег Міхалевіч і загадчыца аддзела інфармацыйных праграм Ала Рыжэвіч.

На радыё «Сталіца» засталіся «літаральна некалькі супрацоўнікаў». Ад панядзелка не выходзяць перадачы і навіны, акрамя навінаў спорту, сказала супрацоўніца. У панядзелак калектыў прыйшоў на працу, але сядзеў у студыях з выключанымі мікрафонамі. Генэральны дырэктар «Першы нацыянальны канал беларускага радыё» абяцаў, што на сустрэчу з супрацоўнікамі прыедзе старшыня «Белтэлерадыёкампаніі» Іван Эйсмант, але ён не прыехаў.

Да напісаньня заяваў на звальненьне супрацоўнікі радыё «Сталіца» паведамілі свайму кіраўніцтву пра забастоўку, але паводле кіраўніцтва афіцыйна яны могуць выйсьці на забастоўку толькі пасьля двух тыдняў пасьля афіцыйнага абвяшчэньня – 31 жніўня. Сярод патрабаваньняў супрацоўнікаў было:

  1. правядзеньне новых сумленных выбараў;
  2. спыненьне гвалту;
  3. спыненьне забаўляльнага эфіры ў абʼектыўнае асьвятленьне падзей.

«Мы зразумелі, што больш ня можам казаць "Добрай раніцы"», – сказала супрацоўніца.

Адной з падставай стала тое, што ў будынку Дома радыё дзяжураць сілавікі. Суразмоўцу Свабоды асабіста абурыла, што 13 жніўня ў фае будынку АМАП пераапранаўся ў «касманаўтаў».

17:42 19.8.2020

Гарадзенцы прыйшлі пад тытунёвую фабрыку «Нёман» падтрымаць рабочых

Каля 300 чалавек прыйшлі пад тытунёвую фабрыку, каб падтрымаць рабочых. Кіраўніцтва перашкаджае ім баставаць. Міліцыя папярэджвае, што акцыя несанкцыянаваная. Пратэстоўцаў падтрымліваюць аўтамабілісты.​

17:31 19.8.2020

Russia Today: Нашы супрацоўнікі на Беларускай тэлевізіі не працуюць

Галоўная рэдактарка тэлеканалу Russia Today Маргарыта Сіманьян у камэнтары радыёстанцыі «Говорит Москва» заявіла, што рэдакцыя сапраўды гатовая дапамагчы беларускім калегам, калі іх «ветліва папросяць». Але цяпер у Менску журналістаў RT няма.

«Ніякія супрацоўнікі RT ні на якім беларускім тэлебачаньні не працуюць. Але калі нас папросяць дапамагчы, калі нас папросяць ветліва, то мы з задавальненьнем дапаможам. Мы наогул дапамагаем рэдакцыям у розных краінах, ад Кітая да Туніса, робім гэта шмат гадоў. Ну а тым больш братам беларусам як не дапамагчы? Калі ветліва папросяць», — паўтарыла Сіманьян.

Раней Свабода паведамляла, што ў Менску страйкоўцаў зь Беларускай тэлевізіі замянілі былымі і дзейнымі журналістамі RT. Гаворка вялася перадусім пра рэжысэраў, апэратараў, тэхнічным пэрсанале.

Некалько сотняў супрацоўнікаў БТ раней заявілі, што далучаюцца да страйку або напісалі заявы на звальненьне.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG