Tut.by: Ад агнястрэльнага раненьня ў галаву памёр 43-гадовы берасьцеец. У шпіталі не камэнтуюць 

Кветкі на месцы расстрэлу пратэстоўцаў у Берасьці

У ваенным шпіталі Менска памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Пра гэта Tut.by распавялі ягоныя сваякі. Ён атрымаў агнястрэльнае раненьне ў галаву 11 жніўня каля Маскоўскай адміністрацыі Берасьця падчас пратэстаў.

Сваякі мужчыны кажуць, што размаўлялі зь відавочцамі. Тыя расказалі, што Генадзь не канфліктаваў, проста ішоў. Куля, якую ён атрымаў, лічаць людзі, была выпушчаная з даху будынка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчы камітэт зьняпраўдзіў інфармацыю пра пяць ахвяраў вулічных пратэстаў

Сваякі двое сутак не маглі знайсьці Генадзя. Высьветлілі, што яго даставілі спачатку ў абласную лякарню, а затым верталётам пераправілі ў вайсковы шпіталь у Менск. Дачка Людміла пацьвердзіла, што ў бацькі агнястрэльная траўма, пашкоджаньні мозгу цяжкія і шырокія.

Генадзь Шутаў памёр у шпіталі раніцай 19 жніўня. Дзяжурны вайсковага шпіталя адмовіўся адаказаць на пытаньне Свабоды пра акалічнасьці сьмерці.

«Не магу сказаць ні так, ні не. Вы ж разумееце, я чалавек вайсковы. Зьвяртайцеся ў Мінздароўя».

Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун перанакіравала ў Міністэрства абароны, бо шпіталь вайсковы.

У прэсавай службы Мінбароны Свабодзе сказалі:

«Ён чалавек цывільны, вось і зьвяртайцеся ў цывільныя органы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Associated Press апублікавала новы здымак таго, як загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. ФОТА

Раней у МУС прызналі, што ў Берасьці 11 жніўня міліцыя страляла ў пратэстоўцаў з агнястрэльнай зброі на паражэньне. Маўляў, гэтага запатрабавала неабходнасьць абароны жыцьця і здароўя супрацоўнікаў ад «групы агрэсіўна настроеных грамадзянаў з арматурай у руках».

Генадзь Шутаў — афіцыйна трэцяя ахвяра акцый пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Першай стаў Аляксандар Тарайкоўскі, які загінуў 10 жніўня на вуліцы Прытыцкага, дзе сілавікі брутальна разагналі акцыю пратэсту. У МУС заяўлялі, што мужчына хацеў кінуць выбуховае прыстасаваньне, але яно выбухнула ў яго ў руцэ. Аднак відавочцы сьцьвярджаюць, што ў яго нічога не выбухала. Аляксандру было 34 гады, у яго засталася 3-гадовая дачка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабуем праўды пра гібель сына!» Сваякі Аляксандра Віхора, які загінуў пасьля затрыманьня, ня могуць яго пахаваць

16 жніўня ў Гомлі пахавалі 25-гадовага Аляксандра Віхора. Маладога чалавека затрымалі ў Гомелі 9 жніўня. Родныя шукалі сына некалькі дзён, але так і не змаглі атрымаць ніякай інфармацыі. А калі прыехалі ў РАУС пісаць заяву аб выкраданьні чалавека, ім паведамілі, што сын «знайшоўся» у моргу.