Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Патрабуем праўды пра гібель сына!» Сваякі Аляксандра Віхора, які загінуў пасьля затрыманьня, ня могуць яго пахаваць


Аляксандар Віхор
Аляксандар Віхор

Спачатку сям’я Віхораў тры дні шукала, куды дзеўся іх сын і брат Аляксандар. Ніхто не казаў. Потым даведаліся, што Саша ў моргу. Але прычыны сьмерці не названыя. Абставіны гібелі невядомыя.

«Яму проста злачынна не аказалі дапамогу, ён не памёр, ён загінуў», — кажа бацька Аляксандар.

«Мы хочам ведаць праўду — чаму загінула наша дзіця», — кажа маці Сьвятлана.

«Мы не дазволім, каб пасьля сьмерці наша ўлада ачарніла яго, каб сказалі, што ён ці наркаман, ці неадэкватны!» — кажа сястра Вольга.

Бацькі і сястра Аляксандра
Бацькі і сястра Аляксандра

25-гадовы Саша Віхор паехаў вечарам 9 жніўня на спатканьне са сваёй дзяўчынай. Ён жыве ў Касьцюкоўцы пад Гомлем, а дзяўчына — у спальным раёне Гомля. Таму Саша рабіў перасадку ў цэнтры гораду. І трапіў пад «хапун» АМАПу.

Ён пасьпеў паведаміць маці, што яго затрымалі. Больш на сувязь не выходзіў. Бацькі кінуліся шукаць сына. У ніводным аддзеле міліцыі, ані ў сьледчым ізалятары, ані ў ізалятары часовага ўтрыманьня ім не далі ніякай інфармацыі.

«Быў у сьпісах на ІЧУ. Потым удакладнілі, што няма яго ў сьпісах. Шукала яго ў СІЗА, езьдзілі два дні па ўсіх інстанцыях», — плача маці.

Толькі 12 жніўня ёй сказалі ў Чыгуначным РАУС, што сын — у моргу. «Міліцыянты сказалі, што яму зрабілася блага, ён паводзіў сябе неадэкватна, і яго завезьлі ў псыхіятрычны шпіталь. Чаму? Ён адэкватны, нармальны, здаровы, былы спартовец, ён ня піў, не калоўся, не курыў нават! Я не дазволю ачарніць яго памяць, як гэта прынята ў нашай дзяржаве, зрабіць зь яго неадэкватнага, ці вар’ята, ці алькаголіка», — кажа маці.

Сьвятлана Віхор, маці Аляксандра
Сьвятлана Віхор, маці Аляксандра

У псыхіятрычным шпіталі лекары заўважылі, што гэта ня іхны пацыент, ён адэкватны, і выклікалі «хуткую». У Сашы раней былі праблемы з сэрцам.

«Я ня веру, што ён не сказаў міліцыі ці канвойным, што ён сардэчнік, што яму блага, што яму трэба дапамога! Ён казаў, ён прасіў дапамогі, але ў каго яе прасіць? У зьвяроў, якія б’юць людзей дручкамі?» — кажа Сашава сястра.

Яны напісалі заявы ў пракуратуру і Сьледчы камітэт, патрабуюць пачаць крымінальную справу. «Але мы ведаем, як гэта робіцца ў нашай краіне. Зараз усё замажуць, сфальсыфікуюць, перапішуць паперы... Нам сказалі, што на ім не было бачных сьлядоў зьбіцьця. Але яны маглі біць так, што і ня будзе бачна на целе, будуць унутраныя пашкоджаньні. Нам не паказалі яго цела ў моргу! Нам не далі ніводнай паперы аб прычыне сьмерці», — кажа маці.

Сваякі заклікаюць адгукнуцца тых, хто быў побач з Сашам ці ў аўтазаку, ці пасьля затрыманьня бачыў яго, каб даведацца праўду.

«Мы самі бегаем па ўсім горадзе і зьбіраем інфармацыю — дзе ён быў, калі... Ніякая міліцыя ці органы не дапамагаюць нам. Ведаем, што а 18-й быў суд. А прывезьлі яго ў рэанімацыю а 2-й гадзіне ночы. Дзе ён быў увесь гэты час?» — плача маці.

Цяпер яны знайшлі адвакатку, якая спрабуе дапамагчы сям'і.

«Людзі, адгукніцеся, дапамажыце нам знайсьці праўду», — просяць сваякі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG