Цяпер у кіраўніка школы танцаў Ігара Ярмолава прабіта лёгкае, паламанае рабро, чэрапна-мазгавая траўма і гематомы на ўсім целе. 12 жніўня да яго ў кватэру ўварваліся, цяпер хлопец ляжыць у вайсковым шпіталі.
12 жніўня маці Ігара Ярмолава Сьвятлана Іванаўна страціла сувязь з сынам, абодва ягоныя тэлефоны выявіліся недасяжнымі. Ігара ўдалося знайсьці толькі празь дзень дзякуючы адвакатам. Ён быў пазначаны ў сьпісах СІЗА КДБ, але знайшоўся ў вайсковым шпіталі ў цяжкім стане.
Ігар быў валянтэрам штабу Віктара Бабарыкі, пасьля сканчэньня БДУ мог працаваць у ІТ, але вырашыў займацца танцамі. Ён стварыў школу танцаў Dance Cafe.
«Я проста хачу, каб з майго сына перасталі зьдзекавацца»
Сьвятлана Іванаўна, маці Ігара Ярмолава, ня можа стрымаць сьлёз, пачынаючы свой аповед.
«Ігар творчы, спакойны чалавек, вельмі інтэлігентны, яго любяць усе суседзі. Калі ён прапаў, я спрабавала тэлефанаваць яму кожныя 20 хвілінаў, але ён не адказваў. На наступны дзень я зьвярнулася ў міліцыю, яго сталі шукаць сябры. Стала вядома, што яго забралі з дому. Мы зь ягоным бацькам паехалі ў Менск, сталі яго шукаць, заключылі дамову з адвакатам», — расказвае Сьвятлана Іванаўна.
Пасьля бацькі спрабавалі знайсьці сына на Акрэсьціна, але ў сьпісах яго не было. «Мы ня ведалі, што нам рабіць, маліліся, каб сын быў жывы», — кажа маці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вас, „твари“, перавыхоўваем» — каардынатар «Адкрытай Расеі» пра катаваньні ў менскім ізалятарыСябры Ігара і бацькі працягвалі пошукі. У ягонай кватэры пасьля ператрусу ўсё перавернута.
«Ён быў у штабе Бабарыкі, але гэта права, гарантаванае нам Канстытуцыяй, нічым супрацьпраўным ён не займаўся, ён мае актыўную грамадзянскую пазыцыю», — гаворыць Сьвятлана Іванаўна.
Ігара Ярмолава ўдалося знайсьці празь дзень у вайсковым шпіталі, каля палаты — ахоўнікі. Бацькам усё ж удалося адну хвіліну пагаварыць зь Ігарам. Ён пасьпеў расказаць пра зьбіцьцё і траўмы.
«Яны адціснулі дзьверы ў кватэры, у кватэру ўварвалася група з 6 чалавек, ніхто не назваўся, яму загадалі легчы на падлогу, надзелі на галаву шорты і пачалі біць нагамі, яны зьбівалі яго да такой ступені, што ў яго закрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар грудной клеткі, паламаная рабрына, прабітае лёгкае», — пералічвае траўмы сына Сьвятлана Іванаўна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «20-гадовую студэнтку ва ўпор расстрэльвалі гумавымі кулямі». Сям’я пра катаваньні на Акрэсьціна
Афіцыйнае абвінавачаньне пакуль невядомае
Пакуль бацькам ніякай інфармацыі пра Ігара не паведамілі, у чым яго абвінавачваюць, невядома. Бацькі падалі скаргі ў Генэральную пракуратуру і Сьледчы камітэт.
«Як можна было так біць, каб прабіць лёгкае, у чым ён так вінаваты? У мяне загінуў дзед на вайне, у Ігаравага таты дзед таксама загінуў на вайне пад Сталінградам. А цяпер што ў нас адбываецца? Адкуль у нас тут зьявіліся такое?» — празь сьлёзы кажа маці Ігара.
На сёньня вядома пра затрыманьне дзесяці валянтэраў штабу Бабарыкі.
Тэлефоны прадстаўнікоў прэсавай службы МУС і СК у першай палове дня 18 жніўня недаступныя для камэнтароў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жнівень-2020. Мы — сьведкі. „У галаве дзьве гематомы, а саджаюць у турму“. АБНАЎЛЯЕЦЦА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя застануцца інвалідамі», — мянчук атрымаў тры кулявыя раненьні і быў зьбіты