17 жніўня 2020 году мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы экзарх Беларусі, прыехаў у лякарню хуткай мэдыцынскай дапамогі гораду Менску, паведамляе афіцыйны партал БПЦ.
Цяпер частка пацыентаў лякарні — людзі, якія атрымалі траўмы падчас акцый пратэсту, што прайшлі ў пачатку мінулага тыдня, а таксама пацыенты, якія паступілі са сьлядамі зьбіцьця і цяжкіх цялесных пашкоджаньняў з ізалятару часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна. Пацярпелым людзям нанесена вялікая фізычная і псыхалягічная шкода.
Мітрапаліта і асобаў, якія яго суправаджалі, сустрэлі супрацоўнікі лякарні на чале з галоўным доктарам Андрэем Барысавым. Прызваўшы Божае дабраславеньне на высакародную працу мэдыкаў, патрыяршы экзарх уручыў усім абразкі лекара-пакутніка Яўгена Боткіна, лейб-мэдыка імпэратарскай сям’і Раманавых, які добраахвотна паехаў у ссылку і прыняў пакутніцкую сьмерць у 1918 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хто праявіў зьверства і жорсткасьць — аддаць законнаму суду». Зварот Сыноду БПЦМітрапаліт Павел паведаміў усім пацярпелым, што ў Беларускай праваслаўнай царкве ўзносяць малітвы аб іх як мага хутчэйшым ачуньваньні, і выказаў надзею на справядлівае расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых падчас нядаўніх пратэставых акцый.
Патрыяршы Экзарх сказаў, што Царква, знаходзячыся па-за палітыкай, у той жа час асуджае любы гвалт; што яна разам з усімі людзьмі, падзяляе іхны боль, суперажывае іхным пакутам, моліцца за іх і за іх блізкіх.
Ад Беларускай праваслаўнай царквы лякарні перадалі гуманітарную дапамогу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў — цяжкі грэх. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да ўладаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Рымскі заклікаў спыніць гвалт у Беларусі