Падчас вулічных пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі загінулі прынамсі пяць чалавек, сем — знаходзяцца ў крытычным стане ў рэанімацыі.
Такія зьвесткі прыводзяцца ў дакладзе асьветніцка-сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно», які ёсьць у распараджэньні БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Associated Press апублікавала новы здымак таго, як загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. ФОТАДаклад прысьвечаны парушэньню правоў удзельнікаў пратэстаў у Беларусі ў пэрыяд з 7 па 14 жніўня. Валянтэры «Зьвяна» адшукалі ў лякарнях Менску 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені сур’ёзнасьці.
Афіцыйна ўлады паведамілі толькі пра аднаго загінулага, у Менску на Пушкінскай — Аляксандра Тарайкоўскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці пратэстоўцы паведамляюць пра траўмы ад шумавых гранат. Аскепак трапіў у журналіста Tut.byСтаршыня рады «Зьвяна» Тацяна Гацура-Яворская расказала БелаПАН, што 25-гадоваму Аляксандру Віхору, які загінуў у Гомлі, было адмоўлена ў мэдычнай дапамозе. З гэтай нагоды, як і ў выпадку гібелі Тарайкоўскага, не праводзіцца расьсьледаваньне і адмоўлена ў судова-мэдычнай экспэртызе прычынаў сьмерці.
Праваабаронцы маюць сьведчаньні людзей, якія трапілі ў лякарні зь пераломамі рэбраў, рук, пашкоджаньнямі вачніц і іншымі траўмамі, пры якіх патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога. Усе яны сьцьвярджаюць, што мэдычная дапамога аказвалася праз 6–12 гадзін пасьля атрыманьня траўмы, некаторым толькі пасьля страты прытомнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паротнікаў: Наўмысная, паказная жорсткасьць АМАПу — гэта тактыка, каб зламіць волю да супрацівуПраваабаронцы адзначылі, што парушалася права на асабістую свабоду і недатыкальнасьць. Большасьць пацярпелых заяўляюць пра сваё затрыманьне без падставаў.
Парушалася таксама права на свабоду ад катаваньняў і жорсткага абыходжаньня. Пацярпелыя сьведчаць, што яны не аказвалі супраціву пры затрыманьні, аднак іх жорстка зьбівалі дручкамі падчас затрыманьня, у аўтазаку і пасьля прыбыцьця ў РУУС Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрабуем праўды пра гібель сына!» Сваякі Аляксандра Віхора, які загінуў пасьля затрыманьня, ня могуць яго пахавацьПраваабаронцы паказваюць на непрапарцыйнае і незаконнае выкарыстаньне сілы. Многія пацярпелыя атрымалі раненьні і апёкі ад святлашумавых гранат, пры гэтым яны былі бяз зброі і не нападалі на прадстаўнікоў улады, гаворыцца ў дакладзе. Гранаты кідалі проста ў людзей або ў непасрэднай блізкасьці да людзей, і яны наносілі сурʼёзныя раненьні.
У дакладзе таксама адзначаецца адсутнасьць праўных спосабаў абароны. Ніводзін з пацярпелых ня мог разьлічваць на абарону адваката. Многіх людзей адпускалі зьехаць на машыне хуткай дапамогі толькі пры ўмове падпісаньня пратаколу, дзе затрыманы згаджаўся з тым, што ён аказваў супраціў супрацоўнікам міліцыі ці браў удзел у несанкцыянаваным захадзе. Пацярпелым пагражалі, што ў выпадку заявы аб ужываньні да іх незаконнай фізычнай сілы і катаваньняў іх прыцягнуць да адказнасьці паводле крымінальнага артыкулу.