На менскім заводзе Казлова выйшлі на пратэст. Сьведка: «Такога не было з савецкіх часоў»

Завод Казлова, архіўнае фота

Працаўнікі менскага электратэхнічнага заводу сабраліся на пратэст днём 11 жніўня. Хадзілі чуткі пра забастоўку, але некаторыя рабочыя вярнуліся да працы, чакаюць сустрэчы з кіраўніцтвам.

Як паведаміў Свабодзе адзін з рабочых, у цэху №11 на сходзе прысутнічалі каля 200 чалавек — кажа, «такіх сходаў не было з савецкіх часоў». З заводзкай сталовай некаторыя людзі сталі выходзіць праз галоўную прахадную, калёна рушыла ў бок плошчы Перамогі.

Onliner.by перадае, што працаўнікі заводу маюць патрабаваньні спыніць гвалт супраць мірных грамадзянаў і «правакацыі для апраўданьня дзеяньняў сілавікоў», вызваліць дэманстрантаў і вярнуць доступ да інтэрнэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва заводу імя Казлова рыхтуе заяву ў адміністрацыю прэзыдэнта аб сытуацыі пасьля выбараў. АМАП затрымаў людзей каля заводу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты ЗША Байдэн: «Народ Беларусі патрабуе, каб яго голас пачулі»

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.