«Хюґе па-беларуску». Жонка палітвязьня: «Была шчасьлівая, калі ўдалося перадаць мужу кіляграм цыбулі»

Вольга Севярынец на дыстанцыйным судзе над ейным мужам, палітвязьнем Паўлам Севярынцам. 8 ліпеня 2020 году

«Калі Павал ня побач, калі ён невядома калі вернецца дадому, калі там яму прыходзіцца многае вытрымліваць, мне здаецца, што маё шчасьце — гэта яго шчасьце».

Слова дацкай мовы «хюґе» (hygge) літаральна азначае ўтульнасьць. Але ва ўсім сьвеце яно зрабіла фурор як сынонім скандынаўскага паняцьця шчасьця. Пра hygge пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца ў сацыяльных сетках. У гэтым праекце Свабода шукае, як будзе hygge па-беларуску. Беларусы, якія ўмеюць адчуваць шчасьце, дапамагаюць знайсьці адказ.

Вольга і Францішак Севярынцы

  • Герой: Вольга Севярынец
  • Месца: Менск
  • Адукацыя: вышэйшая, спэцыяльнасьць «Славянская філялёгія», БДУ.
  • Дзейнасьць: «Мне хочацца быць проста жонкай Севярынца».
  • Узрост: 29 год
  • Сямейнае становішча: замужам, ёсьць сын.
  • Даход: «Сьціплы, але нам хапае».

Вольга, Павал і Францішак Севярынцы, архіўнае фота

Вольга Севярынец вядомая як жонка палітыка і пісьменьніка Паўла Севярынца. Дый сама прызнаецца, што ня хоча іншых акрэсьленьняў. Пазнаёміліся каля 12 гадоў таму, жанатыя ўжо 6 гадоў. Разам гадуюць сына Францішка.

Вольга займаецца хрысьціянскай крамай «Кропля», якую Севярынцы стварылі разам. Дапамагае рэдагаваць і выдаваць кнігі мужа. Адна з ініцыятарак стварэньня «Няспыннай малітвы за Беларусь» 5 гадоў таму, калі пад 200 чалавек розных канфэсій па чарзе кожную гадзіну моляцца за краіну.

Вясельле Севярынцаў, студзень 2014 году

Вольга не палітык, але падтрымлівае Паўла, часта яе можна пабачыць на судах над мужам. 30 ліпеня яна выступіла на мітынгу Сьвятланы Ціханоўскай у парку Дружбы народаў. Жонка Севярынца нагадала, у якіх умовах сядзяць яе муж і іншыя палітзьняволеныя і затрыманыя з палітычных прычын.

«Я веру вельмі моцна, што ўсё тое, што перажывае цяпер мой муж, што перажываюць там, за кратамі, нашы родныя, усё тое, што з намі адбываецца, — гэта недарэмна. Бог бачыць усе нашы сьлёзы, спачуваньні, горычы, перамогі, малыя і вялікія радасьці, нашы змаганьні. Усё гэта мае сэнс. Я ў гэта веру», — сказала са сцэны Вольга Севярынец.

Калі вы бываеце шчасьлівай?

«Як чалавек веруючы, дзесьці ўнутры я разумею, што шчасьце не павінна залежаць ад зьнешніх абставінаў — яно ўва мне. Я сама прымаю рашэньне, быць мне шчасьлівай ці не. Шчасьце для мяне — гэта ў пэўным сэнсе сынонім удзячнасьці. У любы момант жыцьця можна за нешта быць удзячным. Іншая справа, што я не заўсёды магу засяродзіцца на ўдзячнасьці, альбо ў нейкай сытуацыі мне можа проста не хапіць на гэта сіл».

У якіх сытуацыях апошнім часам вы бывалі шчасьлівай?

«Усё спазнаецца ў параўнаньні — і шчасьце таксама. За апошні час я была вельмі шчасьлівая, калі ўдалося перадаць мужу на суткі кіляграм цыбулі».

Жонка Паўла Севярынца Вольга каля менскага ізалятара часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. 22 ліпеня 2020 году

Як вы разумееце, што гэта і ёсьць шчасьце?

«Шчасьце для мяне — гэта паўната многіх чыньнікаў. Калі я спаўняю сваё пакліканьне, калі я магу быць побач з каханым, са сваёй сям’ёй, калі я ў згодзе з сабой і з Богам, калі мае родныя здаровыя, тады шчасьце проста праменіць. Чаго яшчэ хацець?

А яшчэ маё шчасьце сьціплае. Наша сям’я часта знаходзіцца ва ўмовах, калі многае адыходзіць на другі плян, і мы засяроджваемся на галоўным — на нашых стасунках, веры ў Бога, пакліканьні, сям’і, сябрах. Тады для поўнага шчасьця патрэбна якая-небудзь дробязь — папіць разам гарбаты на бальконе, паглядзець цёплы фільм, зладзіць сямейны вечар».

Вольга Севярынец з Францішкам сустракаюць Паўла

Як зьвязанае шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?

«Шчасьце ў прафэсійнай дзейнасьці — гэта знайсьці сябе, свой шлях і ісьці ім. Калі ў мяне атрымліваецца спаўняць сваё пакліканьне, то я шчасьлівая. Калі я бачу водгук на тое, што я раблю сярод сяброў, знаёмых і незнаёмых людзей, то я шчасьлівая. Калі ў галаве нараджаюцца новыя і новыя ідэі і я магу іх рэалізоўваць і адчуваць, што гэта бясконца маё, што я раблю тое, што люблю, то я шчасьлівая».

На дыстанцыйным судзе над Паўлам Севярынцам. Сакратарка суду разрывае сувязь з «ЦИП Иван Иванов», калі жонка падсуднага Вольга Севярынец захацела падысьці пабачыць мужа, 8 ліпеня 2020 году

Якога шчасьце колеру, як яно гучыць, якое яно на дотык і смак?

«Маё шчасьце ціхае. Яно сіняга, як нябёсы, колеру. На дотык яно пяшчотнае, як далонькі майго сыночка, а на смак салодкае, як... спатканьне з каханым.

Вольга і Павел Севярынцы, архіўнае фота

Увогуле зараз, калі Павал ня побач, калі ён невядома калі вернецца дадому, калі там яму прыходзіцца многае вытрымліваць, мне здаецца, што маё шчасьце — гэта яго шчасьце. І калі гаварыць пра адчуваньне шчасьця, то яно зараз у большасьці зьвязана з маім мужам.

І чамусьці ўзгадваецца цёмная ноч над Дняпром у Пашынай роднай вёсачцы. Мы ўпершыню тады туды разам завіталі... Кажаны пралятаюць над ракой, на небе толькі запальваюцца зоркі, мы стомленыя з дарогі, але ўжо аблашчаныя і дагледжаныя шумнай Пашынай сям’ёй, сядзім ля каміна ў летнім доміку, Паша падкідвае палены ў агонь, а навокал ціха-ціха».

Вольга і Павал Севярынцы на судзе над Паўлам у Воршы, 2017 год

Як будзе «хюґе» па-беларуску?

«У сувязі з апошнімі падзеямі, дый увогуле, думаю, хюґе па-беларуску — гэта ўсенароднае сьвята пасьля сыходу Лукашэнкі, узьняты над Домам ураду сьцяг, вызваленьне палітвязьняў... Вось гэта будзе хюґе дык хюґе!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Горадзенскі гісторык: «Усё будзе Беларусь»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». «Мы без прыроды робімся больш хворымі», — ляндшафтная дызайнэрка
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Уласьнік кавярняў: «Шчасьце, вядома, мае смак кавы»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Масажыстка: «Пах шчасьця — ён заўсёды розны»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». Ультрамаратонец: «Я лётаў у снах у 50 год»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе» па-беларуску. Трэнэрка фэйсфітнэсу: «Нашым жанчынам не хапае амэрыканскай усьмешкі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Даніі — hygge, у швэдаў — lagom. А якая філязофія шчасьця ў беларусаў?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хюґе па-беларуску». «За ежай заўжды стаіць іншы сэнс», — аўтарка кніг