«Амаль заўсёды адчуваю шчасьце, толькі прачнуся, і ў сьне, бывае, адчуваю».
- Герой: Лявон Анацка
- Месца: Ліда (Горадзенская вобласьць)
- Адукацыя: інжынэр-мэханік (Менск, політэхнічны інстытут).
- Дзейнасьць: індывідуальны прадпрымальнік (розныя працы, пераважна ў будаўніцтве), бег як хобі.
- Узрост: 58 гадоў
- Сямейнае становішча: разьведзены, трое дзяцей.
Бегае 5 гадоў
Лявон здабыў вядомасьць дзякуючы бегу. Хоць запэўнівае, што можа зусім ня бегаць. Сустракаемся зь ім падчас трэніроўкі на засьнежаным лідзкім стадыёне. Ультрамаратонец толькі што вярнуўся зь Нью-Ёрку празь Пецярбург. Паўсюль бегаў.
Актыўна бегае пяць гадоў. Меў за гэты час 80 стартаў у розных краінах і 80 сутак бегу. У суме, кажа, «абагнуў экватар» (больш за 40 тысяч кілямэтраў). Рыхтуецца да самага працяглага забегу ў сьвеце, які стартуе ў Нью-Ёрку сёлета: каля 5 тысяч кілямэтраў за 52 сутак улетку. Яшчэ ніхто зь беларусаў яго не прабег.
Можа двое сутак зусім ня спаць, каб бегчы. На шматдзённых спаборніцтвах можа выспацца за 40–80 хвілін. Любіць бегаць басанож.
Калі і пры якіх умовах вы адчуваеце шчасьце?
«Амаль заўсёды адчуваю, толькі прачнуся, і ў сьне, бывае. Цяжэй успомніць, калі яго не адчуваю. Мне заўсёды цяпер добра, і ўсё жыцьцё было добра.
Калі чалавек навучыцца быць шчасьлівым адзін, калі яму не патрэбнае задавальненьне ад іншага чалавека, тады ён можа дарыць гэтае шчасьце».
«Я адчуваю вельмі шмат шчасьця ў снах. Сны — такі момант, калі чалавек вырашае праблемы. Я вырашаю. Кажуць, каляровыя сны ў юнацтве. Я лётаў у снах і ў 45, і ў 50 год.
Адчуваньне шчасьце бывае, калі ўсё добра, асабліва апошнімі гадамі, калі пачаў бегаць. Фізычнае адчуваньне палепшала».
«Я люблю па іншых гарадах хадзіць: Парыж, Лёндан, Нью-Ёрк. У Барсэлёне я начаваў на вуліцы дзеля эканоміі. Стараюся ў парк зайсьці, пабыць там. Гэта таксама шчасьце. Там я сплю на любой лаўцы. Лёг у Парыжы на плошчы Свабоды, паспаў, пакуль дождж не пайшоў. Эканамічна і здорава».
Як зьвязанае шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?
«Я ўмею атрымліваць шчасьце пры любой працы. Некаторыя лічаць, што праца ёсьць прэстыжная, а ёсьць не зусім. Я прызвычаіўся любую працу лічыць патрэбнай і карыснай. Мне ня цяжка зямлю капаць, сьмецьце прыбраць за некім нават».
«Я на абутковай фабрыцы быў 10 год рабочым па комплексным абслугоўваньні будынкаў і збудаваньняў. Так ужо загадзяць прыбіральні! А зь іншага боку, цікава. Яно было бруднае, а я памаляваў — і стала прыгожа.
Калі ня быць шчасьлівым на працы, нельга быць шчасьлівым. На сябе працаваць зусім лёгка».
Як вы разумееце, што гэта шчасьце?
«Калі галава сьветлая, калі не крыўдуеш, не злуеш».
Якога колеру шчасьце?
«Белага, чырвонага, нешта такое».
Як гучыць шчасьце?
«Ціха гучыць. Але люблю, калі яно і шуміць».
Як будзе «хюґе» па-беларуску?
«Утульнасьць, роднасьць. Безь Беларусі я шчасьця не адчуваю. Я надзяваю лідзкую майку і па ўсіх краінах хаджу, у Парыжы ў ёй бегаў».
Наколькі шчасьлівыя беларусы і ў чым іхняе шчасьце?
«Баюся казаць за ўвесь народ. Мне здаецца, беларусы ня вельмі шчасьлівыя. Гэта калі ня ўмееш цаніць тое, што ёсьць. У нас, беларусаў, шмат якасьцяў, якімі мы можам ганарыцца, якіх у іншых народаў няма: па працавітасьці, па здольнасьці пераадольваць праблемы, па нашай прыродзе. Я бегаў па Арызоне, там адны кактусы, травы амаль не відаць. А ў нас гляньце, які лес. Калі ты можаш быць задаволены прыродай — гэта велізарнае багацьце: балота, лес, грыбы, ягады, зьвяры».
«Беларусы стараюцца не паказваць, што яны ёсьць. Калі ёсьць магчымасьць, паказваюць, што яны палякі. Калі ня ведаюць польскай мовы, паказваюць, што яны амаль расейцы або ўкраінцы.
Чаму мы не адчуваем сябе шчасьлівымі? Бо мы не адчуваем сябе свабоднымі. Бо мы чакаем, што нехта нам павінен шчасьце прынесьці: кіраўнік, каханы чалавек, дзеці, а можа бацькі.
Шчасьцем беларусаў мог бы стаць душэўны спакой, упэўненасьць у заўтрашнім дні, што ад іх залежыць, што будзе з нашай краінай, зь сям’ёй, з табой. Не баяцца мяняць нешта ў сваім жыцьці — таксама шчасьце. Калі ты баісься ад’ехаць 100 кілямэтраў або 1000 у іншы горад, значыць, нешта ня тое. Я адчуў, калі пачаў гуляць па сьвеце: які ён маленькі, які ён розны, які ён цікавы».
У чым сакрэт шчасьця?
«Калі чалавек задаволены сабой. Калі ён задаволены Сусьветам. Калі чалавек можа марыць. Калі ён можа быць упэўнены, што дасягне ўсяго, чаго хоча».
«Каб быць шчасьлівым, трэба любіць краіну, любіць мову, любіць маму, любіць жанчыну, нешта любіць. Трэба менш заўважаць, што іншыя людзі пра цябе думаюць, а каб ты ведаў, што робіш правільна.
Ня так важна, як жывём, як тое, як дажываем».