«Можна адчуваць боль і быць абсалютна шчасьлівым чалавекам».
- Гераіня: Паліна Шчалко
- Месца: Менск
- Адукацыя: псыхалёгія (Менск), курсы фэйсфітнэсу (Францыя, Расея)
- Дзейнасьць: спэцыяліст у натуральным амаладжэньні, фэйсфітнэс-трэнэрка, псыхоляг.
- Узрост: 34 гады
- Сямейнае становішча: замужам, трое дзяцей (6 год, 3 гады і 3 месяцы).
- Даход: нестабільны, бывае больш за $500 у месяц.
Мы сустракаемся зь сям’ёй Паліны ў іхнай кватэры пад вечар. Сям’я толькі вярнулася дахаты пасьля дзённых спраў. Яны ў хатнім адзеньні. Сяргей гатуе мяса, пахі далятаюць да гасьцёўні. Дома прасторна. Гарыць штучны камін. Паліна запарыла зёлкавую гарбату са скрыпеню і шалфею, для гасьцей купіла вэганскіх пірагоў.
«Хацела б сказаць, што прыгатавала іх сама, але не», — усьміхаецца яна.
«Рашэньне, якое мы прымаем штодня, калі прачынаемся ранкам»
«Калі вы ў мяне запыталіся пра шчасьце, мне нават ня трэба было рыхтавацца. Гэта мая тэма. У складаныя пэрыяды жыцьця я лавіла сябе на думцы, што нават калі мне кепска, жахліва, я ўсё адно шчасьлівая.
Я не магу сказаць, што я шчасьлівая ад таго, што ў мяне ёсьць дзеці або муж, што я еду на адпачынак або за вакном сонца. Само па сабе ў мяне пэрманэнтнае пачуцьцё ўнутры. Пэўна, гэта зь дзяцінства, дзякуючы бацькам. Яны вучылі нават у кепскім шукаць сваё шчасьце.
Шчасьце — гэта справа нашых рук. Гэта рашэньне, якое мы прымаем штодня, калі прачынаемся ранкам.
Пяць дзён на тыдзень я прачынаюся, абдымаю дзяцей і кажу, „Дзякуй, Госпадзе, за гэтае шчасьце“. Калі корміш грудзьмі, у цябе таксама такі прыліў [шчасьця].
Самыя шчасьлівыя моманты — гэта вечары і сьвяты. Мы так клясна правялі Новы год дома. Нават на ёлкі не хадзілі. Уключылі тэлевізію, хоць звычайна яе не глядзім. Муж зрабіў аліўе, я нешта сваё любімае, і [сьвяткавалі] усе разам на канапе, неяк прымітыўна. Але для мяне гэта было самае вялікае шчасьце. Не хацелася гасьцей, ісьці да некага. Хацелася падмацаваць дзяцей сваёй увагай, пабыць адзін з адным, пагаварыць. Гэта былі рэдкія, але каштоўныя моманты».
Як спалучаецца шчасьце з вашай прафэсійнай дзейнасьцю?
«Другі момант — мая праца. Я, пэўна, не атрымліваю такога задавальненьня ні ад чога, як калі ў мяне групы [трэнінгаў па фэйсфітнэсе]. У мяне пытаюцца, ці застаюцца потым сілы на ўласны фэйсфітнэс. Я разумею, што для мяне спачатку мая праца, а потым я дома прыбяруся, прыгатую ежу.
Блог Паліны ў інстаграме — адзін са складнікаў ейнай дзейнасьці
Я напаўняюся бясконца гэтай дзейнасьцю, аддачай ад дзяўчат. Мяне напаўняе кантакт, праца з жанчынамі, калі бачу іхнія твары, лёсы, гісторыі. Я бачу вынік сваёй працы. Ва ўсясьветным маштабе — ну што такое твар, зморшчынкі, падумаеш! Але мне пішуць падзякі, што муж заўважыў, што яна пасьвяжэла, што пачала сабе прысьвячаць час.
А я думаю: „Няўжо гэта я?“ Яны робяць мяне датычнай да сваіх малых прыемнасьцяў.
Калі я была маці трох дзяцей, жонкай любімага мужа, я была дастаткова шчасьлівая. Мне здавалася, што мне нічога ня трэба, у мяне ўсё добра. Калі я пачала займацца сваёй дзейнасьцю, я стала больш поўна адчуваць шчасьце.
Да групы ў мяне трымценьне. Я кожны раз перажываю лёгкі стрэс. Першыя 30 хвілін я яшчэ хвалююся, чырванею. А калі бачу, што яны даюць зваротную сувязь, я выдыхаю і нібыта лячу. Пад канец я стамляюся, але маю такое шчасьце, якое мяне запоўніла. Мне тады трэба крыху памаўчаць. Я сябе лаўлю на гэтым шчасьці».
Як вы разумееце, што гэта шчасьце?
«Часам у мяне наварочваюцца сьлёзы на вочы або ў носе казыча. Тады я разумею, што шчасьце або любоў не зьмяшчаюцца ўва мне. А бывае — проста спакой і ўдзячнасьць. Калі прачынаесься зь дзецьмі або засынаеш, калі я адчуваю ўдзячнасьць, — гэта для мяне сынонім шчасьця».
Чым пахне шчасьце?
«Пах майго аўсянага печыва з цынамонам. Пах кавы, хоць я каву ня п’ю, толькі муж. Пах сьвежасьпечанага хлеба, я некалі пякла хлеб. Пах хатняй утульнасьці. Пах дзіцячага малачка. Пах валасоў дзяцей, калі акунаюся ў дзіцячую галаву».
Як будзе «хюґе» па-беларуску?
«Для мяне гэта самаактуалізацыя, рэалізацыя свайго патэнцыялу. Каб у канцы жыцьця ты мог абярнуцца бяз сораму і горычы ў сэрцы і сказаць: „Гэта была я“. Мае дзеці, мая праца, мой унутраны асабісты рост.
Я больш шчасьлівая цяпер, чым 5 гадоў таму або раней. Ты зьмяняесься, расьцеш, разьвіваесься. Мы з мужам лечымся адзін аб аднаго, у нас цяпер зь ім мацней, чым было дагэтуль.
З часам я стала больш яскрава адчуваць шчасьце, удзячнасьць. Калі параўнаць дзяцінства, 18 гадоў і цяпер, то цяпер я значна больш шчасьлівая. У дзяцінстве ты бездапаможны, хочаш нешта ўзяць, але ня можаш, пакуль дарослыя не дазволяць. Ты ня можаш выбіраць, адзінае — чырвоныя калготкі ці зялёныя. Ты ня можаш кахаць, як мужчына і жанчына.
Я думаю, шчасьце трэба здабываць сваімі рукамі. Гэта справа нашых рук. Можна сказаць: „Нешта мне не пашчасьціла зь лёсам“. Можна вырасьці ў любой сям’і і стаць шчасьлівым.
У мяне быў складаны пэрыяд на самым пачатку сямейнага жыцьця, з мужам былі канфлікты, дзіця моцна захварэла з тэмпэратурай 40, я захварэла, дзяржаўныя экзамэны, якія я не пасьпявала вучыць, канфлікт з мамай. Гэта было два тыдні або месяц.
Я памятаю дзень, калі я зразумела, што ў мяне пераломны пэрыяд, мне кепска на душы, баліць, непакоіць, я не адчуваю ўпэўненасьці, але ў той жа момант я адчувала шчасьце. Калі хварэе дзіця, гэта не пазбаўляе жанчыну яе права на шчасьце. Яна застаецца мамай, якая любіць, якая клапоціцца, але яна можа дазволіць сабе быць шчасьлівай.
Аднойчы Рэнат быў у шпіталі, досыць доўга, вельмі сур’ёзна. Тады мне было вельмі страшна. Я тады нават вастрэй адчувала любоў, шчасьце на жывёльным узроўні ўпярэмешку са страхам, але гэта было вельмі моцна».
Як зрабіць шчасьце?
«Гэта шлях. Кажуць, шчасьце — ня станцыя прызначэньня, а спосаб падарожнічаць. Нельга прыйсьці ў пункт, дзе я шчасьлівы і не хачу нічога зьмяняць. Не. Я не імкнуся абавязкова зьведаць шчасьце. Ты проста робіш сваю справу, жывеш сваё жыцьцё. Жыць сваё, рабіць сваё. Можа, ня зь першага разу і ня зь пятага прыцэліцца правільна, зрабіць памылкі, вярнуцца назад, зноў ісьці. Дакладна не статычная гісторыя.
У мяне былі розныя пэрыяды: зусім няма грошай, кепскае надвор’е, няма чаго апрануць, няма грошай на садавіну, калі малыя дзеці. Але ніколі я не сказала: „Чаму я такая нешчасьлівая, чаму мне так ня шчасьціць?“ Хоць я не такі ўжо аптыміст.
Мне ў інстаграм многія пішуць: „Мне здаецца, вы такая лёгкая, душэўная, духоўная“. Я заўсёды кажу: „Ня трэба“. Можа, раней мне хацелася здавацца такой. Я думала, што я такая і была насамрэч. Думаю, гэта быў мой спосаб не перажываць аб нечым, абарончая рэакцыя. Цяпер я розная, магу быць і недушэўнай, і недухоўнай, але стараюся глядзець шырэй, чым у вузкі калідор свайго нэгатыву».
Беларусы — шчасьлівая нацыя?
«Я ня ведаю. Я вельмі часта гляджу на твары жанчын, на міміку, параўноўваю, калі мы падарожнічаем. У Тайляндзе ўсе ўсьмешлівыя. У нас праблема. У нашых жанчын часта падціснутыя вусны. Па вуснах я бачу, як чалавек настроены. Сёньня глядзела ў банку, якія ўсе нахмураныя. Але ў мяне няма прафэсійнай дэфармацыі, што я ўсіх увесь час чытаю.
„Зьмяняем выраз твару — зьмяняем настрой“
Ёсьць тэорыя, што мы можам усьміхацца празь сілу і станавіцца больш шчасьлівымі. Я думаю, нашым жанчынам не хапае крыху штучнай амэрыканскай усьмешкі, бо гэта магло б зрабіць іх унутры больш шчасьлівымі. Я адчуваю гэта на сабе. Бывае, ранкам устала і ўжо стамілася. Я пачынаю рабіць практыкаваньні для твару і бачу, як у мяне паляпшаецца настрой, зьяўляецца бадзёрасьць».
У чым сакрэт шчасьця?
«Выбіраць шчасьце».