Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з мэдыкамі 7 жніўня расказаў, што хоча, каб яго кроў пералілі ўсім апазыцыянэрам, бо пасьля таго, як ён перахварэў на COVID-19, ягоная кроў можа лячыць людзей.
«Ведаеш, я пра што падумаў: ты ж мяне ў гэты залаты фонд зараз запішаш, калі здаюць кроў, плязму робяць там і потым лечаць людзей, — перадае БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі, адрасаваныя міністру аховы здароўя Ўладзімеру Караніку. — Я буду здаваць кроў, ты вазьмі гэтую плязму, увядзі ўсім апазыцыянэрам па кроплі. Самы просты шлях павярнуць іх у бок дзяржавы, ну і ў мой бок. Таму я гэта публічна кажу, каб усе апазыцыянэры па кроплі крыві атрымалі. Яны не адмовяцца».
Лукашэнка дадаў, што гэта «такі паўжарт-паўпраўда».
Гэта спрацуе?
На момант публікацыі чалавецтва ня ведае лекаў ад COVID-19, як і вакцынаў ад вірусу SARS-CoV-2 — ёсьць толькі шэраг экспэрымэнтальных сродкаў і патэнцыйных вакцынаў, якія праходзяць выпрабаваньні.
Да экспэрымэнтальных сродкаў адносяць (у тым ліку ў Сусьветнай арганізацыі здароўя) і пераліваньне плязмы ад тых, хто ўжо перахварэў на каранавірусную інфэкцыю, тым, хто толькі змагаецца з каранавірусам: кроў першых зьмяшчае антыцелы да вірусу, якія могуць дапамагчы ў ачуньваньні.
Пакуль што экспэрымэнты і дасьледаваньні (напрыклад, такое) не паказваюць эфэктыўнасьці пераліваньня плязмы. Тым ня менш, Эўракамісія ў канцы ліпеня ўзмацніла падтрымку дасьледаваньняў у гэтым кірунку.
Пра ўплыў пераліваньня крыві на палітычныя погляды знайсьці навуковыя дасьледаваньні не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што «на нагах» перанёс каранавірусЛукашэнка ня раз даваў нават больш сумнеўныя рэкамэндацыі наконт COVID-19: прапаноўваў «лячэньне» трактарам, алькаголем, хакеем, маслам, лазьняй, козачкамі і іншым.
Адна з апошніх на сёньня рэкамэндацыяў Лукашэнкі супраць каранавірусу — мёд і купаньне ў крыніцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Трактар ня лечыць, пасадзіў печань». Радыёвядоўца прасьпяваў аб процівірусных «рэцэптах» Лукашэнкі
Ці можна адмовіцца?
Паводле беларускага закону «Аб донарстве крыві і яе кампанэнтаў», абавязковая ўмова пераліваньня крыві і яе кампанэнтаў — наяўнасьць папярэдняй пісьмовай згоды рэцыпіента на пераліваньне.
За рэцыпіента, які праз стан здароўя ня можа прыняць сьвядомае рашэньне, даць або ня даць згоду можа муж ці жонка, пры іх адсутнасьці — нехта з блізкіх родзічаў, паўналетніх дзяцей і гэтак далей.
Калі рэцыпіента прызнаюць недзеяздольным, патрэбна пісьмовая згода апекуноў. Таксама згода апекуноў, бацькоў або прыёмных бацькоў патрэбная для пераліваньня крыві непаўналетнім.
Толькі калі пераліваньне трэба рабіць неадкладна, а ні атрымаць згоду, ні знайсьці родзічаў немагчыма, рашэньне прымае кансыліюм лекараў, пры немагчымасьці і гэтага — адзін лекар, які павінен аформіць адпаведны дакумэнт і пры першай магчымасьці паведаміць пра гэта кіраўніку ўстановы аховы здароўя і рэцыпіенту або яго родзічам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.