Асноўныя цытаты з інтэрвію кіраўніка Беларусі ўкраінскаму журналісту Дзьмітрыю Гардону.
Пра ўцёкі і стрэлы
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніколі ня будзе страляць першым.
«Я ніколі ня буду страляць першым. Гэта вялікае глупства, гэта будзе падарунак ворагам. Да стральбы можа быць шмат іншых варыянтаў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньне ўкраінскага журналіста Дзьмітрыя Гардона, ці гатовы той, не раздумваючы, аддаць загад страляць у выпадку, калі «нехта паквапіцца на тэрыторыю Беларусі».
«Калі ўсе варыянты будуць вычарпаныя — без сумневаў. Навошта тады армія?» — дадаў Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі назваў пустымі размовы, што яму ў выпадку чаго давядзецца некуды ўцякаць: «Лукашэнка ніколі нікуды не пабяжыць, і мае дзеці нікуды не пабягуць. У мяне няма грошай, каб некуды ўцякаць».
Пра расейскія базы
Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што дзьве расейскія базы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, не ўяўляюць небясьпекі:
«Трэба разумець, якія гэта базы. Гэта базы, дзе працуюць паўтара чалавека расейцаў, а іншыя — беларусы. Гэта база далёкага адсочваньня пускаў ракет і сувязь з падводнымі субмарынамі ў Атлянтыцы. Там сядзяць фактычна тэхнары. Я там быў шмат разоў, і там сустракаюць мяне як свайго чалавека. Яны не закрытыя, там няма ні аэрадромаў, ні верталётаў, ні самалётаў. Там няма нічога, апроч фактычна стралковай зброі. І то там нашы людзі. Таму яны не ўяўляюць небясьпекі».
Пра Расею і Ўкраіну
Лукашэнка таксама заявіў, што ніколі ня будзе называць Расею агрэсарам:
«Сытуацыя (паміж Расеяй і Ўкраінай) дрэнная. Напэўна, вы маеце права так выказвацца. Я так ніколі не казаў і не скажу — захопнікі ці агрэсары. Калі я так скажу, то мы страцім сваю ролю не міратворца, а сяброў, бо расейцы і ўкраінцы для нас родныя. Мы не павінны былі прыйсьці да такой драмы, а калі прыйшлі, то мусілі даўно вырашыць гэтае пытаньне. Калі мы з Пуціным закранаем гэтае пытаньне, толькі пра гэта і кажам, што трэба тэрмінова заканчваць гэтую валтузьню. Нават у Расеі гэта асноўны трэнд».
«Мы ня скажам: ты агрэсар, ты такі! У мяне іншая роля. Я хачу, каб мы ўтрох, браты зь сястрычкай Украінай, Расея, Беларусь, па-братэрску селі і вырашылі».
Пра выбары і наступнага прэзыдэнта Беларусі
На пытаньне Дзьмітрыя Гардона, ці можа Лукашэнка спрагназаваць, хто будзе наступным беларускім прэзыдэнтам, кіраўнік Беларусі адказаў: «Я, канечне, магу сказаць, але навошта?»
У той жа час ён падкрэсьліў, што ў яго ніколі не было жаданьня ўсё кінуць і адмовіцца ад прэзыдэнцтва:
«Я ня ведаю іншага ладу жыцьця. Гэта вельмі цяжка, я як вавёрка ў коле. Хацелася б кінуць, калі б я ведаў нешта іншае. Але гэта ўжо мой лад жыцьця. Я часта думаў пра гэта. Я не ўяўляю. Ну добра. Я не прэзыдэнт. А што рабіць? Усё маё жыцьцё, сьвядомае жыцьцё з 38 гадоў у гэтым.
Аляксандар Лукашэнка перакананы, што масавасьць агітацыйных мітынгаў альтэрнатыўных кандыдатаў перабольшаная, а большасьць удзельнікаў прывозяць: «У Берасьці сабралі шматтысячны, кажуць, мітынг. 6–7 тысяч. Быў Дзень дэсантніка. Людзі прыйшлі і адтуль, і адтуль, паглядзелі, паслухалі, сышлі. Таму так — масавы».
Паводле яго, на агітацыйныя мітынгі прыходзяць пераважна тыя, хто вярнуўся ў Беларусь праз пандэмію каранавірусу і цяпер не працуюць. «У нас па краіне каля 60 тысяч гастарбайтэраў. У Расеі працавалі ў асноўным, ва Ўкраіне... Цяпер пандэмія. Уяўляеце, колькі цяпер людзей сядзіць і нечага чакае? Розныя людзі. І я гэта бачу. Мне ня вельмі прыемна, што гэта ў маёй краіне, але я ня паруся з гэтай нагоды. Я ж разумею, што заўсёды за мяне 20–21 адсотак на ўсіх выбарах не галасавалі. А гэта 300–500 тысяч чалавек».
Пра Ціханоўскую
Аляксандар Лукашэнка перакананы, што Віктар Бабарыка і Валер Цапкала зьвязаныя з Расеяй і ў іхную кампанію «запампаваныя велізарныя грошы», а Сьвятлану Ціханоўскую проста «выкарыстоўваюць»:
«Я пра яе (Сьвятлану Ціханоўскую) нічога ня думаю, апроч аднаго — мне яе проста шкада. Яна ня ўскочыла, яе ўвапхнулі ў гэтае вочка. Штабы, людзі, якія сядзяць у штабах Бабарыкі, Цапкалы, і ў яе самой. На што яны разьлічваюць? Яны ж цудоўна бачаць артыкулы за свае правапарушэньні і разумеюць, колькі ім давядзецца адседзець. Таму кінулі ўсе грошы, якія мы нават яшчэ не знайшлі».
Пра Пуціна
Аляксандар Лукашэнка ўзгадаў, што пазнаёміўся зь цяперашнім прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Пецярбургу, калі быў там зь візытам і сустракаўся з тагачасным мэрам Анатолем Сабчаком.
Пасьля абраньня прэзыдэнтам Расеі, сказаў Лукашэнка, Пуцін нагадваў «добрага выхаванца КДБ», а з часам ужо стаў «масьцітым кіраўніком». «Ён нікому не давярае. Стрыманы і закрыты».
«Так, у нас ёсьць пэўная напружанасьць, бо мы абодва моцныя людзі. Я лічу Ўладзіміра Ўладзіміравіча сваім старэйшым братам. Ня ў тым сэнсе, што ён старэйшы, а мы тут нейкія малодшыя. Не. Ён і па ўзросьце, і па вазе старэйшы брат. Я лічу, што старэйшы брат павінен заўсёды малодшага брата падтрымліваць. У нас на вёсцы заўсёды так было, у шматдзетных сем’ях. Старэйшы брат павінен дапамагчы, падказаць, а не падножку паставіць. Я так і спрабаваў выбудаваць дачыненьні».
Пра Паўднёвую Асэтыю, якую не прызнаў пад пагрозай санкцый
Аляксандар Лукашэнка таксама расказаў гісторыю, як Дзьмітры Мядзьведзеў, у той час прэзыдэнт Расеі, настойваў на прызнаньні Беларусьсю незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ў выніку вайсковага канфлікту між Расеяй і Грузіяй. Паводле Лукашэнкі, NATO папярэдзіла Беларусь аб магчымых жорсткіх санкцыях у выпадку прызнаньня самаабвешчаных рэспублік.
«Потым натаўцы нас, мяне, у гэтае пытаньне акунулі. Да мяне прыехаў Хавіер Саляна, кіраўнік NATO. Мне вельмі спадабаўся гэты старэча. І ён мне наўпрост кажа, што ёсьць просьба NATO да Лукашэнкі. ...І ён мне сказаў, што склалася такая сытуацыя, што калі вы прызнаеце, будзе парад прызнаньня, за вамі пойдуць іншыя».
Паводле Лукашэнкі, Хавіер Саляна нібыта папярэдзіў, што ў выпадку прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі Беларусь могуць адключыць ад разьлікаў па SWIFT: «Ён мне не абяцаў зьняць санкцыі. Ён пералічыў, што адбудзецца дадаткова».
Пасьля гэтай сустрэчы Лукашэнка нібыта прапанаваў тагачаснаму расейскаму прэзыдэнту Дзьмітрыю Мядзьведзеву кампэнсаваць страты ў выпадку ўвядзеньня дадатковых санкцый супраць Беларусі ў выпадку прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, але той адмовіўся.
«І мы не дамовіліся. А каму патрэбнае было гэтае пытаньне — прызнаю я Асэтыю ці не прызнаю? Праз суткі ўсе б забыліся. А санкцыі мы б атрымалі яшчэ большыя. Вось гэта стаўленьне хаўрусьніка».
Хавіер Саляна наведваў Беларусь і сустракаўся з Лукашэнкам у лютым 2009 году. На той момант ён ужо ня быў генэральным сакратаром NAТO, а працаваў вярхоўным прадстаўніком Эўразьвязу ў пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі, генэральным сакратаром Рады Эўразьвязу.
Пра ўкраінскіх прэзыдэнтаў
Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што з усімі ўкраінскімі прэзыдэнтамі меў някепскія дачыненьні, а найбольш цёплыя — зь Леанідам Кучмам. Таксама добрыя стасункі былі і зь Віктарам Юшчанкам, нягледзячы на тое, што «ён быў антыподам Лукашэнкі».
Але ні з кім зь мінулых прэзыдэнтаў ён не падтрымлівае кантактаў.
«Януковічу я прабачыў усё. Памятаеце, ён запрасіў мяне ў Чарнобыль, а потым Захад на яго падціснуў, і ўсё. Ён адмовіўся прымаць мяне ва Ўкраіне, а калі я сказаў, што мне не патрэбныя ніякія дазволы, каб прыляцець да сябе дадому ва Ўкраіну, ён закрыў магчымасьць пралёту самалёта. Я яму ўсё прабачыў. Пасьля таго мы сустракаліся, я яго падтрымліваў у час Майдану...». Аляксандар Лукашэнка дадаў, што лічыць падзеі 2013–2014 гадоў дзяржаўным пераваротам.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, Пятро Парашэнка ніколі ня быў шчырым, калі казаў пра сяброўскія зь ім сувязі: «Ён сапраўдны дыплямат — калі трэба сказаць, так і скажа».
На пытаньне аб уражаньнях, якія выклікае Ўладзімір Зяленскі, кіраўнік Беларусі адказаў: «Валодзя харошы. Мне яго шкада. Па-першае, трапіў „как кур во щи“. Такая сытуацыя ва Ўкраіне яму засталася. Ён, канечне, не дурны чалавек, хаця і зь іншай сфэры. Навучыцца можна...»
Пра каранавірус
«Мы ніколі не адмаўлялі каранавірус. Так падавалі сродкі масавай інфармацыі. Як можна адмаўляць тое, што ёсьць насамрэч?»
Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што вельмі глыбока быў пагружаны ў гэтую праблему і спрабаваў стрымаць разьвіцьцё панікі ў краіне: «Было ваеннае становішча, вы гэтага проста ня ведаеце».
«У мяне панікі не было, бо я ж ня ведаў, што я захварэў. У мяне не было нават такой магчымасьці падумаць — тут парад, потым Дзень Незалежнасьці. Думаю, як жа мне гэта дацягнуць? А потым яшчэ выбары... Пытаньне ня ў тым, што я заразіўся. Упершыню вам скажу. Мы схіляемся да таго, што ўсё ж такі мне яго падкінулі. І я зараз пачынаю шукаць той момант, дзе гэта адбылося. Ня буду казаць, каб не абразіць людзей».
Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што напярэдадні звароту да беларускага народу і парлямэнту яго інтэнсіўна лячылі: «Лекары кажуць, нельга выходзіць, трэба ляжаць. ...Выклікаў міністра, і вось яны мяне за 4–5 дзён скляпалі, і я стаяў ужо за трыбунай».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.