У звароце ад 6 жніўня, апублікаваным на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што дзейнасць інтэрнэт-плятформы «Голас» скіраваная на «арганізацыю масавых беспарадкаў».
«Як нас запэўніваюць, гэта кантроль за волевыяўленьнем, — казала Ярмошына. — Не, дарагія мае, гэта не кантроль. Гэта стварэньне скажонага выніку выбараў для таго, каб дэвальваваць афіцыйны вынік галасаваньня і на гэтай падставе арганізаваць масавыя беспарадкі».
Ярмошына назвала «Голас» (на 14 хвіліне відэа) «шкодным, проста злачынным праектам» і абурылася тым, што кандыдатка Сьвятлана Ціханоўская рэклямуе такі праект.
«Па сутнасьці, тое, што вам прапануецца, гэта стварэньне ценевага Цэнтарвыбаркаму, ня больш і ня менш, — заявіла Ярмошына. — Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правядзеньне выбараў забясьпечваюць выбарчыя камісіі; ніякая іншая структура, нават калі яна падключаецца на апошнім этапе і спрабуе зьвесьці галасы выбарнікаў, не зьяўляецца законнай. Па сутнасьці справы, яна падмяняе сваёй дзейнасьцю Цэнтральную выбарчую камісію».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаго са стваральнікаў плятформы для альтэрнатыўнага падліку галасоў «Голас» трымаюць у СІЗА КДБПлятформа «Голас» на момант публікацыі працягвае дзейнасьць. На ёй паведамляецца, што зарэгістраваліся ўжо звыш 900 тысяч чалавек — гэтыя людзі расказалі, за каго зьбіраюцца галасаваць, і паабяцалі выслаць фота запоўненага бюлетэня пасьля галасаваньня.
4 жніўня ў Менску затрымалі Ільлю Шапаткоўскага, аднаго са стваральнікаў плятформы «Голас». Цяпер ён у сьледчым ізалятары КДБ. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла маці Ільлі Алена.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ярмошына засьцерагла ад галасаваньня ўвечары: участкі закрыюць а 20-й, перад гэтым могуць зрабіць «прапускны рэжым»Аляксандар Лукашэнка 6 жніўня заявіў, што неабходна даць ацэнку законнасьці ініцыятываў у альтэрнатыўным падліку галасоў на выбарах у Беларусі:
«Яшчэ адна тэма, якая ўсплыла, гэта альтэрнатыўны падлік галасоў у дзень выбараў. І Генэральнай пракуратуры, і судам варта даць ацэнку законнасьці падобных ініцыятываў. У судах, калі такія звароты туды паступяць», — сказаў ён.
Цэнтральная выбарчая камісія ня мае паўнамоцтваў наўпрост спыніць дзейнасьць інтэрнэт-сайту. Генэральная пракуратура і суды пакуль не давалі ацэнак дзейнасьці плятформы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна сфатаграфаваць бюлетэнь, скласьці яго гармонікам, закрыць шторку? 8 адказаў пра выбарыПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.