Ці магчымае аб’яднаньне штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты Сяргея Чэрачня і Андрэя Дзьмітрыева са штабам Святланы Ціханоўскай? Даведаліся ў штабах кандыдатаў у прэзыдэнты.
Сяргей Чэрачань патлумачыў карэспандэнту Свабоды свой нядаўні пост у Фэйсбуку, што ён будзе працягваць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі «бяз спробаў аб’яднаньня дэмакратычных сіл».
«Мы павінны былі пагаварыць аб кансалідацыі сваіх сіл у рамках гэтай кампаніі. Мы прапаноўвалі сустрэчы і сустракаліся са штабам Віктара Бабарыкі яшчэ да атрыманьня мандатаў кандыдатаў у прэзыдэнты і пасьля гэтага. Але, на жаль, усім разам нам не ўдалося сабрацца з прычыны таго, што дарадцы Сьвятланы блякавалі любыя сустрэчы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань ня будзе аб’ядноўваццаПаводле Сяргея Чэрачня, прынамсі Мікалай Казлоў і Віталь Рымашэўскі заявілі, што выйдуць з кааліцыі, калі да яе далучыцца Чэрачань.
«Для мяне гэта своеасаблівае тлумачэньне пра кансалідацыю дэмакратычных сіл», — сказаў Сяргей Чэрачань.
Ён дадаў, што калі Віктар Бабарыка быў ужо ізаляваны, яго штаб гутарыў са штабам Бабарыкі пра аб’яднаньне намаганьняў вакол мацнейшага кандыдата, то бок вакол Віктара. Паводле Чэрачня, у яго са штабам Бабарыкі «практычна ідэнтычная праграмная частка і мэтавая аўдыторыя».
«З улікам таго, што ён не атрымаў рэгістрацыю, мы на наступны дзень сустрэліся і пачалі абмеркаваньне па нашых далейшых сумесных дзеяньнях. Потым празь дзень была сустрэча чатырох штабоў, у тым ліку і нашага, калі ў нас і ўзьнік канфлікт з дарадцамі Ціханоўскай, — кажа Сяргей Чэрачань. — То бок тады і адбылося абʼяднаньне трох, а павінна было адбыцца абʼяднаньне чатырох. Мы былі на гэтай сустрэчы, і калі б мною не паважаныя людзі на гэтай сустрэчы не пачалі гістэрыць, работа была б зусім іншая».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці прынясуць выбары-2020 кардынальныя перамены? Спрэчка палітолягаў«Я чалавек бізнэсу, чалавек справы»
Цяпер Сяргей Чэрачань зрабіў сваю заяву, бо не дачакаўся ад абʼяднанага штабу канструктыву.
«У любым выпадку я заўсёды за канструктыў. Я чалавек бізнэсу, чалавек справы. Таму, калі мы сядаем за стол перамоваў, мы павінны сядзець ня так, што кожны цягне на сябе коўдру, мы павінны выразна разумець і выпрацаваць канцэпцыю сумесных дзеяньняў. Калі старая апазыцыя будзе ўвесь час ставіць палкі ў колы і разьбіваць любы дэмакратычны працэс, то я губляць час таксама ня буду».
Паводле Сяргея Чэрачня, каб умацаваць пазыцыі Сьвятланы, як мінімум, неабходна было кансалідаваць праграмныя рашэньні.
«Непасрэдна ў штабу Бабарыкі і ў нас былі прапрацоўкі праграмнай часткі. І, я лічу, вельмі добрыя. І мы прапаноўвалі, сярод іншага, правесьці для абмеркаваньня круглыя сталы, запрасіць СМІ і данесьці гэтую інфармацыю да насельніцтва. Гэтага таксама, на жаль, не было зроблена».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Майдан можа быць у любым горадзе». Аналітыкі пра шанцы Ціханоўскай і Лукашэнкі
«Я ні за кім больш бегаць ня буду»
Паводле Сяргея Чэрачня, на сумесных сустрэчах трэба было абмеркаваць пытаньне абʼяднаньня са штабам Святланы Ціханоўскай і магчымага зьняцьця кандыдатуры, наколькі гэта будзе мэтазгодна і ці прынясе агульную карысьць выбарчаму працэсу.
«Гэтае рашэньне павінен прымаць не адзін я, ня мой штаб, не яшчэ нехта з канкрэтных людзей. Гэта павінна быць абʼяднаньне непасрэдна лідэраў арганізацый і іх дарадцаў. То бок гэта павінна быць вялікая кансалідацыя. Калі гэтага няма, то я паўтаруся, што я больш ніякія ініцыятывы ў гэтым кірунку праяўляць ня буду. Я ні за кім больш бегаць ня буду. Але да фармату перамоўнага працэсу я заўсёды адкрыты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Канапацкая: «Апазыцыя мне пагражае і прымушае зьняцца, але толькі я магу выцягнуць Лукашэнку ў другі тур»
«Фактычна гэта быў ультыматум»
Сяргей Чэрачань сказаў, што асабіста ў яго няма ніякага жаданьня весьці перамовы пра абʼяднаньне з кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Дзьмітрыевым. Ён не аспрэчыў, што ад штабу Дзьмітрыева паступала прапанова правесьці першы сумесны мітынг за свабоду палітвязьняў, зладзіць сумесны канцэрт у дзень 30-годзьдзя сувэрэнітэту Беларусі, ажыцьцяўляць каардынацыю паміж даверанымі асобамі.
«Пра гэта пагаварылі, але на той момант у нас была свая праграма па далейшай працы. Тады мы рыхтавалі свой канцэрт на дзень Незалежнасьці 27 ліпеня, і ішлі перамовы пра яго правядзеньне. Андрэй таксама павінен быў узяць у ім удзел. Але сытуацыя пачала разьвівацца так, што мерапрыемства не адбылося, бо дзяўчаты (маюцца на ўвазе Калесьнікава, Ціханоўская і Цапкала. — РС) сказалі, што яны гатовыя яго наведаць толькі ў тым выпадку, калі я на канцэрце, які я арганізую на свае грошы, здымуся з выбараў на іх карысьць. Фактычна гэта быў ультыматум, таму ў нас атрымаўся пэўны дысананс. Канцэрт не адбыўся, і ў выніку перамовы былі безвыніковымі».
Сяргей Чэрачань кажа, што напярэдадні прапаноўваў сустрэцца са штабам Сьвятланы Ціханоўскай, але сустрэча не адбылася.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Завяршыць кампанію выбарам Лукашэнкі». Як крычаўскіх чыноўнікаў рыхтуюць да выбараў. ВІДЭА, АЎДЫЁ
«На сёньняшні дзень каардынацыі няма»
Андрэй Дзьмітрыеў сказаў карэспандэнту Свабоды, што ад штабу Сьвятланы Ціханоўскай не паступала прапановаў пра аб’яднаньне.
«На сёньняшні дзень каардынацыі няма, але я думаю, што мы будзем вырашаць па гэтай тэме крыху пазьней. Зараз я не гатовы пра гэта гаварыць. Я пра гэта буду казаць праз два дні. Тое, што я хацеў, я сказаў падчас сустрэчаў», — сказаў Андрэй Дзьмітрыеў.
Андрэй Дзьмітрыеў выказаўся за каардынацыю са штабамі Сьвятланы Ціханоўскай і Сяргея Чэрачня. Маўляў, на пытаньне, што рабіць 9–10 жніўня, павінен быць супольны адказ у трох штабоў. Калі Сьвятлану Ціханоўскую здымуць з выбараў, то ён будзе спрабаваць дайсьці да канца. А калі ён здымецца сёньня, то Ціханоўскую здымуць на наступны дзень, мяркуе Дзьмітрыеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзьмітрыеў патлумачыў, чаму ня будзе здымацца на карысьць Ціханоўскай і каго бачыць новым прэзыдэнтам
«На мой погляд, гэта кандыдаты-спойлеры»
Прадстаўніца аб’яднанага штабу Марыя Калесьнікава ня стала камэнтаваць заявы Сяргея Чэрачня.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў сказаў, што ўсё не зусім так, як кажа Сяргей Чэрачань, «хаця частка праўды ёсьць».
«Я насамрэч стаўлюся і да Чэрачня, і да Дзьмітрыева, і да Канапацкай практычна аднолькава: гэта кандыдаты-спойлеры. Іх існаваньне дазволіла не рэгістраваць і арыштоўваць кандыдатаў, часткова разьвязвае рукі Лукашэнку, — кажа Мікалай Казлоў. — Чаму я лічу іх спойлерамі? Бо я абсалютна дакладна ведаю і бачу гэта па лічбах, што яны не сабралі подпісы. Гэта самае галоўнае. А Чэрачню яшчэ і дапісалі. Яму прапаноўвалася абурыцца гэтым, зьвярнуцца ў суд, сказаць грамадзкасьці, што ён не гатовы гуляць па несумленных правілах, і такім чынам паўплываць на пазыцыю іншых „спойлераў“ і не ўступаць у змову зь Ярмошынай».
Паводле Казлова, цяперашняя кампанія драматычная і важная для Беларусі, і важна нікога не падманваць. Таму тое, што людзі, не сабраўшы подпісаў, сталі кандыдатамі, — гэта «вяршыня несправядлівасьці і цынізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя прафсаюзы заклікалі Канапацкую, Дзьмітрыева і Чэрачня зьняцца на карысьць Ціханоўскай«Я не гатовы з гэтым мірыцца. І гэта не дазваляе мне гаварыць пра тое, што трэба весьці перамовы пра аб’яднаньне, і што гэта вельмі важна, з Чэрачнем, Дзьмітрыевым і тым больш з Канапацкай. Гэта ня тое абʼяднаньне, гэта больш дыскрэдытацыя. Канечне, ня я прымаю канчатковае рашэньне. Але калі яны кажуць, што яны запасны варыянт на выпадак, калі некага здымуць, то ёсьць у бюлетэнях кандыдат „супраць усіх“, якім мы скарыстаемся, калі ўлада ўсё ж вырашыць зьняць Сьвятлану».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.