Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя прафсаюзы заклікалі Канапацкую, Дзьмітрыева і Чэрачня зьняцца на карысьць Ціханоўскай 


Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук ад імя Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) накіраваў адкрыты ліст кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Ганьне Канапацкай, Андрэю Дзьмітрыеву і Сяргею Чэрачню.

«Лічаныя дні да таго, калі ня толькі вызначыцца лёс нашай краіны, а і ваша будучыня. Калі вы не падтрымаеце Сьвятлану Ціханоўскую, паставіце крыж на сабе як палітыках. У вачах беларускага народу будзеце выглядаць як людзі, што сталі памагатымі Аляксандра Лукашэнкі, які імкнецца захаваць уладу. Зьняцьце ж на карысьць Ціханоўскай ня толькі пазбаўляе ўладу магчымасьці маніпуляцый з вашымі галасамі, але і будзе характарызаваць вас як дальнабачных палітыкаў, здольных адмовіцца ад імгненных выгадаў на карысьць доўгатэрміновых і стратэгічных», — гаворыцца ў лісьце.

Аляксандар Ярашук прызнае, што, нягледзячы на палітычную маладосьць, усе яны невыпадкова трапілі ў палітыку і маюць магчымасьць пражыць у ёй доўгае і пасьпяховае жыцьцё. Аднак гэтая магчымасьць зьявіцца не раней, чым у краіне адбудуцца дэмакратычныя перамены і цяперашняя ўлада сыдзе. А шанцы на перамены падвышаюцца «ня з вашым удзелам, а з вашым няўдзелам у выбарах», піша лідэр БКДП.

«Ваш удзел у выбарах не дадае вам аўтарытэту, наадварот, зьмяншае палітычны капітал. Разумееце вы гэта ці не, але сытуацыя менавіта такая. Выбар цяпер за вамі, як распарадзіцца ўласнай палітычнай будучыняй: бязглузда перакрэсьліць яе ці мудра адчыніць туды дзьверы. Застаецца адкрытым толькі пытаньне, дзе будзеце вы — у ліку пераможцаў разам са Сьвятланай Ціханоўскай і беларускім народам ці ў ліку тых, хто прайграў разам з Аляксандрам Лукашэнкам. Іншых варыянтаў няма», — падсумаваў у сваім адкрытым лісьце старшыня БКДП Аляксандар Ярашук.

Усе тры кандыдаты, да якіх зьвяртаецца прафсаюзны лідэр, раней заявілі, што ня будуць здымаць свае кандыдатуры на карысьць Сьвятланы Ціханоўскай.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG