Кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Чэрачань паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што будзе працягваць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі «бяз спробаў аб’яднаньня дэмакратычных сіл».
1 жніўня было праведзена пасяджэньне цэнтральнай рады партыі «Грамада», а раней сход штаба кандыдата ў прэзыдэнты Сяргея Чэрачня. Абмяркоўваліся два пытаньні: вылучэньне назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі і выпрацоўка стратэгіі ў рамках электаральнай кампаніі.
«У сувязі з немагчымасьцю правесьці перамовы па абʼяднаньні намаганьняў і кансалідацыі працы штаба Сяргея Чэрачня і Сьвятланы Ціханоўскай (радыкальная дэструктыўная апазыцыя з акружэньня Святланы Ціханоўскай блякуе любыя кантакты), было прынята рашэньне працягваць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі без спробаў абʼяднаньня дэмакратычных сіл.
Сяргей Чэрачань падзякаваў штабу Віктара Бабарыкі за салідарнасьць «у спробе арганізаваць перамоўны працэс».
«У дадзенай сытуацыі мы перакананыя, што Беларусі не патрэбныя стары прэзыдэнт і дэструктыўная старая апазыцыя», — лічыць Сяргей Чэрачань.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.