Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прынясуць выбары-2020 кардынальныя перамены? Спрэчка палітолягаў


Агітацыйны мітынг за Сьвятлану Ціханоўскую ў Менску 19 ліпеня 2020
Агітацыйны мітынг за Сьвятлану Ціханоўскую ў Менску 19 ліпеня 2020

Ці магчыма, што сёлетнія выбары прынясуць кардынальныя перамены? Які мэсыдж пасылае аб’яднаньне штабоў Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы? Якія суадносіны спантанасьці і арганізаванасьці ў кардынальных палітычных зьменах? Што зьяўляецца крытэрам у спрэчках пра далейшую хаду выбарчай кампаніі?

Пра гэта ў «Праскім акцэнце» спрачаюцца палітолягі Натальля Васілевіч і Дзяніс Мельянцоў.

Сьцісла

Васілевіч

  • Трыюмвірат — Сьвятлана, Марыя, Вераніка — гэта увасабленьне стыхійнасьці, форс-мажору, гэта моцны мэдыйны сымбаль.
  • Я вельмі ўважліва сачыла за стрымамі з акцыяў. І мяне ўражваў узровень удзельнікаў, людзі вуліцы аказаліся больш разумнымі ў сэнсе канстытуцыйнага права, чым некаторыя студэнты-юрысты.
  • Лукашэнка цяпер увесь час робіць памылкі і працягвае іх рабіць.
  • Бабарыка ўжо нічога не дыктуе. Ніякай асэнсаванай стратэгіі няма. Таму і немагчыма прыдумаць контрастратэгію.
  • Бабарыка і Цапкала пару гадоў таму былі прадстаўнікамі прарэжымнай эліты. І тое, што яны пайшлі супраць гэтай сыстэмы, сьведчыць, што пэўны раскол у ёй ёсьць.

Мельянцоў

  • Невядома, наколькі вялікая група людзей, гатовых браць ката ў мяху, абы гэта быў не Лукашэнка.
  • Калі ўлада выключыла з выбарчай гонкі трох найбольш папулярных кандыдатаў, іх выйшла бараніць невялікая колькасьць людзей.
  • Няма расколу эліты: пасьля заявы Раўкова аб магчымасьці ўжываньня войска, пасьля заявы Макея, што рэжым моцны і кансалідаваны, можна сказаць, што ключавыя асобы будуць з прэзыдэнтам да апошняга.
  • Калі да Ціханоўскай будуць прыходзіць дзясяткі тысяч, гэта хутка скончыцца, як хутка скончыўся збор подпісаў за Бабарыку і іншых.

Дракахруст: Натальля, Дзяніс, днямі паміж вамі адбылася завочная дыскусія ў ФБ на тэму — што яшчэ чакае Беларусь у гэтай выбарчай кампаніі, пасьля адмовы ў рэгістрацыі Віктару Бабарыку і Валеру Цапкалу, пасьля пратэстаў супраць гэтага і жорсткага іх задушэньня, пасьля абʼяднаньня штабоў Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Мельянцоў: Падобна на тое, што нічога сапраўды важнага мы ў гэтую выбарчую кампанію ўжо ня ўбачым. Няма актараў, якія б змагаліся за ўладу. Ёсць вельмі шмат эмоцый. Але няма актараў. Ёсьць прыгожыя карцінкі, вонкавая атрыбутыка, але няма зьместу (ня плянаў, стратэгій, а менавіта зьместу ва ўсім гэтым няма). Цікава, што многім эстэтыка стала куды важнейшая за зьмест. Што небясьпечна ў гэтай сытуацыі, гэта тое, што нікім не кантраляванае і некіраванае выпусканьне пары можа мець значна горшыя наступствы, чым арганізаванае сутыкненьне апанэнтаў.

Васілевіч: Магчыма, трыюмвірат палітычна досыць слабы і не зусім гатовы распрацаваць і прапанаваць адэкватную стратэгію перамогі. Але мэдыйна гэта, безумоўна, знаходка і для беларускай прасторы, і для міжнароднай. А стратэгіі... Не ўзгадаю, каб Лукашэнку атрымлівалася заваліць нейкімі стратэгіямі. Толькі цуд, толькі спантаннасьць, толькі неяк само па сабе. І колькі ўлада ня будзе аслабляць гэтую каманду — пасадкамі рэальных, якія прымаюць рашэньні, людзей, кампраматам, запалохваньнем, нейкім містычным чынам гэта толькі набліжае канец рэжыму.

Дракахруст: Натальля, чаму, на ваш погляд, Дзяніс ня мае рацыі?

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

Васілевіч: Я лічу, што Дзяніс мае рацыю. Ён напісаў, што некантраляваны працэс «можа прывесьці да кепскіх наступстваў». Згодная, што можа. Але я думаю, што ён можа прывесьці і да іншых наступстваў. Гэты трыюмвірат — Сьвятлана, Марыя, Вераніка — увасабленьне стыхійнасьці, форс-мажору, гэта моцны мэдыйны сымбаль. Гэта можа мець і станоўчыя наступствы. Мы зь Дзянісам пагаджаемся ў аналізе, але бачым розныя пэрспэктывы, да чаго гэта можа прывесьці.

Дракахруст: Дзяніс, вы напісалі, што кампанія страціла сэнс. А можа, наадварот, набыла, нават насуперак волі ўдзельнікаў? Цяпер так аказалася, што Ціханоўская — у чыстым выглядзе «„Не“ — Лукашэнку». Ня тоеснасьць, але аналёгія — тэза з кнігі Бенэдыкта Андэрсана «Уяўленыя супольнасьці»: для ўсіх нацыяў магіла нявядомага салдата таму і сьвятая, што ў ёй ніхто не ляжыць. Ад Ціханоўскай ніхто і не чакае дэталізаванай ці хоць якой праграмы. Можа, у гэтым яе і моц?

Мельянцоў: Для той групы насельніцтва, якая гатовая галасаваць за каго заўгодна, абы не за Лукашэнку, пэўны сымбалізм тут ёсьць. Іншае пытаньне, наколькі вялікая група людзей, гатовых браць ката ў мяху, абы гэта быў не Лукашэнка. Усе гэтыя размовы пра 3%, пра 76%, пра тое, што грамадзтва актывізавалася, як ніколі раней — гэта перабольшаньне. Ёсьць актывізацыя моладзі, карыстальнікаў Фэйсбуку гіпстарскага тыпу. І ня больш за тое. Калі ўлада выключыла з выбарчай гонкі трох найбольш папулярных кандыдатаў, бараніць іх выйшла невялікая колькасьць людзей. Я чакаў, што будзе тысяч 10 па краіне. Іх было менш, і іхны выхад быў стыхійным.

Сутычкі з АМАПам былі наступствам менавіта гэтай некіраванасьці. Гэтыя кандыдаты не казалі, што трэба рабіць у выпадку іх нерэгістрацыі. Таму ўзьнік гэты эфэкт некіраванага натоўпу. Я сумняваюся, што гэта прывядзе да нечага добрага, да Майдану і зьмены ўлады. Хутчэй, проста да эскаляцыі гвалту, і ўлада пераможа альтэрнатыву.

Дракахруст: Што ёсьць крытэрам у вашай спрэчцы? Ясна, што прэзыдэнт Ціханоўская 9 жніўня — значыць, мае рацыю Натальля. Прэзыдэнт Лукашэнка 9 жніўня і пазьней — мае рацыю Дзяніс. А да таго, за гэтыя 21 дзень, які застаўся да выбараў — што крытэр, якія апераджальныя індыкатары?

Васілевіч: Гэта першая кампанія практычна за 20 гадоў, хада якой адбываецца для мяне непрадказальна. Я палітоляг, і раней для мяне ў Беларусі ўсё адбывалася прадказальна. Зьявіўся Ціханоўскі — і як шмат людзей ён здолеў мабілізаваць, для якой колькасьці людзей і як хутка ён стаў вядомым. Для мяне гэта была новая асоба. Праймэрыз праваліліся, традыцыйная апазыцыя сышла са сцэны. Я вельмі ўважліва сачыла за стрымамі з акцыяў. І мяне ўражваў узровень удзельнікаў. Я ў свой час выкладала канстытуцыйнае права. І людзі вуліцы аказаліся больш разумнымі ў сэнсе канстытуцыйнага права, чым некаторыя студэнты-юрысты.

Дракахруст: І з гэтага вынікае, што пасьля 9 жніўня Лукашэнка ўжо ня будзе прэзыдэнтам?

Васілевіч: Не, не вынікае. Але Лукашэнка кепска спраўляецца з форс-мажорамі. Падчас стыхійных падзеяў вельмі цяжка прымаць рашэньні. Такім форс-мажорам для ўсяго сьвету быў каранавірус, для якога сьвет ня быў гатовы. Гэтак і Лукашэнка: ён ня быў гатовы да таго сцэнару, які цяпер разьвіваецца. І ён спрабуе дзейнічаць тымі ж мэтадамі, якімі дзейнічаў заўсёды. Мне здаецца, што ён цяпер увесь час робіць памылкі і працягвае іх рабіць.

Дракахруст: Якія суадносіны стыхійнасьці і арганізаванасьці ў кардынальных, рэвалюцыйных падзеях? Ці гэта адбываецца вельмі па-рознаму? Бальшавіцкая кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 году ў Расеі сапраўды была арганізавана і праведзена, як вайсковая апэрацыя. А лютаўская ў тым жа 1917-м у Расеі — чый гэта быў плян? Вы, Дзяніс, кажаце, што сёньня няма арганізацыі. Можа, яна наагул рэдка калі ёсьць?

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Мельянцоў: Калі ўжо казаць пра гістарычныя аналёгіі, то ў рэвалюцыі ў Расеі ў 1917 годзе былі арганізаваныя сілы, была прапаганда, армія амаль цалкам разлажылася. У такой сытуацыі хаосу арганізаваная сіла магла прыйсьці да ўлады. Грамадзкая сыстэма павінна сасьпець для трансфармацыі. Павінен быць раскол у элітах. Мусіць быць больш менш структураваная апазыцыя. Гэта высновы транзыталёгіі.

У Беларусі мы цяпер маем кансалідаваны аўтарытарны рэжым, відавочна маналітную сыстэму ўлады. Тут для мяне крытэр — што мы ня бачым ні ад аднаго дзяржаўнага службоўца, які б заявіў, што ў краіне робіцца нешта ня тое, што трэба сябе паводзіць з апазыцыяй больш мякка. Няма такіх заяваў і ў вышэйшым эшалёне ўлады.

Квінтэсэнцыяй быў парад Перамогі, на якім усе вышэйшыя ўрадоўцы стаялі без масак, дэманструючы поўнае адзінства. Пасьля заявы Раўкова аб магчымасьці ўжываньня войска, пасьля заявы Макея, што рэжым моцны і кансалідаваны, можна сказаць, што ключавыя асобы будуць з прэзыдэнтам да апошняга. З пункту гледжаньня паліттэхналёгіі гэтае абʼяднаньне штабоў вельмі прыгожае. Інтэлігентным людзям гэта вельмі падабаецца. Але калі мы кажам пра больш шырокае грамадзтва, у мяне вялікія сумневы, што гэта закране нэрв.

Дракахруст: Дзяніс прыгадаў раскол у элітах, які сапраўды, паводле тэорыяў многіх палітолягаў, зьяўляецца важным чыньнікам кардынальных зьменаў, прынамсі, «ашалямляльных» выбараў. Віктар Бабарыка сказаў — калі чалавек зьбярэ паўмільёна подпісаў, яго немагчыма будзе не зарэгістраваць. І гэта сапраўды так, калі ў краіне сытуацыя «ашаламляльных» выбараў. Лукашэнку ў 1994 годзе, Ельцына ў 1991 годзе, Каштуніцу ў Сэрбіі ў 2000 годзе немагчыма было не зарэгістраваць. А Бабарыку ў 2020 годзе ў Беларусі можна было не зарэгістраваць. Хіба адно гэта ня сьведчыць, што ня ў гэты раз?

Васілевіч: Лукашэнку ў 1994 годзе немагчыма было не зарэгістраваць, таму што тагачасная кіроўная эліта не ўспрымала яго ўсёрʼёз, калі было супрацьстаяньне паміж Кебічам і Шушкевічам. Што да прагнозу Бабарыкі, што яго павінныя зарэгістраваць — я ня ведаю, на чым ён грунтаваўся. Можа, гэта была наіўнасьць, можа, яму нехта даў гарантыі. Але цяпер мы ў новай сытуацыі. Цяпер Бабарыка нічога не дыктуе. Ніякай асэнсаванай стратэгіі няма. Таму і немагчыма прыдумаць контрастратэгію.

Дракахруст: А наконт расколу эліты? Некалькі вядомых журналістаў дзяржаўных СМІ ўзьнялі свае галасы ў абарону ці нават у падтрымку альтэрнатывы. Раней такога не было. Але сярод дзейных чыноўнікаў, сярод людзей у пагонах — ніводнага такога не знайшлося, прынамсі, пакуль. У 2011 годзе ў Эгіпце на пачатку рэвалюцыі міністар абароны заявіў, што войска ня будзе ўмешвацца. У 2020 годзе ў Беларусі сакратар Рады бясьпекі заявіў, што войска ўмяшаецца, калі спатрэбіцца.

Васілевіч: Бабарыка і Цапкала пару гадоў таму былі прадстаўнікамі прарэжымнай эліты. І тое, што яны пайшлі супраць гэтай сыстэмы, сьведчыць, што пэўны раскол у ёй ёсьць.

Дракахруст: З пачатакам выбарчай кампаніі Ціханоўская атрымала магчымасьць легальна весьці выбарчую агітацыю, праводзіць мітынгі. Калі на іх будуць прыходзіць тысячы, дзясяткі тысячаў, сотні тысячаў — можа, дынаміка гэтага працэсу прымусіць вас, Дзяніс, скарэктаваць вашыя прагнозы?

Мельянцоў: Пару словаў пра раскол элітаў. Я ня згодны з Натальляй. І Цапкала, і Бабарыка — не зусім уладная эліта. Цапкала быў звольнены і пакрыўджаны, яго можна параўнаць з Казуліным і Саньнікавым. Эліта — гэта найперш вышэйшыя службовыя асобы. Калі б яны пачалі неяк пярэчыць лініі, гэта б сьведчыла пра раскол.

Што да вашага пытаньня, то прагнозы могуць карэктавацца. Так, Ціханоўская можа склікаць мітынгі, але ўлада на этапе збору подпісаў паказала, што яна дзейнічае на апераджэньне. Мала хто чакаў, што кандыдаты будуць пасаджаныя да рэгістрацыі. Гэта сьведчыць пра тое, што канцэпцыя Віталя Сіліцкага аб прэвэнтыўным аўтарытарызме працуе да сёньняшняга дня. Таму калі да Ціханоўскай будуць прыходзіць дзясяткі тысячаў, гэта хутка скончыцца, як хутка скончыўся збор подпісаў за Бабарыку і іншых. Кіеўскі Майдан 2013-2014 году паказаў, што сотні тысячаў людзей могуць стаяць на Майдане і нічога ня будзе адбывацца, калі ўлады ня будуць рабіць вялікіх памылак.

Васілевіч: Я не магу прагназаваць вынікі спантанасьці, бо ў тым і яе сутнасьць, што яе немагчыма прагназаваць. І тое, што ніхто ня мог прагназаваць, што Лукашэнка пасадзіць прэтэндэнтаў да рэгістрацыі, сьведчыць пра тое, што яму даводзіцца дзейнічаць па-новаму. А ў гэтым выпадку імавернасьць памылак зь яго боку ўзрастае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG