Беларусь афіцыйна перадала Ўкраіне сьпіс затрыманых 29 ліпеня, якіх беларускія ўлады называюць баевікамі расейскай ПВК «Вагнэр» і падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў. Пра гэта расказаў на брыфінгу міністар замежных справаў Украіны Дзьмітры Кулеба, піша УНІАН.
Украінскія праваахоўнікі зьбіраюцца праверыць сьпіс на прадмет удзелу названых людзей у баявых дзеяньнях на Данбасе. Міністар жа сказаў, што ўкраінцаў у сьпісе ня 7 чалавек, як сьцьвярджалі раней, і дадаў, што важна ня толькі тое, колькі ў сьпісе затрыманых украінцаў і хто яны.
«Вельмі важна вызначыць, хто з удзельнікаў гэтага сьпісу браў удзел ва ўзброеных дзеяньнях на баку акупацыйных сілаў, незаконных узброеных фармаваньняў, ці датычныя яны да тых ці іншых злачынстваў», — сказаў Дзьмітры Кулеба.
Раней Служба бясьпекі Ўкраіны і Офіс прэзыдэнта Ўкраіны заяўлялі, што зьбіраюцца дамагацца экстрадыцыі зь Беларусі баевікоў, якія ваявалі на Данбасе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раўкоў: Рэшту з 200 баевікоў шукаюць у Беларусі, затрыманых падазраюць у падрыхтоўцы тэракту ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы з Украінай узмацнілі кантроль. А з Расеяй?