Пасьля затрыманьня ў Беларусі 33 чалавек, якіх улады называюць баевікамі расейскай ПВК «Вагнэр» і падазраюць у падрыхтоўцы тэрактаў, Дзяржаўны памежны камітэт і іншыя чыноўнікі заяўлялі аб узмацненьні кантролю на межах, у тым ліку з Расеяй. Карэспандэнтка Tut.by раніцай зьезьдзіла 30 ліпеня на беларуска-расейскую мяжу і не пабачыла ўзмоцненага кантролю.
На трасе М1 ля мяжы з Расеяй 30 ліпеня амаль не было машынаў, піша журналістка, а асноўны транспарт — грузавікі.
«Нягледзячы на страшылкі ў сеціве, па дарозе мы не сустрэлі ні міліцыі, ні вайскоўцаў, — расказвае карэспандэнтка Tut.by. — На палях — уборачная тэхніка, у некаторых месцах на трасе дальнабойнікаў правярае транспартная інспэкцыя, у пункце ДАІ, дзе спыняюць нерэзыдэнтаў, за якімі лічацца штрафы за хуткасьць, дзяжурыў інспэктар — словам, усё як звычайна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Раўкоў: Рэшту з 200 баевікоў шукаюць у Беларусі, затрыманых падазраюць у падрыхтоўцы тэрактуЗа 4 км ад мяжы з Расеяй пачынаецца чарга з фурамі з нумарамі розных краінаў — дальнабойнікі кажуць, такая і стаіць звычайна, на выходных нават большая, а нічога незвычайнага яны не заўважаюць.
Мясцовыя жыхары кажуць, церазь мяжу без усялякага дазволу правязуць прыватнікі на мікрааўтобусах, можна прайсьці і пешшу празь вёскі.
Кіроўца Škoda з маскоўскімі нумарамі расказаў, што езьдзіць з Масквы на мяжу штодзень, і за ўвесь час ні разу ня бачыў беларускіх памежнікаў, хіба супрацоўнікаў ДАІ. Ён мяркуе, што затрыманьне баевікоў прыдумалі ў сувязі з прэзыдэнцкімі выбарамі, а «пройдуць выбары — бандыты выпарацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На мяжы з Украінай узмацнілі кантроль. А з Расеяй?