Беларускі рэпэр Піліп Беспамылковы апублікаваў кліп на песьню «АМАП», у якім людзі ў масках, падобныя да супрацоўнікаў атраду міліцыі асаблівага прызначэньня, затрымліваюць футбольных фанатаў, дзяўчат на пікніку, мужчыну, які пляскае ў ладкі ў двары, дзяўчыну з сабачкам і графіцістку.
«Дзейнасьць супрацоўнікаў АМАПу даволі спрэчная, асабліва апошнім часам. Слугі народу патрулююць нашыя вуліцы і, здаецца, часам забываюць, што задача АМАПу — служыць народу, — піша сьпявак. — Новы музычны кліп Піліпа Беспамылковага адлюстроўвае сучаснае становішча АМАПу ў Беларусі».
Пад канец кліпу людзі ў форме яднаюцца з затрыманымі. Высьвятляецца, што адзін зь людзей у форме — сам сьпявак, а «АМАП» расшыфроўваецца як «аматары музыкі ад Піліпа». У канцы заўвага, што героі кліпу выдуманыя, а супадзеньні з рэальнасьцю выпадковыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ты кахаеш родны край — ну тады і адграбай». Гурт «Дай дарогу!» апублікаваў жорсткі кліп пра падзеі ў БеларусіПіліп Беспамылковы — псэўданім беларускага асілка, удзельніка спаборніцтваў «Жалезны чалавек» і былога футбаліста Юрыя Юрчанкі.
Ён ня першы раз выдае сатырычныя кліпы «з намёкамі»: ужо сьпяваў пра любоў да бульбы, слова «Белоруссия», «прымусовую беларусізацыю», паглыбленьне інтэграцыі і на іншыя тэмы.