Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы за лета буйны музычны фэст у Менску пройдзе 1–2 жніўня. Будуць Akute і Trubetskoy


Гурт Akute, 2019 год
Гурт Akute, 2019 год

На тэрыторыі каля дому 19 на вуліцы Кастрычніцкай у Менску 1 і 2 жніўня пройдзе фэст «Дай пяць!». Фэстываль называюць «антыкрызісным»: уваход — 5 рублёў, стравы на фуд-корце і вырабы рамесьнікаў — не даражэйшыя за 5 рублёў.

На фэсьце абяцаюць стэндап-пляцоўку зь вядомымі беларускімі коміксамі, зону адпачынку для дзяцей і дарослых, кірмаш, забаўляльную зону з гульнямі і квэстамі, выступы дыджэяў і шэрагу музычных гуртоў.

Дыджэі будуць выступаць ад 12 да 17 гадзіны. 1 жніўня на фэсьце выступяць гурты Akute, Push'nPull, «Блеск Бати» і іншыя, 2 жніўня — Nemiga, «Нестандартный Вариант», Trubetskoy і іншыя. У ноч з 1 на 2 жніўня абяцаюць таксама рэйв на дзьвюх пляцоўках.

Праз пандэмію каранавірусу гэтым летам у Беларусі адмянілі большую частку музычных фэстаў. Хоць быў праведзены «Славянскі базар», скасавалі або перанесьлі «Рок за Баброў», Lidbeer, Vulitsa Ezha, Stereo Weekend, Freaky Summer Party, Viva Braslav Open Air, SPRAVA і іншыя. Арганізатары A-fest анансавалі зьмену фармату фэстывалю, паабяцалі «шэраг актыўнасьцей» у жніўні. Асобныя канцэрты праводзілі з утрыманьнем дыстанцыі між слухачамі і жорсткім абмежаваньнем колькасьці наведнікаў.

«Дай пяць!» стане ці ня першым буйным музычным фэстывалем у Менску гэтым летам. Яго арганізатары ня згадваюць у абвестках пра пандэмію каранавірусу або нейкія захады дыстанцыяваньня наведнікаў.

У Беларусі цягам ліпеня штодзень афіцыйна паведамляюць пра больш як сотню новых выпадкаў COVID-19 на дзень і пра 4–7 памерлых на дзень. Афіцыйныя лічбы ўважаюць заніжанымі валянтэры і некаторыя мэдыкі, лічбы зьдзіўляюць знаёмых з законамі матэматычнай статыстыкі.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG