Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рок-музыка Несьцярэнка прысьвяціў песьню Ціханоўскай і палітвязьням выбарчай кампаніі


Выканаўца, аранжыроўшчык Юры Несьцярэнка
Выканаўца, аранжыроўшчык Юры Несьцярэнка

Вядомы блюз-рок-музыка, аранжыроўшчык, краязнаўца, пісьменьнік Юры Несьцярэнка прысьвяціў песьню «Перамога» камандзе Сьвятланы Ціханоўскай і ўсім вязьням сёлетняй выбарнай кампаніі.

Паводле выканаўцы, нядаўна да свайго 55-годзьдзя ён прэзэнтаваў альбом зь нявыдадзеных раней песень. Называецца складанка «Вясёлка перадусім. Ч1». Там ёсьць і песьня «Спартовая фанацкая», іншая яе назва — «Перамога».

«Цяпер такі момант, што Сьвятлане Ціханоўскай і яе камандзе неабходная наша падтрымка, — кажа Юры Несьцярэнка Свабодзе. — І тым, хто за кратамі, таксама патрэбна падтрымка беларусаў. Няхай гэтая песьня прагучыць для іх як маральная дапамога, прыдасьць веры ў сябе».

Юры Несьцярэнка — «Спартовая фанацкая»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:20 0:00
Наўпроставы лінк


«Перамога!»

Нам перамога як паветра патрэбна!
У гэтым упэўнены мы, адпаведна,
Разам чакаем лепшай сваёй гульні!

Наша каманда гатова да бою,
Мы будзем разам, мы побач з табою!
І пераможам у гэтай гульні толькі мы!

Нашай камандзе пераадолець
Няхай дапаможа моцная воля —
Шанец свой захаваць, быць нумарам першым!

Сэрцам гарачым — ад нас дапамога!
З моцнай падтрымкай нам перамога —
Наша каманда найлепшая зь лепшых!
Наша каманда найлепшая зь лепшых!

Перамога!

Юры Несьцярэнка нарадзіўся 26 чэрвеня 1965 году на Быхаўшчыне. Музычную кар’еру пачаў 17-гадовым юнаком, калі стварыў гурт «Апошні шанец». Пазьней граў у камандах «Рок-транс-аўта», «Тутэйшыя», «Рынка», супрацоўнічаў з гуртом «Крама». Ад пачатку 2000-х выступае з дзьвума складамі — калектывам White Night Blues і Nestarы Band. Пераклаў на беларускую мову песьню «Сьнег» лідэра расейскага гурту «Машина времени» Андрэя Макарэвіча і дапамог яе запісаць.

Таксама Юры Несьцярэнка аўтар шэрагу кніг для дарослых і дзяцей, сябра Беларускага саюзу пісьменьнікаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG