Сілавікі ачапілі дом бацькі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча ў Лагойскім раёне, дзе актывіст знаходзіцца разам з братамі Арцёмам і Максімам, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Сьцьвярджаецца, што Дзяніса Ўрбановіча хочуць апытаць па факце ўчыненьня нейкага крымінальнага злачынства. На просьбы прадставіцца міліцыянты і «людзі ў цывільным» маўчаць. Урбановічы не зьбіраюцца адчыняць ім дзьверы.
Дзяніс Урбановіч паведаміў тэлеканалу «Белсат», што «дом ачапілі, просяць выйсьці на размову», бо крымінальную справу распачалі супраць яго і братоў. У доме не працуе інтэрнэт, ён ня можа запусьціць відэатрансьляцыю.
«Прыехалі з двух бакоў і ўсе натоўпам падбеглі адразу. Пасьпелі толькі дзьверы зачыніць, запытацца, у чым справа», — кажа Ўрбановіч. Ён дадае, што міліцыянты перакрылі машынамі дарогу з двух бакоў, сядзяць у аўто і перамаўляюцца па тэлефонах.
Актывіст Леанід Кулакоў паведаміў, што па зьвестках «Маладога фронту», 4 мікрааўтобусы зь міліцыянтамі ў цывільным прыехалі да дома, у якім знаходзіцца Ўрбановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо 13 чалавек затрымалі ў межах крымінальных справаў за падзеі ў Менску 14 ліпеняПрэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведаміла Радыё Свабода, што братоў Урбановічаў ніхто не затрымліваў.
«Братоў Урбановічаў ніхто не затрымліваў. Міліцыянты прыехалі да іх на той падставе, што мелася паведамленьне аб здарэньні і трэба было іх апытаць. Іх апыталі і міліцыянты зьехалі. Ніякіх іншых працэсуальных дзеяньняў не было», — сказала Вольга Чамаданава.
На думку Дзяніса Ўрбановіча, усіх трох братоў хацелі затрымаць, каб яны нічога не арганізоўвалі ў раёне да прэзыдэнцкіх выбараў.
«Спачатку, відаць, плянавалі нас усіх трох братоў затрымаць. Хацелі сфатаграфаваць абутак, казалі пра нейкую крымінальную справу, потым пра адміністрацыйны пратакол, але дакладна нічога ня выставілі. Мы адмовіліся выходзіць з дому.
Потым прыехалі яшчэ на 2 машынах амапаўцы і начальнік з абласной міліцыі. Напісалі нейкія паперы. Але мне не сказалі, што гэта. Толькі запыталіся, дзе быў учора. Я адказаў, што дома быў. Сказалі, каб сам прыехаў у РАУС, і зьехалі. Мяркую ўсе ж, што насамрэч да 9 жніўня нас хочуць „прыбраць“, пасадзіць, каб нічога не арганізавалі ў раёне. Пакуль нікуды не паеду, буду сядзець дома», — сказаў Дзяніс Урбановіч Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўныя СМІ: У Беларусі затрымалі 33 расейскіх баевікоў, у краіну «прыбылі звыш 200 баевікоў»Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.