У людзей нават не прымалі хадайніцтвы аб паручальніцтве, каб былога прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку адпусьцілі зь СІЗА.
«Гэта добраахвотная чарга ў аўтазак», — кажа адзін з такіх затрыманых Кастусь.
Кастусь і Юлія каля 14.00 аднымі зь першых прыйшлі ў прыёмную Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, каб падаць хадайніцтвы аб зьмене меры стрыманьня з узяцьця пад варту на асабістае паручальніцтва. Раней узяць Бабарыку на парукі пагадзіліся, сярод іншых, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Сьвятлана Алексіевіч і вядомы дызайнэр Уладзімер Цэсьлер.
Юлія засталася чакаць на вуліцы, а Кастуся запрасілі ў будынак КДБ.
«Нас запусьцілі, спыталі навошта і сказалі „Калі хадайніцтва, то ідзіце сюды“. Усіх пасадзілі ў вялікім пакоі за драўляны стол. У пакоі ўжо былі два мажныя праваахоўнікі ў зялёнай форме. Ніхто не прадстаўляўся».
Кастусь кажа, што за сталом сядзелі 8 чалавек. Ні ў кога не правяралі дакумэнты, хадайніцтва ні ў кога ня ўзялі.
«Пасьля празь іншыя дзьверы нас вывелі ва ўнутраны двор КДБ, пасадзілі ў аўтобус, пасьля ў аўтазак. Хадайніцтва ў нас ніхто ня ўзяў. Атрымалася, як добраахвотная чарга ў аўтазак».
Кастусь кажа, што ўсе супрацоўнікі былі «мэгаветлівыя». У аўтазаку мужчын разьмясьцілі ў «клетках». Усяго, па згадках хлопца, было 5 мужчын і 3 жанчыны. Іх адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну.
«Нічога не сказалі, за што затрымалі. Пачалі забіраць рэчы, нават матузкі. Я падпісаў сьпіс забраных рэчаў. Пасьля нас адвезьлі ў нейкі „цэнтар“, там узялі адбіткі пальцаў і сфатаграфавалі», — працягвае хлопец.
Пасьля іх ізноў вярнулі ў Маскоўскае РУУС, дзе затрыманаму проста вярнулі рэчы і сказалі, што ён можа ісьці. Аніякіх тлумачэньняў у міліцыі не рабілі.
«Трох іншых павялі „афармляць“. Там былі два пэнсіянэры — мужчына і жанчына. Хтосьці зь іх акадэмік, і два індывідуальныя прадпрымальнікі», — кажа Кастусь.
Для яго ўсё затрыманьне цягнулася каля 5 гадзін. Амаль увесь гэты час Юлія чакала яго ў раёне вуліцы Камсамольскай каля будынку КДБ. Кажа, што да яе падыходзіў супрацоўнік КДБ праверыць дакумэнты, размаўляў «вельмі ветліва».
«Праз гадзіну падышоў чалавек у цывільным і ня вельмі ветліва, з доляй агрэсіі пачаў размаўляць, тыкаць. Я сказала, што я чакаю блізкага чалавека, які пайшоў у КДБ. Ён мне на гэта сказаў: «З чаго ты ўзяла, што яго выпусьцяць?» У выніку ён папрасіў мяне «лучше проваливать на проспект».
Увесь гэты час Юлія ня ведала, дзе Кастусь, пакуль каля 19.00 ён ёй не пазваніў.
Кастусь кажа, што хадайніцтва аб асабістым паручальніцтве за Віктара Бабарыку падрыхтаваў, бо «трэба падтрымліваць людзей у такой сытуацыі». Тое, што людзей з хадайніцтвам затрымлівалі, тлумачыць жаданьнем «напалохаць».
Што стала зь іншымі затрыманымі, Кастусь ня ведае.
Іншы затрыманы сёньня, Віктар Фянчук, іранічна апісаў сытуацыю на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:
«Пайшоў сёньня падаваць хадайніцтва аб паручальніцтве адносна Бабарыкі ў Сьледчае ўпраўленьне КДБ. Чалавек ён паважаны, я яму давяраю, у ініцыятыўнай групе адпрацаваў. Але адразу скажу — працэдура няпростая. Усё ветліва і тактоўна, але забюракратызавана. Павезьлі на праверку ў Фрунзенскі РУУС, адбіткі пальцаў, месца працы, пасада, фота ў анфас і профіль. Гэта ўсё зразумела. Адказнасьць немаленькая, калі вырашыць Віктар Дзьмітрыевіч уцячы, дык будзь гатовы да 500 базавых выкласьці. Таму, відаць, так сур’ёзна і падыходзяць да справы — каб і поўныя асабістыя дадзеныя да паручальніцтва падшытыя былі і крэдытная гісторыя праверана. Дрэнна толькі, у выніку так усё зацягнулася, што толькі да паловы дзявятай вечара з РУУС выйшаў. А нехта з хадайніцтвам, здаецца, і на ноч застаўся. У выніку таму ў КДБ ужо не пасьпеў, позна. Трэба зноў ісьці. Так што калі пойдзеце паручацца — плянуйце час з запасам)».
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», каля КДБ 28 ліпеня былі затрыманыя 12 журналістаў (амаль усіх адпусьцілі) і 36 грамадзян, якія спрабавалі падаць хадайніцтвы (некаторых зь іх таксама адпусьцілі да 22.30).
Перасьлед Віктара Бабарыкі і яго прыхільнікаў. Што важна ведаць
- Віктара Бабарыку абвінавацілі ў «адмываньні» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (па частцы 2 арт. 235 КК), і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры (па частцы 3 арт. 430 КК).
- У крымінальнай справе «Белгазпрамбанку» 122 тамы. Справу разглядаў Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну.
- 22 сакавіка абарона Бабарыкі заявіла пярэчаньні на прад’яўленыя абвінавачаньні, бо апісаньне, якое ёсьць у іх, не дазваляла ў дастатковай ступені зразумець, у якіх менавіта дзеяньнях абвінавачанага Бабарыкі ўгледзілі злачынства, заявіў адвакат Дзьмітры Лаеўскі. Таксама ён адзначыў, што ў абвінавачаньні няма апісаньня інкрымінаваных дзеяньняў з указаньнем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учыненьня. Адвакат папрасіў далучыць да матэрыялаў справы дакумэнт, у якім выклаў «дэфэкты абвінавачаньня».
- Віктар Бабарыка віны не прызнае.
Хроніка перасьледу
- 10 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка даручыў заняцца праверкамі прыватных кампаніяў, якія нібыта звальняюць тых, хто адмаўляецца ставіць подпісы за вылучэньне альтэрнатыўных кандыдатаў. Ён загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў, каб яны несьлі адказнасьць за людзей».
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній, у знаёмых патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі прайшлі ператрусы. Камітэт дзяржкантролю заявіў аб завядзеньні крымінальных спраў за адмываньне грошай і ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- Віктар Бабарыка назваў гэта атакай на яго асабіста, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра «палітычны характар» дзеяньняў сьледчых, якія ня маюць прамога кампрамату на яго.
- 11 чэрвеня арыштавалі каардынатарку выбарчага штабу Бабарыкі Сьвятлану Купрэеву па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.
- 12 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Бабарыка таксама датычны да справы, маўляў, «гэта адна шайка-лейка». Праз 4 гадзіны Дзяржкантроль заявіў, што мае доказы датычнасьці былога банкіра да злачынстваў.
- Фігурантамі «справы „Белгазпрамбанку“» сталі каля 20 чалавек.
- 15 чэрвеня Нацыянальны банк прызначыў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Расейскія акцыянэры банку («Газпромбанк» і «Газпром») назвалі гэтае рашэньне незаконным.
- 17 чэрвеня ўлады арыштавалі без тлумачэньняў выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
- 18 чэрвеня затрымалі Віктара Бабарыку і яго сына Эдуарда Бабарыку — кіраўніка ініцыятыўнай групы. У дамах сям’і Бабарыкаў прайшлі ператрусы.
- Кіраўнік КДК Іван Тэртэль назваў Бабарыку «непасрэдным арганізатарам» «махлярскай схемы з адмываньнем грошай» з удзелам былых і дзейных топ-мэнэджараў «Белгазпрамбанку».
- 19 чэрвеня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі Віктара, Эдуарда Бабарыкаў і затрыманых сябраў ініцыятыўнай групы.
- Штаб Бабарыкі падрыхтаваў да здачы 435 тысяч подпісаў.
- 20 чэрвеня адвакаты падалі пакет дакумэнтаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзыдэнты.
- 2 ліпеня стала вядома, што Бабарыку вінавацяць па трох фінансавых артыкулах Крымінальнага кодэксу.
- 14 ліпеня ЦВК адмовіў Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі празь неадпаведнасьць прадстаўленай дэклярацыі аб даходах і маёмасьці.
- 10 кастрычніка Лукашэнка сустрэўся зь Віктарам Бабарыкам і іншымі палітвязьнямі ў СІЗА КДБ.
- 17 лютага 2021 году пачаўся суд над Віктарам Бабарыкам і былымі супрацоўнікамі «Белгазпрамбанку». На працэс не пусьцілі нікога зь незалежных журналістаў.
- 6 ліпеня Бабарыку асудзілі на 14 гадоў пазбаўленьня волі. Вырак вынес судзьдзя Ігар Любавіцкі. Бабарыка не прызнаў віны, ягоныя абаронцы яшчэ раз заявілі аб палітычных матывах справы.
- 12 ліпеня стала вядома, што Бабарыку этапавалі ў ПК №1 у г. Наваполацак.
- 12 кастрычніка з ізалятараў выйшлі некалькі чалавек, затрыманых у справе «Белгазпрамбанку». Ім зьмянілі меру стрыманьня, але іншыя падрабязнасьці справы невядомыя.
- У кастрычніку 2023 году арганізацыя былых сілавікоў BelPol паведамляла, што Віктар Бабарыка ў калёніі мае праблемы з сэрцам. Паводле інфармацыі арганізацыі, Бабарыку нанесьлі «сур’ёзныя цялесныя пашкоджаньні», прычым зрабілі гэта людзі, якія не адносяцца да пэрсаналу наваполацкай калёніі, дзе той сядзіць.