Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей 24 ліпеня наведае з працоўным візытам Латвію. Як паведамляе МЗС, заплянаваныя перамовы з латвійскім калегам — Эдгарсам Рынкевічсам.
Гэта стане першым замежным візытам Макея з 5 лютага — тады ён наведваў Баўгарыю. Пасьля міністар толькі прымаў замежных гасьцей у Беларусі і ўдзельнічаў у дыстанцыйных канфэрэнцыях.
Паводле МЗС Латвіі, сустрэча адбудзецца ў мястэчку Сіленэ на самай мяжы, на паўдарогі ад Браслава да Даўгаўпілса. Міністры абмяркуюць двухбаковыя адносіны і стасункі Беларусі з Эўразьвязам, «асабліва прымаючы да ўвагі разьвіцьцё палітычнай сытуацыі ў Беларусі».
Раней плянавалася, што першым за доўгі час візытам Аляксандра Лукашэнкі ў краіну Эўразьвязу стане паездка ў Латвію — яго запрашалі туды ў 2018 і 2019 гадах, сёлета візыт Лукашэнкі ў Рыгу быў заплянаваны на 3 красавіка, але скасаваны ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. У канцы чэрвеня Лукашэнка казаў, што спадзяецца прыехаць у Рыгу зь візытам, нягледзячы на каранавірус і выбарчую кампанію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заклікаў «выдвараць з краіны» журналістаў, якія «заклікаюць да масавых беспарадкаў». ВІДЭАЗа дзень да візыту Макея ў Латвію Аляксандар Лукашэнка абурыўся тым, што Міністэрстве замежных справаў «усе сядзяць і чакаюць каманды прэзыдэнта» адносна замежных СМІ.
«BBC, Свабода, Свабодная Эўропа і гэтак далей, стрымы гэтыя. Я не кажу пра тэндэнцыйнасьць — яны ж заклікаюць да масавых беспарадкаў! — сказаў Лукашэнка Макею. — Чаму вы гэта трываеце? Вы ж іх акрэдытавалі тут! Ня трэба чакаць ніякага канца электаральнай кампаніі, выдварайце адсюль, калі яны не выконваюць нашых законаў і клічуць людзей на Майдан».
Лукашэнка заявіў, што ідзе «абраза за абразай». Паводле Лукашэнкі, яго «выпэцкалі ўздоўж і ўпоперак», «ужо накінуліся на ні ў чым не вінаватых старшыняў участковых камісіяў, а ў іх жа сем’і, дзеці...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Латвія ня сябар лукашэнкаўскага рэжыму», — экс-прэзыдэнтка Вайра Віке-Фрэйбэрга