Аляксандар Лукашэнка 11 ліпеня павіншаваў прэзыдэнта Манголіі Халтмаагійна Батулга з нацыянальным сьвятам сярэдзіны лета Надом. У віншаваньні ён таксама пацьвердзіў запрашэньне кіраўніка Манголіі ў Беларусь.
Лукашэнка адзначыў у віншаваньні, што супраца Беларусі і Манголіі «дынамічна разьвіваецца» ў розных сфэрах, як то машынабудаўніцтве, фінансах і сельскай гаспадарцы, выказаў спадзеў на разьвіцьцё патэнцыялу.
Прэзыдэнта Манголіі ён запрасіў у Беларусь «у любы зручны час».
Цяпер Манголія ўваходзіць у беларускі сьпіс краінаў, у якіх рэгіструюцца выпадкі COVID-19». Гасьцям з гэтых краінаў абавязкова адбыць 14-дзённую самаізаляцыю.
За мінулы дзень у Манголіі не фіксавалі новых выпадкаў COVID-19 — апошні раз пра новыя выпадкі паведамлялі 8 ліпеня. Агулам у краіне зафіксавалі 227 выпадкаў COVID-19 (69 выпадкаў на мільён чалавек супраць звыш 6800 на мільён у Беларусі), «актыўнымі» застаюцца 30 выпадкаў. У Манголіі не прызналі ніводнай сьмерці інфікаваных.
Таваразварот Беларусі і Манголіі за студзень-красавік склаў 9,66 млн даляраў — палову ад таго, што было за аналягічны пэрыяд летась. Прыблізна такі ж таваразварот Беларусь мае са Шры-Лянкай ці Аўстраліяй. За той жа час з Латвіяй нагандлявалі на 111,6 млн, зь Літвой — на 373,3 млн.