Міжнародная кааліцыя за дэмакратычныя абнаўленьні — супольнасьць інтэлектуалаў, актывістаў і палітыкаў супраць аўтарытарызму — апублікавала ліст «Свабоду Беларусі!», які падпісалі 124 выбітныя асобы.
Ліст апублікаваны на ангельскай, беларускай і расейскай мовах. У тэксьце заяўляюць: рэжым у Беларусі зноў разьвязаў рэпрэсіі супраць народу, пад ударам апынуліся кандыдаты ў прэзыдэнты, іхныя каманды, лідэры апазыцыі, грамадзянская супольнасьць, журналісты і ні ў чым не вінаватыя грамадзяне.
Ліст сярод іншых падпісалі прэзыдэнт Freedom House Майкл Абрамовіч, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Марыё Варгас Льлёса, амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма, брытанскі пісьменьнік Том Стопард, расейскі палітык Міхаіл Касьянаў, польская рэжысэрка Агнешка Голянд і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрарызм і разбой». Былыя дэпутаты заклікалі да новых выбараўУ лісьце згадваюцца імёны палітвязьняў Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Міколы Статкевіча, Паўла Севярынца, прыводзіцца заява пра жудасныя ўмовы іх утрыманьня, а таксама пра штодзённыя «незаконныя і несправакаваныя затрыманьні мірных грамадзянаў».
Падпісанты выказалі падтрымку народу Беларусі, «які патрабуе паважаць свае правы і свабоды, выступае за свабодныя і справядлівыя выбары», запатрабавалі неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх затрыманых з палітычных матываў, запатрабавалі вярнуць беларусам свабодныя і справядлівыя выбары.
Таксама падпісанты заклікалі беларускія ўдалы выконваць свае міжнародныя абавязаньні забесьпячваць свабоду сходаў, свабоду выказваньня і свабоду слова; спыніць блякаваньне незалежных мэдыя, захопліваньне і палітычна матываваны перасьлед журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каталікі заклікалі сьвятароў Беларусі спрыяць сумленным выбарам«Мы асуджаем эскаляцыю паліцэйскага гвалту супраць мірных сходаў, у дачыненьні да журналістаў і звычайных грамадзянаў, і папярэджваем улады Беларусі пра недапушчальнасьць ужываньня гвалту і сілы падчас цяперашняй палітычнай кампаніі», — гаворыцца ў лісьце.
Падпісанты зьвяртаюцца да міжнародных праваабарончых арганізацыяў, Эўразьвязу і дэмакратычных краінаў «катэгарычна рэагаваць і ўжываць эфэктыўныя захады для прадухіленьня небясьпечных дзеяньняў уладаў Беларусі, а таксама заклікаюць міжнародную супольнасьць «падтрымаць народ Беларусі ў ягонай барацьбе за свабоду».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.