«Працаваць у школе і не фальсыфікаваць немагчыма», — Ганна Севярынец зьвярнулася да калег

Ганна Севярыныц

Маючы на ўвазе той рамантычны, але прывабны тэзіс, што грамадзтва можа прымусіць дзяржаўны апарат да сумленных выбараў, трэба разумець псыхалёгію фальсыфікацый.

Так, дзяржава — машына, але шрубкамі гэтай машыны ёсьць жывыя людзі. Яны таксама маюць пэўныя перакананьні, для іх не чужыя думкі пра дабро ці зло, яны маюць сем’і і ведаюць, што такое каханьне, радасьць альбо трывога за блізкіх, яны такія ж самыя людзі, як і мы, а значыць, зь імі можна размаўляць, да іх можна дагрукацца, на зьмены ў іхных паводзінах можна спадзявацца (ну добра, не спадзявацца, а безадказна летуцець, але тым ня менш).

Што я магу сказаць як настаўніца.

Першае. Фальсыфікацыі ўбудаваныя ў сыстэму дзяржаўнай адукацыі намертва. Працаваць у школе і не фальсыфікаваць хаця б што-небудзь немагчыма.

Справа ня ў тым, што ў школах працуюць спрэс злачынцы і аматары хлусьні, справа ў тым, што мы на сваёй працы кожны дзень маем жывое жыцьцё — і бюракратычную машыну, якая патрабуе ўкласьці гэтае жывое жыцьцё ў пэўныя паказчыкі, якія не ўлічваюць жывасьці. Пры гэтым ніводная праверка ня будзе правяраць, як там у вас жывецца — яна будзе правяраць, ці адпавядаюць паказчыкі бюракратычным нормам. У галаве любога настаўніка асноўным чыньнікам прафэсійнай дэфармацыі будзе гатовасьць да фальсыфікацый і разуменьне, што бязь іх немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Севярынец: Галоўнае, што яны адабралі ў нас — і што мы вернем

Болей за тое. У школьным паўсядзённым жыцьці настаўнік шмат фальсыфікуе на карысьць вучня. Адбываецца перакос маральных каштоўнасьцяў: ты нібыта робіш дрэннае, але дзеля дабра. Я вас запэўніваю: тысячы і тысячы дзяцей выходзілі б са школы зь пераламанымі лёсамі, калі б настаўнікі не фальсыфікавалі адзнакі і вынікі школьных экзамэнаў.

Нормы ацэнак, зьніжэньне балаў за памылкі, якія вучань сам знайшоў і сам выправіў, неадэкватныя тэксты дыктовак і зьместы кантрольных, нормы санпіну, якія не дазваляюць таленавітым дзецям набіраць дадатковых заняткаў вышэй за норму, каляндарныя пляны, якія немагчыма выканаць — усё гэта мы нівэлюем у тым ліку і фальсыфікацыяй адзнак, неадпаведнасьцю запісаў у журналах, несапраўднымі заявамі бацькоў. У галаве любога настаўніка стаўленьне да фальсыфікацый значна больш пярэстае, чым простае ўсьведамленьне «фальсыфікацыя ёсьць злачынствам».

Трэцяе. Нават пры гэтым большасьць настаўнікаў не гатовая фальсыфікаваць сур’ёзныя рэчы. Пэўная мяжа унутранага дазволу на фальсыфікацыі заўсёды стаіць у кожным з нас. Так, школьная «васьмёрка» пераўтвараецца ў «дзявятку» лёгкім рухам спрактыкаванай рукі. Але ніколі я ня бачыла, каб якая «чацьвёрка» стала «васьмёркай».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганна Севярынец: Можа, мой верш адкладзе на 15 хвілін рашэньне страляць

Тым больш — выбары. Апошнім часам вельмі няпроста набраць чальцоў выбарчых камісій. Прыстойныя людзі — а іх у школах усё яшчэ большасьць — ніколі ня ўдзельнічалі ў працы камісій, а калі і былі, цяпер імкнуцца выйсьці і замяніцца.

Сацыяльныя пэдагогі, псыхолягі, бібліятэкары, вядома, школьная адміністрацыя, якія цяпер складаюць аснову выбарчых камісій — гэта не настаўнікі. Яны ня ходзяць да дзяцей, затое на сваёй пасадзе яны найбольш занятыя ў паўсядзённых школьных фальсыфікацыях. Бяз гэтага проста нельга на іх пасадах рабіць ня толькі дрэннае, але і добрае. Менавіта фальсыфікуючы, кіраўнікі школаў утрымліваюць моцныя калектывы, забясьпечваюць добрым настаўнікам высокі заробак, дапамагаюць актыўным дзецям займацца любімым прадметам і не марнаваць час на нелюбімыя.

Чацьвёртае. Амаль усе гэтыя людзі па прыродзе сваёй вельмі баязьлівыя. І баяцца яны не кагосьці альбо чагосьці канкрэтнага — яны баяцца моцы, улады і агалоскі. На чыім баку моц, улада і агалоска — таго яны і будуць баяцца. Менавіта таму кожны дырэктар баіцца школьнай бацькоўскай супольнасьці. Менавіта таму настаўнікам забараняюць пісаць аб школьных праблемах у сацсетках. У асноўным з гэтай прычыны, а не таму, што турбуюцца за школьны працэс, забараняюць школьнікам насіць тэлефоны — каб не зьнялі чаго і ня выклалі ў сеціва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць з фальсыфікатарамі выбараў. Парады настаўніцы

Трэба сказаць, што знутры школьнай сыстэмы распрацаваныя мэханізмы супраціву фальсыфікацыям. Ёсць камісіі, якія пераправяраюць работы мэдалістаў, ёсьць групы, якія правяраюць школьную дакумэнтацыю, ёсьць незалежныя праверкі школаў школамі. Паколькі я брала ўдзел у працы такіх груп, я ведаю, што дае найбольшы плён.

Па-першае, хаця б намёк на абнародаваньне. Ніхто ня хоча быць прылюдна заўважаны за фальсыфікацыяй. Іншы раз дастаткова адной толькі наяўнасьці незалежнага назіральніка — і фальсыфікацыя становіцца немагчымай.

Па-другое, наяўнасьць чалавека, які адмаўляецца фальсыфікаваць. Калі ў групе фальсыфікатараў зьяўляецца хаця б адзін чалавек, які голасна заяўляе пра сваю нязгоду з прыпіскамі альбо ўкідамі, на яго бок можа перайсьці большасьць, бо такая пазыцыя — пазыцыя моцы, а гэтыя людзі фізычна — ня розумам, а арганізмам — баяцца моцных.

Па-трэцяе, чыста тэхнічна. Прасьцей за ўсё сфальсыфікаваць лічбы яўкі — бо яны не ўспрымаюцца лічбамі выбару. Калі чалавек проста не прыйшоў туды, куды павінен быў прыйсьці — значыць, ён адмовіўся ад удзелу, а значыць, яму гэта ня важна. Тады ягоны голас забірае той, каму важна, хто не адмаўляецца ўдзельнічаць, няхай сабе і ў фальсыфікацыі. Крыху складаней псыхалягічна, але таксама дапушчальна — падцягваць вынік «з васьмёрачкі на дзявятачку». Самае складанае — фальсыфікаваць відавочнае і масавае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка заступіўся за «настаўніцу з партай»? Бо дзеці не галасуюць і не падлічваюць галасоў

Цяжка сабе ўявіць нават, перад якім складаным маральным выбарам стаяць сёньня шараговыя чальцы выбарчых камісій. Я ведаю, што яны баяцца, я ведаю, што яны шмат аддалі б, каб ня быць сёньня там, куды іх зацягнула дзяржаўная машына. Таксама я ведаю, што па сваім характары яны проста ня могуць прымаць самастойных рашэньняў і будуць хіліцца да моцнага.

Чаму старшынямі камісій сядзяць суворыя і хамаватыя жанчыны альбо ня надта выхаваныя мужчыны? Яны ўвасабляюць тую самую моц, якая заклікана прымусіць да згоды слабых шарагоўцаў. Больш за тое: хамства гэтых старшынь мае грунтам пад сабой самы звычайны і вельмі моцны страх: за пасаду, за будучыню, за дзяцей.

Я доўга думала, зь якімі словамі зьвярнуцца да сваіх калег, якія цяпер рыхтуюцца да самых ганебных у сваім жыцьці фальсыфікацый. Я б хацела сказаць ім: «Ня бойцеся», але я ведаю, што яны баяцца і будуць баяцца. Я б хацела сказаць ім: «Бойцеся будучыні», але яны баяцца і безь мяне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фальсыфікуюць усе. Чаму вінаватыя толькі настаўнікі?» Ганна Севярынец спрачаецца з Аляксандрам Фядутам

Таму я, напэўна, скажу толькі адно: я вельмі спачуваю вам, калегі. Шчыра, ад сэрца. Я ведаю, што вы па прыродзе сваёй добрыя, мяккія, падатлівыя людзі, якіх выкарыстоўваюць за капейкі. Я ведаю, колькі прыніжэньня і ганьбы даводзіцца вам трываць і ў вашым паўсядзённым жыцьці, бо сыстэма такіх перажоўвае і выплёўвае; ведаю, як надзейна псуецца вашая будучыня. Я ведаю, як вам сёньня цяжка. Я б не хацела быць на вашым месцы цяпер. Я абдымаю вас моцна-моцна, са шкадаваньнем і разуменьнем.

Але паспрабуйце не рабіць зла. Гэта страшна толькі ў першую хвіліну. Ад гэтага раптоўна зашчыпле ў носе і пахаладзее пад каленкамі. На адну толькі хвіліну. А далей будзе свабода.

Самая прыгожая ў чалавечым жыцьці свабода — свабода ад навязанага вам зла, якое вы не выбіралі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.