Курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала 20 ліпеня заяву «ў сувязі з гарачым абмеркаваньнем прававой сытуацыі і запазычанасьці парафіі Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены» — Менгарвыканкам сьцьвярджае, што парафія Чырвонага касьцёла вінаватая 166 тысяч рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вернікі просяць Лукашэнку аддаць ім Чырвоны касьцёл. Пад пэтыцыяй падпісаліся ўжо больш за 1700 чалавекКасьцёл Сьвятых Сымона і Алены ў Менску, вядомы як «Чырвоны касьцёл», быў пабудаваны ў 1910 годзе. У 1932-м касьцёл закрылі, зьмясьцілі там спачатку Дзяржаўны польскі тэатар БССР, потым — Дом кіно. У 1990 годзе будынак перадалі каталікам у бязвыплатнае карыстаньне, але безь перадачы яго ва ўласнасьць парафіі, што каталікі лічаць несправядлівым, бо касьцёл быў пабудаваны каталікамі і «павінен ім па праве належаць».
У заяве адзначаюць, што хоць касьцёл перадалі ў камунальную ўласнасьць Менску і ў гаспадарчае кіраваньне КУП «Менская спадчына», яго далі ў бязвыплатнае карыстаньне рэлігійнай супольнасьці. За час гэтага карыстаньня супольнасьць ня мела запазычанасьцяў за камунальныя паслугі і бягучы рамонт, а ў 2018–2019 гадах правяла рэканструкцыю комплексу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па іншых касьцёлах такіх пытаньняў не было». Падрабязнасьці гісторыі канфлікту з падаткамі вакол Чырвонага касьцёла«Менская спадчына» ў першым квартале 2020 году выставіла парафіі рахунак на кампэнсацыю зямельнага падатку, амартызацыі і падатку на нерухомасьць.
«Такім чынам атрымліваецца, што рэлігійная супольнасьць страціла права на атрыманьне падатковых ільготаў у выплаце зямельнага падатку і падатку на нерухомасьць, гарантаваных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, у сувязі з тым, што будынкі комплексу Чырвонага касьцёла належаць камунальнаму будаўніча-эксплюатацыйнаму прадпрыемству „Менская спадчына“ на праве гаспадарчага кіраваньня», — пішуць у заяве са спасылкай на артыкулы 228 і 239 Падатковага кодэксу і пастанову Савету Міністраў №1194 ад 22 сьнежня 2012 году аб сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
У заяве зазначаецца: «Атрымліваецца так, што дзяржава, не пытаючыся ў парафіі, як быццам пазычыла ёй і цяпер патрабуе вяртаньня, але пра гэта не было гаворкі перад пачаткам рэстаўрацыі».