Тут пабывалі самыя вядомыя людзі свайго часу. А сёньня дзяржава ня можа абараніць магілы гаспадароў ад бяспамяцтва і вандалаў.
Лёс закінутага касьцёла ў вёсцы Беніца Маладэчанскага раёну, які мае статус помніка архітэктуры XVIII стагодзьдзя, нікога не турбуе. Была спроба выратаваць храм у канцы 1980-х, але скончылася яна безвынікова.
Пра гэта Свабодзе расказаў яе ініцыятар, былы старшыня калгасу «Сьветлы шлях» Уладзімер Калачык.
З гісторыі закінутага храма
- Першыя згадкі пра Беніцу як паселішча Віленскага ваяводзтва датаваныя XV стагодзьдзем. Тут гаспадарылі вядомыя дынастыі Вастравухаў, Валовічаў, Коцелаў, Швыкоўскіх, якія займалі важныя пасады ў ВКЛ.
- У 1701-м уладальнік мястэчка Міхал Казімір Коцел, маршалак трыбуналу ВКЛ, збудаваў і перадаў бэрнардынцам касьцёл Сьвятой Тройцы ў барочным стылі. Побач манахі заклалі кляштар са школкай і бібліятэкай.
- У сярэдзіне XVIII стагодзьдзя недалёка ад храму ўзводзіцца фамільны палац паводле праекту італьянскага архітэктара Карла Спампані. Вакол яго — гаспадарчыя пабудовы, пэйзажны парк, сады, сажалкі і каналы.
- У 1812 годзе падчас паходу на Расею ў Беніцы спыняўся Напалеон Банапарт. Гасьцявалі тут Міхал Клеафас Агінскі, Тамаш Зан, Станіслаў Манюшка, Вікенці Дмахоўскі, Уладзімер Сыракомля, Францішак Багушэвіч, Напалеон Орда, іншыя вядомыя асобы.
- Пры расейскай акупацыі Беларусі кляштар быў закрыты, а пасьля задушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага 1863 году касьцёл перарабілі пад царкву. Праўда, ненадоўга: побач узьвялі праваслаўны храм тыпавога праекту для «Северо-западного края», касьцёл стаяў закінуты.
Склад угнаеньняў у касьцёле
Пасьля Першай сусьветнай вайны пад польскай уладай занядбаны касьцёл вярнулі каталікам, але праз два дзясяткі гадоў вёска стала часткай БССР, рэлігія апынулася па-за законам. Пасьля Другой сусьветнай вайны касьцёл канчаткова закрылі і ператварылі ў склад мінэральных угнаеньняў, таксама тут ставілі сельгастэхніку. Палац наогул быў разбураны.
Да нашых дзён дайшлі ўласна касьцёл ды фрагмэнты брамы зь фігурным франтонам і мураванай агароджай, за якой хаваліся і храм, і кляштар. Унутры сьвятыні — сьляды алтара, хораў, калёнаў, надмагільляў ды росьпісу. Увесь гэты час пад скляпеньнямі заставаліся сямейныя пахаваньні Швыкоўскіх і Коцелаў, уключна з фундатарам касьцёла Міхалам Казімірам. Мяркуючы па парэштках, сярод памерлых былі ня толькі дарослыя, а і дзеці.
Разбураныя магілы гаспадароў
Цягам паваеннай гісторыі сутарэньні ў пошуках скарбаў неаднаразова рабаваліся, былі панішчаныя труны і надмагільныя пліты. Фрагмэнты былых гаспадароў ды манахаў па сёньня абы-як зваленыя ў драўляных скрынях уперамешку з друзам.
Калі некалькі гадоў таму марадэры зноў заглыбіліся ў сутарэньні, мясцовыя ўлады паставілі краты і заварылі ўваходы ў безгаспадарны будынак. Выглядае, гэта ўся ахова, на якую сёньня здольная дзяжурная шыльдачка з папярэджаньнем пра наступствы ад учыненьня шкоды аб’екту.
Спроба ўратаваньня храма
У сярэдзіне 1980-х у працэсе ўзбуйненьня гаспадарак Беніца і ваколіцы ўвайшлі ў склад калгасу «Сьветлы шлях», на чале якога стаяў Уладзімер Калачык, Герой Сацыялістычнай Працы, уладальнік усіх магчымых на той час найвышэйшых узнагарод.
Сын шчырых вернікаў з суседніх Маросек і раней быў шакаваны лёсам касьцёла, памятаючы яго зь дзяцінства як бездакорнае тварэньне эўрапейскіх дойлідаў. Атрымаўшы кантроль над землямі далучанага калгасу «Чырвоны прамень», пачаў дзейнічаць. Спачатку ачысьціў пабудову ад угнаеньняў і тэхнікі і задумаў абсталяваць там музэй мястэчка — да перадачы сьвятыняў парафіянам камуністы яшчэ не сасьпелі.
«Маміна сястра жыла ў Маркаве, гэта па суседзтве, — успамінае 89-гадовы Ўладзімер Калачык. — Неяк сабраліся туды на фэст, дык мяне і меншага брата бацькі знарок павезьлі ў Беніцу. Ну што сказаць? Польскія мястэчкі былі лепшыя, чым цяперашнія аграгарадкі. Да сёньня памятаю: прыгожы касьцёл, побач царква, панская сядзіба ў кветках, шматлюдны базар... Калі праз 50 гадоў зноў стаяў на тым жа месцы, думаў пра адно: як паднялася рука давесьці сьвятыні да такога стану? Ссыпалі ўгнаеньні, стаяла тэхніка, растрыбушылі труны ў сутарэньнях. Жах...»
Уладзімер Міхайлавіч прызнае, што не пасаромеўся скарыстацца статусам, які адчыняў многія дзьверы як у Менску, так і ў Маскве. Ён ужо быў дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР, членам прэзыдыюму Ўсесаюзнага зьезду калгасьнікаў.
«Пасьля прыходу Міхаіла Гарбачова пачало адчувацца: нехта зьверху штурхае да „амністыі“ рэлігіі, — працягвае суразмоўца. — І вырашыў я „пад шумок“ сумясьціць працоўнае з карысным. Прачуў, што ў Падольску арганізавалі першы агракамбінат, а ў адноўленай царкве абсталявалі культурны цэнтар. Паглядзеў, сустрэўся з дырэктарам. Ну і прыдумаў па першым часе зрабіць касьцёл як музэй (ніхто ж не дазволіць адразу перадаць вернікам), а царкву аддаць пад бібліятэку. Калгас моцны, маглі пацягнуць. Нельга, каб такія сьвятыні стаялі закінутыя».
Ідэя абсталяваць музэй
Хоць праваслаўная царква пацярпела ня меней (там захоўвалася збожжа), аднаўленьне ўсё ж вырашыў пачаць з больш старажытнага касьцёла. Першай справай дамовіўся з будаўнічым студэнцкім атрадам зь Менску, які ўжо меў досьвед узьвядзеньня калгасных аб’ектаў. Заключылі дамову, тыя ўзяліся за вонкавы антураж — аднаўленьне даху і купалаў.
«Вырашыў так: храмы мусяць захаваць першапачатковае аблічча — хай сабе нават стануць музэем ці бібліятэкай, — даводзіць ён. — Таму наступным крокам замовіў на заводзе мэталяканструкцый у Маладэчне крыжы зь нержавейнай сталі для касьцёла. Тады нават не задумваўся, ці шмат засталося каталікоў, бо ўвесь час успрымаў Беніцу месцам адукаваных, шляхетных людзей, якія жылі тут яшчэ ад часоў ВКЛ, Рэчы Паспалітай. З прыходам савецкай улады шмат каго вывезьлі ў Сыбір, нехта пасьпеў уцячы. Але мая задача была — давесьці храм да ладу».
Незадавальненьне пракурора
Няпрофільныя высілкі кіраўніка калгаса-мільянэра не засталіся незаўважанымі. Цэнтральную сядзібу ў Заскавічах наведала карэспандэнтка радыё і тэлебачаньня Элеанора Язерская. Проста ў доме Калачыкаў зрабіла перадачу пра незвычайны досьвед: старшыня-энтузіяст перарабляе занядбаныя культавыя пабудовы ў сацыяльныя аб’екты. Пасьля таго, як сюжэт выйшаў на Беларускай тэлевізіі, пазваніў пракурор.
«Не пасьпела выйсьці перадача, тэлефануе пракурор: „Што за самадзейнасьць, хто дазволіў?“ Я добра яго ведаў, бо калі працаваў сакратаром райкаму камсамолу ў Маладэчне, ён быў на той жа пасадзе ў Глыбокім. А прэса ад мяне літаральна не вылазіла. У канторы ўжо іншы журналіст — Яўген Будзінас. І я пры ім у слухаўку выдаю: „Ды пайшоў ты на хрэн, Адам! Хочаш камандаваць калгасам? Ня будзе такога! Праўленьне вырашыла выдзеліць грошы, значыць, так і будзе“. Будзінас ледзь з крэсла не зваліўся», — сьмяецца Ўладзімер Міхайлавіч.
Тым ня менш сыгнал пайшоў наверх, з партыйнай інспэкцыяй у «Сьветлы шлях» прыехаў сакратар ЦК КПБ Мікалай Дземянцей. Але як чалавек неканфліктны, да ініцыятывы паставіўся з разуменьнем — фактычна спусьціў на тармазах.
Вяртаньне да вернікаў
А неўзабаве зьявіўся ўказ генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова пра вяртаньне сьвятыняў тым, у каго камуністы іх некалі экспрапрыявалі. У 1991 годзе беніцкі храм вярнулі каталікам — здавалася, аднаўляецца гістарычная справядлівасьць. Але менавіта лібэралізацыя паставіла крыж на праектах Калачыка.
«Дамовіўся з арганізацыяй, якая займалася аднаўленьнем сьвятыняў, перад тым зь Пінску прыехаў архібіскуп Казімір Сьвёнтэк. Я загрузіў у аўтобус каталікоў зь Лебедзева: меў у плянах перадаць храм, бо ў Беніцы засталіся адны праваслаўныя. Накрылі стол і гадзіны паўтары размаўлялі. Я да таго разоў пяць сустракаўся зь праваслаўным мітрапалітам Філарэтам, атрымаў дзьве граматы за аднаўленьне цэркваў, а з каталіцкімі герархамі не даводзілася. Сьвёнтэк мне вельмі спадабаўся. Гаварылі пра ўсё, у тым ліку пра ягоную 10-гадовую высылку», — успамінае Уладзімер Калачык.
Будучы кардынал ухваліў імпэт кіраўніка калгасу, а неўзабаве ў касьцёле зьявіўся і ксёндз. Але вернікаў амаль не засталося. Аказалася, што пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да савецкай часткі каталікі зь мястэчка зьніклі: кагосьці выслалі ў Сыбір, нехта зьехаў у Польшчу. На пачатку 1990-х у Беніцы засталіся тры сям’і прыхаджанаў-каталікоў.
«У Лебедзеве вырашылі аднаўляць свой касьцёл, які згарэў у 1938 годзе, — гаворыць Уладзімер Калачык. — Казалі, што камсамольцы спалілі, але хутчэй праваслаўныя адпомсьцілі, бо за палякамі не давалі хадзіць у царкву... На тым Беніца і скончылася. На службу зьбіраліся 3-5 чалавек, хто дзеля такой колькасьці будзе ўтрымліваць цэлы сабор? Я пасьля выхаду на пэнсію два гады ўзначальваў агракамбінат у Маладэчне: каб былі людзі, мог дапамагчы з тым жа ўнутраным адстройваньнем. Але не знайшлося нават, каб нехта ўзяўся стаць старастам пры касьцёле».
Польскі апякун
Пра музэй размова ўжо не вялася — падобны фармат ня ўпісваўся ў зададзены партыйны трэнд: або вернікам, або нікому. Не зьмяніўся падыход і сёньня: Беніца збочаная ад турыстычных маршрутаў, адпаведна, рэстаўраваць рэліквію нібыта няма для каго. Велічны храм, які, здавалася, атрымаў шанец на ўратаваньне, пачаў новы адлік уласнага заняпаду.
Нягледзячы на тое, што будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, рэліквія каго і цікавіць, дык збольшага заежджых дасьледчыкаў, уражаных безгаспадарчасьцю помніка.
Адзін зь іх — польскі краязнаўца Пётра Карвэцкі. Ягонымі намаганьнямі пазалетась былі выкапаныя зь зямлі помнікі і вычышчаныя магілы Коцелаў і Швыкоўскіх — колішніх уладальнікаў Беніцы. Ён жа знайшоў адрас ацалелага нашчадка Швыкоўскіх у Варшаве, ад якога атрымаў здымкі даваенных гаспадароў маёнтка і знакамітай наведніцы гэтых мясьцінаў — паэткі Габрыелі Пузыны з роду графаў Гюнтараў.
Сёньняшні статус колішняй сьвятыні няпэўны. Як тлумачыць краязнаўца Тацяна Кляшчонак, за ўсе работы пры храме адказвае Лебедзеўскі сельсавет. Аднак рэальных рычагоў уплыву, каб зьмяніць сытуацыю, вясковая адміністрацыя ня мае. Беніцкая парафія пасьля страты аўтаномнага статусу таксама адносіцца да Лебедзеўскага касьцёла.
«Пётра Карвэцкі год таму зьвяртаўся ў Лебедзеўскі сельсавет з просьбай дазволіць падрамантаваць адкапаныя помнікі Швыкоўскіх — пачысьціць і пасклейваць верхнія часткі стэлы з фундамэнтамі, — кажа Кляшчонак. — Як на маю думку, проста ўпарадкаваць тэрыторыю вакол касьцёла і на могілках недастаткова. Трэба ствараць на базе храма культурна-асьветніцкую пляцоўку, разьмясьціць даходлівыя банэры з ілюстрацыямі гісторыі мястэчка, візытаў выдатных дзеячаў, гісторыяй жыцьця нашчадкаў уладальнікаў маёнтка».
Як паведаміла Тацяна Кляшчонак, польскія нашчадкі Швыкоўскіх, апошніх уладальнікаў маёнтку, выказвалі жаданьне архіўнымі матэрыяламі і нават уласнымі сродкамі ўкласьціся ў аднаўленьне святыні, хоць савецкая ўлада і глыбока пакрыўдзіла іх. Аднак іх прапанова пакуль застаецца непачутай.