Рада правоў чалавека (РПЧ) ААН падоўжыла яшчэ на год мандат спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі. Рэзалюцыя пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі прынятая 17 ліпеня, паведамляе сайт кіраўніцтва вярхоўнага камісара ААН.
Дакумэнт заклікае беларускія ўлады гарантаваць правядзеньне свабодных, сумленных і празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама прыняць меры для садзейнічаньня мірнаму працэсу ў адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі дзяржавы.
РПЧ ААН заклікала ўлады Беларусі да супрацоўніцтва з спэцыяльнай дакладчыцай Анаіс Марэн, у прыватнасьці дазволіць ёй наведаць краіну і свабодна сустракацца з прадстаўнікамі зацікаўленых бакоў, у тым ліку грамадзянскай супольнасьці.
Беларусь таксама павінна выканаць рэкамэндацыі спэцдакладчыка і пашырыць усебаковае супрацоўніцтва з тэматычнымі адмысловымі працэдурамі ААН, гаворыцца ў рэзалюцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ААН сочаць за сытуацыяй у Беларусі і заклікаюць улады краіны да стрыманасьціЗа прыняцьце рэзалюцыі прагаласавалі 22 сябры РПЧ ААН, супраць — 5, 20 — устрымаліся.
Як паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна», 10 лiпеня Анаіс Марэн заклікала міжнародную супольнасьць падоўжыць мандат спэцдакладчыка аб Беларусі і працягваць ажыцьцяўляць кантроль за сытуацыяй з правамі чалавека ў краіне напярэдадні выбараў прэзыдэнта, якія адбудуцца 9 жніўня. Гэты заклік падтрымалі вядучыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у тым ліку «Міжнародная амністыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International: Масавыя затрыманьні падчас мірных сходаў у Беларусі парушылі правы пратэстоўцаў і справакавалі гвалтМандат спэцыяльнага дакладчыка ў пытаньні аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі быў заснаваны РПЧ ААН у сувязі з хваляй масавых арыштаў апазыцыйных палітыкаў і рэпрэсій у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Спэцдакладчык прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў 1 лістапада 2012 году.
Анаіс Марэн выбралі на пасаду спэцдакладчыка у 2018 годзе.
Афіцыйны Менск не прызнае мандату спэцдакладчыка і заклікае РПЧ ААН скасаваць яго, кажучы, што ён носіць характар «несправядлівы і палітызаваны».
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.